Главная » BY, Могилев, Происшествия

У Крычаве аднаго за другім пахавалі двух юнакоў, якія загінулі ў арміі

10 сентября 2006 Комментариев нет

Бацькі радавога Аляксандра Шамрына патрабуюць перагляду вынікаў следства па факту гібелі свайго сына. Яны падазраюць, што камандаваньне і вайсковая пракуратура хочуць замяць справу.

Малады Аляксандр Шамрын вырас у звычайнай крычаўскай сям’і. Пасля заканчэння Магілёўскага абласнога ліцэя ў родным горадзе пайшоў на службу ў армію. Трапіў у Барысаў, у так званыя «Печы». Не адслужыў хлопец нават і паўгода…

16 чэрвеня Аляксандр разам з іншымі салдатамі бялілі каробку акамулятарнай на насціле вышынёй два с паловай метры. Калі яго таварышы выйшлі з цэху на перакур, пачуўся грукат. Прыбеглі на шум і ўбачылі Шамрына, які ляжаў на палу без прытомнасці, з рассечанай патыліцай. Прымчалася «хуткая», юнака адвезлі ў шпіталь, адтуль тэрмінова ў рэанімацыю.

Бацькам Сашы аб усім паведамілі толькі ўвечары. Наступнай раніцай яны былі ўжо ў лякарні. Вельмі хвалявалася маці, бацька не знаходзіў сабе месца. Даведацца пра стан сына было амаль немагчыма: медыкі вельмі неахвотна дзяліліся любой інфармацыяй, у пакой да сына іх не пусцілі. І толькі праз тры дні барысаўкія ўрачы вырашылі накіраваць Сашу Шамрына ў Мінск, бо самі дапамогу аказаць не здолелі.

У сталіцы медыцынскі персанал па-іншаму паставіўся да бацькоў: іх пастаянна  інфармавалі пра стан сына. Яшчэ восем дзён чакання: колькі бяссонных начэй трымалі за руку сваё дзіця стомленыя маці і бацька, верылі ў лепшае… Аднак на адзінаццаты дзень каматознага стану Аляксандр памёр, так і не пабачаўшы яснага неба…

Пахавалі яго дома, у Крычаве. Шмат народу праводзілі ў апошні шлях  сына,  сябра, земляка.

Высветліць абставіны гібелі Аляксандра Шамрына даручылі старшаму следчаму Івану Санько. Цягам амаль двух месяцаў вялося следства. За гэты час родным нічога не паведамлялі.

Крыху ачуняўшы ад страты, бацька патэлефанаваў у пракуратуру. На званок адказаў следчы Іван Санько. Па справе сказаць нічога не захацеў і ў даволі безапеляцыйнай форме папрасіў Шамрына-старэйшага не турбаваць следства.

Пазней бацькоў запрасілі ў Барысаўскую камендатуру ў якасці сведкаў-пацярпелых.

На рукі ім выдалі некалькі тамоў. Некалькі гадзін вывучалі яны кожны факт дакладу. І прыйшлі да наступных высноў.

Следства правярала не ўсе версіі трагедыі, у дакументах шмат недакладнасцей. Акрамя таго, у медыцынскай экспертызе нічога не сказана пра факты прысутнасці на твары загіблага слядоў і царапін невядомага паходжання. Бацька Сашы западозрыў: магчыма, ваенная пракуратура наўмысна не хоча высвятляць, што здарылася насамрэч і кагосьці або штосьці пакрывае.

Вельмі верагодная версія, на думку Шамрына-старэйшага, наступная: у сына быў канфлікт з так званым «дзедам», стараслужачым салдатам, што магло стаць матывам для жорсткіх выясненняў адносінаў. А камандаваньне і пракурор не хочуць рабіць са смерці свайго салдата шумную гісторыю, якая можа перарасці ў крымінальную справу. У такой сітуацый прасцей за ўсё спаслацца на парушэнне тэхнікі бяспекі  ды закрыць справу.

Такія развагі прымусілі бацьку Аляксандра Шамрына выказаць недавер аб’ектыўнасці следчага Івана Санько.

На днях Аляксандр Шамрын падаў заяву, у якой просіць адхіліць Барысаўскаю ваенную пракуратуру ад следства і ўзяць справу пад кантроль на рэспубліканскім ўзроўні. Падрыхтавана падобная просьба і да міністра абароны Беларусі.

Як вядома, БРСМ апошні год дэкляруе свой клопат пра набор у беларускае войска. Аднак у гэтай трагедыі сёньняшнія камсамольцы аніяк не дапамаглі бацькам загіблага. Гэтаксама як і ваенкамат з райвыканкамам. Маецца на ўвазе самае элементарнае: дапамога ва ўстанаўленьні помніка. Землякі хлопца лічаць, дарэчы, што ўлады павінны таксама падтрымаць родных Аляксандра Шамрына і ў аплаце адвакацкіх паслугаў мяркуемым судовым разбіральніцтве.

Канешне, судамі і следствамі жыццё чалавека не вярнуць, але землякі, сябры і бацькі лічаць сваім абавязкам выявіць дакладныя абставіны і прычыну смерці юнака, які пайшоў бараніць радзіму.

Інфармацыйнае агенства БЕЛТА тым часам паведамляе, што ўзровень надзвычайных здарэнняў на армейскай службе знізіўся аж на 13 %. Аднак Шамрына-старэйшага гэта не суцешвае. Ён згадвае іншую інфармацыю. Нядаўна яшчэ адзін салдат з Крычава стаў ахвярай жорсткіх адносінаў камандзіра ўзвода: той папросту забіў хлопца да смерці… Між тым армейскія прапагандысты рапартуюць, што ў беларускім войску так званай «дзедаўшчыны» ўжо няма.

Ганна Ніва

Рассказать друзьям

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в Одноклассники
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Яндекс

Извините, комментирование закрыто.

Реклама от RedTram