Главная » BY, Витебская, Общество

У Віцебску вызначылі самага ветлівага міліцыянта

31 октября 2008 Комментариев нет

Прэтэндэнтаў на гэтае званьне было ўсяго 50. Іх даслалі ў абласны цэнтр з розных рэгіёнаў вобласьці.

Пяць дзясяткаў міліцыянтаў, прызнаных у сваіх падразьдзяленьнях  лепшымі знаўцамі этыкі паводзінаў  з пацярпелымі ды парушальнікамі, зьехаліся ў Віцебск для ўдзелу ў конкурсе «Самы ветлівы міліцыянт» . Такія конкурсы праводзяцца ў кожнай вобласьці з 2006 году – пасьля выданьня славутага ўказу пра ўважлівае стаўленьне да зваротаў грамадзянаў з боку ахоўнікаў правапарадку.

Тыя, каго мы  прывыклі бачыць з гумавымі палкамі ды кайданкамі, прышпіленымі да папругі, хто не бянтэжыцца пакрыць трохпавярховым матам п’янтоса, бамжа ці апазыцыянэра, спаборнічалі 30 кастрычніка ў прафэсыйным этыкеце. Кожнаму ўдзельніку конкурсу трэба было ў мастацкай форме распавесьці пра сябе і сваю службу, прадэманстраваць веданьне апошніх пастаноў і загадаў, а таксама паказаць псыхалягічную гнуткасьць, вытрымку й цярплівасьць у пэўнай канфліктнай сытуацыі, разыгранай для ўдзельніка ягонымі калегамі.

Камусьці выпала пераканаўча і элегантна адмовіцца ад хабару, прапанаванаму за скасаваньне пратаколу затрыманьня, хтосьці мусіў уладжваць сямейны скандал з удзелам адразу трох пакаленьняў насельнікаў умоўнай кватэры, нехта мусіў высяляць «нелягала», які незаконна перайшоў дзяржаўную мяжу,  не зьняважыўшы нацыянальны гонар «замежніка» і не справакаваўшы «міждзяржаўны канфлікт»…

Конкурс канфліктных сытуацый заўжды выклікае найбольшую цікаўнасьць у гледачоў, балельшчыкаў, а таксама ўдзельнікаў «сцэнак» – пераапранутых у цывільных «герояў» міліцыянтаў. На жаль, паглядзець, якімі вынаходлівымі, спагадлівымі і добразычлівымі могуць быць супрацоўнікі міліцыі, змагло толькі міліцэйскае начальства, запрошанае ў склад журы. А шараговыя грамадзяне Віцебску ў сваіх камэнтарах малявалі зусім не такія ўзорныя вобразы міліцыянтаў.

– Чамусь міліцыянты заўжды дужа агрэсіўныя, – кажа хлопец студэнцкага ўзросту. – Калі яны ідуць па вуліцы, хочацца перабрацца на другі бок і не трапляцца на вочы, бо позіркі ў іх нядобрыя, і зачапіць могуць, каб проста пазьдзеквацца.

– Для пачатку я параіў бы  забараніць супрацоўнікам міліцыі лаяцца матам, – дадае спадар год пад 50, – бо яны ўжываюць гэткую лексіку настолькі часта, што хочацца заткнуць вушы.

– Колькі разоў бачыла, як п’яныя хуліганы чапляюцца да пасажыраў у транспарце, – распавядае дзяўчына. – Але скардзіцца звычайна няма каму: нават калі міліцыянт будзе стаяць побач, ён хутчэй за ўсё не паверне галаву ў той бок. Значыць, калі ён не на працы, то й абавязкі ахоўваць правапарадак зь яго аўтаматычна здымаюцца?

– Я чытала ў газэце, што двое віцебскіх міліцыянтаў да паўсьмерці зьбілі чалавека, які ўступіўся за п’янага мужчыну, – кажа пажылая спадарыня. – Ішоў з працы, бачыць: тыя некуды валакуць падпітага чалавека, ды яшчэ лупцуюць. Хацеў абараніць, а яго самога ледзь не на той сьвет адправілі. Калі такія гісторыі чытаеш, дык думаеш: тут ня конкурсы праводзіць трэба, а проста не дазваляць працаваць у міліцыі людзям з нэгатыўнымі схільнасьцямі.

Сапраўды ветлівых міліцыянтаў, як высьветлілася, жыхары Віцебску амаль не сустракалі. А некаторыя, даведаўшыся пра тое, што ў конкурсе на самага ветлівага міліцыянта перамог супрацоўнік ДАІ, яшчэ й нявесела жартавалі: маўляў, гэтая катэгорыя міліцыянтаў з таго й жыве, што ўмее дамаўляцца зь людзьмі «па-харошаму».

Рассказать друзьям

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в Одноклассники
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Яндекс

Извините, комментирование закрыто.

Реклама от RedTram