Главная » BY, Минская, Политика

Па ўсёй краіне галадаюць 38 маладзёнаў

5 июня 2006 Комментариев нет

Галадоўка беларускай моладзі, якую распачалі 29 траўня чацьвёра сябраў незарэгістраванага «Маладога Фронту» з Салігорску, працягваецца. Да іх далучаюцца новыя і новыя актывісты з усяе Беларусі. Тым часам, вядомыя людзі наведваюць хлапцоў і заклікаюць спыніць галадоўку.

На сёньняшні дзень галадае 38 чалавек ад 13 да 24 год. Зь іх 9 сядзяць у кватэры па вуліцы Казлова ў Салігорску, астатнія, на знак салідарнасьці, – у Менску, Горадні, Жодзіне, Лідзе і ўкраінскім Луцку. Глабальныя патрабаваньні галадоўнікаў – спыніць крымінальныя справы супраць сябраў незарэгістраванага «Маладога Фронту» і перасьлед моладзевых актывістаў. Лакальная мэта – дамагчыся, каб у салігорскім ПТВ-72 аднавілі Максіма Сяменчыка. Хлопца адлічылі пасьля таго, як ён за сядзеньне ў намётавым гарадку патрапіў на 10 сутак на Акрэсьціна. Пасля вяртаньня ў Салігорск кіраўніцтва ПТВ прапанавала яму забраць дакумэнты добраахвотна, а калі той адмовіўся, выключылі загадам.

На бальконе кватэры, дзе сядзяць хлопцы, вісіць расьцяжка «Галадоўка» ды бел-чырвона-белы сьцяг. Гэта ўжо трэцяя па ліку расьцяжка. Дзьве папярэднія з дапамогай пажарнікаў зьняла міліцыя. Жыхары Салігорску ведаюць пра галадоўку, бо балькон гэты выходзіць на плошчу Леніна, у цэнтар горада.

– Калі дурныя, дык хай галадаюць, – кінуў дзядзька гадоў пад 40, які праходзіў пад бальконам.

– Там жа дзетачкі, яны ж калекамі зробяцца!.. – лямантавалі ўбаку бабкі.

Кожную раніцу да галадоўнікаў прыязжаюць дактары, прыходзяць настаўнікі, міліцыянты. Галадоўнікі сустракаліся з мэрам Салігорску, але той сказаў, што «галадаць – гэта прыватная справа кожнага чалавека».

Да хлопцаў прыязжалі сьпявачка Кася Камоцкая, праваабаронца Алесь Бяляцкі, рэжысэр Юры Хашчавацкі, пісьменьнік Уладзімер Арлоў, бард Зьміцер Бартосік… Сёньня іх павінен наведаць Лявон Вольскі.

– Яны ўсе заклікаюць нас спыніць галадоўку, берагчы здароўе, – расказваюць дзеці. – Але ж, калі ўжо тыдзень праседзелі, дык трэба чакаць нейкіх вынікаў…

Дактары таксама выказваюць небясьпеку за здароўе юнакоў.

– У такім узросьце нельга галадаць! – адназначна сказала нам доктарка адной зь менскіх лякарняў. – Бо несфармаванаму маладому арганізму можна нанесьці непапраўную шкоду і пасьля ўсё жыцьцё лячыцца!..

Сёньня ідзе восьмы дзень галадоўкі.

Максім Бабоцкі

Рассказать друзьям

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в Одноклассники
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Яндекс

Извините, комментирование закрыто.

Реклама от RedTram