Главная » BY, Гродненская, Политика

Улады высылаюць групу польскіх ксяндзоў і манашак

11 декабря 2006 Комментариев нет

Гарадзенскі каталіцкі біскуп Аляксандар Кашкевіч выказаў з гэтай нагоды свой пратэст. 11 сьнежня ў гарадзенскім Катэдральным касьцёле пачаліся штодзённыя маленьні.

Маленьні аб тым, каб польскія ксяндзы і манашкі, якіх высылаюць улады, атрымалі магчымасьць застацца працаваць у Беларусі, працягнуцца пяць дзён — да пятніцы. Да гэтага заклікаў Гарадзенскі каталіцкі біскуп Аляксандар Кашкевіч.

У нядзелю 10 сьнежня ў касьцёлах Гродзеншчыны ксяндзы зачыталі пасланьне біскупа, у якім вернікам паведамлена, якія рабіліся намаганьні, каб улады дазволілі застацца працаваць у наступным годзе сямі ксяндзам і шасьці манашкам або «сёстрам законным», як было на польскі лад напісана ў дакумэнце.

Біскуп напісаў: «Яшчэ ў чэрвені я прадставіў уладам сьпіс сьвятароў і манашак, якія застануцца працаваць у нашай дыяцэзіі ў 2007 годзе, і гэтым выказаў усім ім пастырскі давер.  Ня бачу прычыны, зь якой належала б гэты давер адклікаць. Сьвятарам і сёстрам, якім адмовілі ў праве на працу, улады таксама не паведамілі прычыны, якія б супярэчылі заканадаўству нашай краіны».

Аляксандар Кашкевіч падкрэсьліў тым самым, што ён пацьвердзіў свой давер да гэтых сьвятароў і манашак, але стрымаць сваё слова яму не дазваляюць улады, высылаючы іх. Да канца сьнежня палякі павінны будуць пакінуць месцы сваёй працы і зьехаць зь Беларусі. Такім чынам, улады ўмешваюцца ў справы касьцёлу, вынікае з пасланьня.

Разам з біскупамі Антонам Дзям’янкам і Уладыславам Бліном Аляксандар Кашкевіч двойчы ў Менску размаўляў на гэтую тэму з упаўнаважаным па справах рэілігй і нацыянальнасьцяў Леанідам Гулякам. Максімум, што дазволілі ўлады, гэта — запрасіць на працу з-за мяжы іншых сьвятароў.

Незалежныя назіральнікі адзначаюць рашучыя зьмены ў пазыцыі касьцёлу адносна ўладаў на Гарадзеншчыне. Раней касьцельнае кіраўніцтва імкнулася не канфліктаваць з уладамі, абы было ціха. Першым рашучым крокам стала падтрымка біскупам А.Кашкевічам галадоўнікаў у Горадні, якія разам з ксяндзом патрабавалі дазволу ад уладаў на пабудову касьцёла. Улады шостага сьнежня вымушаныя былі задаволіць гэтае патрабаваньне. Ці атрымаецца так і ў канфлікце з высылкай польскіх ксяндзоў і манашак — невядома.

Рассказать друзьям

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в Одноклассники
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Яндекс

Извините, комментирование закрыто.

Реклама от RedTram