Главная » BY, Культура, Минск, Темы

Сакрэтная канцэпцыя звычайнага музэя

30 октября 2008 Комментариев нет

Над ёй працуюць ажно шэсьць груп навукоўцаў. «Пэрлінай» Нацыянальнага гістарычнага – экспазыцыя пра эпоху першага прэзыдэнта. Грамадзкасьць пра тое ня ў курсе.

Напачатку 2008 году на калегіі Міністэрства культуры кіраўнік ведамства Ўладзімер Матвяйчук абвясьціў, што Аляксандар Лукашэнка даў даручэньне пераўтварыць Нацыянальны музэй гісторыі і культуры ў Нацыянальны гістарычны музэй. Тады ж міністар папярэдзіў музэйшчыкаў: давядзецца зьмяніць ня толькі шыльду, а й канцэпцыю. Над новай канцэпцыяй, як удакладніў дзяржчыноўнік, непасрэдна ў музэі і ў Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук будуць працаваць ажно шэсьць сумесных груп.

– Адзіны матэрыял мусіць быць падрыхтаваны да першага лістапада і агучаны на калегіі Міністэрства культуры, – запатрабаваў Уладзімер Матвяйчук.

Чым менш дзён застаецца да калегіі, тым цяжэй што-небудзь выведаць ў распрацоўшчыкаў канцэпцыі. Нават заўжды кантактны для журналістаў дырэктар Нацыянальнага музэя гісторыі і культуры Сяргей Вечар абмяжоўваецца агульнымі пастулятамі. Маўляў, у большасьці сувэрэнных краінаў існуюць менавіта нацыянальныя гістарычныя музэі ці музэі гісторыі.

– А дзе ў Беларусі наглядная магчымасьць даведацца, да прыкладу, пра летапіс краіны ў апошнія 15 гадоў? – запытвае Сяргей Вечар і сам жа адказвае: такі асобны экспазыцыйны праект несумнеўна будзе цікавы як жыхарам Беларусі, так і гасьцям краіны.

Ці назапашваюць у музэі матэрыялы пра асабістую дзейнасьць і жыцьцё Аляксандра Лукашэнкі?

– Дачакайцеся навасельля ў будынку па вуліцы Фрунзе, 19, – кажа Сяргей Вечар. – Мы зможам выставіць амаль 15 адсоткаў сваіх фондаў, у тым ліку і найноўшага пэрыяду. Пакуль жа дэманструем толькі 3 адсотка ад усёй калекцыі ў 350 тысяч адзінак.

Беларускі гісторык Алег Трусаў лічыць памылковым трымаць у сакрэце канцэпцыю разьвіцьця музэя:

– Трэба надрукаваць матэрыялы, разьмясьціць іх у Інтэрнэце, атрымаць водгукі і прапановы. Гэта папярэдзіць магчымыя пралікі. А ў выніку засьцеражэ ад дадатковых матэрыяльных затратаў. Ёсьць жа папярэдні досьвед Нацыянальнага мастацкага музэя. Менавіта грамадзкае абмеркаваньне канцэпцыі адбылося праз газэту «Культура». Тады ж былі выкрасьленыя недальнабачныя праекты.

Алег Трусаў амаль упэўнены, што новая экспазыцыя «не абыдзецца без Лукашэнкі», затое праігнаруе дакумэнты пра зьбіцьцё яго баевікамі дэпутатаў Вярхоўнага Савету ХII скліканьня, альбо зьдзек над бел-чырвона-белым сьцягам.
Нагадаем – у свой час музэй, які месьціцца ў Менску на вуліцы Карла Маркса (яго яшчэ называюць «будынак з гарматамі»), раней існаваў як краязнаўчы. Толькі ў 1990-х гадох ён зьмяніў назву –  на «гісторыі і культуры».

У будучым годзе да музэя далучаць будынкі былога вайсковага шпіталю на вуліцы Фрунзэ, 19. Паводле кіраўніка праекту рэстаўрацыі Глеба Наседкіна, цяпер тут ствараецца прасторнае фондасховішча, рэстаўрацыйная майстэрня, лекцыйная і канфэрэнц-залі. Плянуецца, што навасельле музэя адбудзецца ў 2009 годзе – ужо менш як праз 300 дзён ад сёньня.

Рассказать друзьям

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в Одноклассники
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Яндекс

Извините, комментирование закрыто.

Реклама от RedTram