Главная » BY, Минск, Общество

У Менску нішчацца дрэвы

22 декабря 2006 Комментариев нет

У дворыку каля дому № 113 па праспэкце Ракасоўскага нядаўна сьпілавалі з тузін здаровых дрэваў. Гэта добра бачна па белым сьпіле пянькоў.

Засьмечаная каналізацыя

Намесьніцца начальніка ЖЭС-41 Валянціна Абдулаева кажа, што гэта было вымушанай мерай. Праца рабілася згодна з прадпісаньнем «Рамаўтадору»:

– Да нас паступіў зварот ад жыхароў трох пад’ездаў гэтага дому. Яны скардзіліся, што забілася ліўневая каналізацыя. Агляд паказаў: гэта здарылася з-за карэньняў дрэваў. Трынаццаць мы вымушаныя былі сьпілаваць.

Чыноўніца сказала пра кампэнсацыйныя пасадкі:

– Магчыма, яны будуць праведзены ня ў поўным аб’ёме, часткова ў іншым месцы. Вясной на красавіцкім суботніку высадзім каля пяці дрэваў.

Але ж банітэт, то бок каштоўнасьць наноў пасаджаных дрэўцаў, непараўнальная з вынішчанымі. Да таго ж, невядома, колькі зь іх не засохне праз год-два.

Аўтастаянкі

У суседнім дворыку, на месцы рашчышчанай ад зеляніны прасторы, паўгады таму пабудавалі аўтастаянку для легкавікоў жыхароў, якая зьела частку дзіцячай пляцоўкі.

Як паведамілі крыніцы ў БелНДІПгорадабудаўніцтва, узровень аўтамабілізацыі Менску сапраўды перавысіў усе некалі заплянаваныя паказчыкі. Пры жыльлёвым будаўніцтве за саветамі закладалася 50 прыватных аўтамабіляў на тысячу жыхароў, цяпер мы маем каля 250, таму, па словах транспартнікаў, зьяўленьне стаяначных пляцовак у дварах – адзінае рэальнае вырашэньне праблемы паркоўкі.

Усё кампэнсуюць прыватнікі?

У «Зелянбудзе» Ленінскага раёну сталіцы паведамілі, што кампэнсацыйныя мерапрыемствы пасьля вырубкі дрэваў у горадзе абавязаны рабіць толькі небюджэтныя арганізацыі (каапэратывы, прыватныя фірмы, якія працуюць зь недзяржаўнымі грашыма). За кожнае зьнішчанае дрэва  мусяць высадзіць дзесяць сажанцаў:

– ЖЭСы, бюджэтныя арганізацыі, якія пракладаюць камунікацыі, выконваюць іншыя будаўнічыя работы, гэтага рабіць не абавязаны (!), – кажа галоўны інжынэр раённага «Зелянбуду»  Анатоль Аўдзевіч.

На практыцы выходзіць так, што страчаныя дрэвы не кампэнсуюцца новымі, бо прыватныя структуры якраз усімі шляхамі пазьбягаюць дакумэнтаванай вырубкі, каб унікнуць вялікіх выдаткаў.

Экалягічная экспэртыза

Эколяг Валеры Дранчук сьцьвярджае, што рашэньне аб сьпілаваньні кожнага дрэва ў Менску павінна прымаць адмысловая камісія пры райвыканкаме ў складзе 5-8 чалавек з абавязковым удзелам эколяга. Такую пастанову, па ягоных словах, прыняла Міністэрства прыроды і аховы асяродку. Штраф за зьнішчанае дрэва складае каля 10 мільёнаў рублёў. Але на практыцы гэта звычайна не працуе.

Чаму, напрыклад, «Рамаўтадор» вызначае, што дрэва трэба сьпілаваць? За дрэвам павінен быць прыярытэт. То бок, каналізацыю трэба перанесьці, каб захаваць дрэва. Камэрцыйны інтарэс перамагае ў супрацьстаяньні зь зялёнай цывілізацыяй.

– Зьнішчэньне дрэваў у Менску відавочна на фізычным узроўні. Так, каля завулку Казлова цудоўны рэкрэацыйны краявід вынішчаецца пад тэнісны корт. Год таму па вуліцы Пуліхава каля будынку вадаканалу па-змоўніцку, ноччу, сьпілавалі дрэвы. Назаўтра пайшоў сьнег. Адкрылася ўсё толькі вясной. І ніхто быццам бы ні пры чым, – кажа спадар Валер.

Замест высновы

На думку мастака Міхала Анемпадыстава, у Беларусі сур’ёзнай праблемай становіцца ня толькі захаваньне помнікаў архітэктуры, але й традыцыйнага беларускага ляндшафту:

– Да майго вакна на другім паверсе летась нарэшце дарасла алыча. Калі яна цьвіла і узыходзіла сонца, за вакном была сапраўдная Японія… Дрэва сьпілавалі. У «Зелянбудзе», куды я зьвярнуўся, патлумачылі: усё, што расьце ў мэтры ад дому, па санітарных нормах мусіць быць сьпілавана. Калі пілуюць дрэвы абгрунтавана, я гэта магу зразумець. Але вельмі шмат зеляніны зьнішчаюць службы электрычных ды іншых вонкавы сетак, прычым робяць гэта з запасам, каб не было на будучыню праблемаў з ападам. Яны забясьпечваюць сабе спакойнае жыцьцё, закрываюць нарады, зарабляюць на гэтым добрыя грошы, а сумным сымбалем Беларусі становяцца сьсечаныя дрэвы.

Арцём Лява

Рассказать друзьям

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в Одноклассники
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Яндекс

Извините, комментирование закрыто.

Реклама от RedTram