Главная » BY, Гродненская, Общество

«Гарнізонны касьцёл» заменяць «салдацкай царквой»?

1 декабря 2008 Комментариев нет

У Горадні аб’яўлена пра ідэю пабудаваць гарнізонны праваслаўны храм. Аднак ці ёсьць у гэтым неабходнасьць? Большасьць сумняваецца.

Калі і на якія грошы яго пабудуюць, сёньня ніхто дакладна ня скажа. Дый ці ёсьць рэальная патрэба? Вайсковых частак у горадзе стала значна меней у параўнаньні з савецкай эпохі, хаця іх па-ранейшаму не бракуе. Аднак наколькі вялікае месца займае сёньня «рэлігійная падрыхтоўка» ў беларускай арміі, ці напраўду яна вымагае абавязковай пабудовы «салдацкай царквы»?

Да вайны пры паляках у горадзе існаваў гэтак званы «гарнізонны касьцёл», вядомы ў гісторыі як Фара Вітаўта. Савецкая ўлада яго ўзарвала ў 1961 годзе. Ці ня будзе сёньня дыспрапорцыі, калі для салдат праваслаўнага паходжаньня пабудуюць царкву, а для выхадцаў з каталіцкіх сем’яў – не? А іх у вайсковых частках можа быць прыблізна аднолькавая колькасьць. Мне скажуць: паміж уладай і царквой некалькі гадоў дзейнічае пагадненьне, а вось з Ватыканам яго не падпісалі, хаця было сёлета абвешчана аб намеры, і ці падпішуць – невядома.

Зрэшты, касьцёлаў у горадзе хапае, і яны вялікія па памерах, салдатам месца таксама хапіла б, скажуць мне. Але ці знойдзецца камандзір, каторы наважыцца іх туды завесьці? Адказ вядомы – хутчэй за ўсё не. Што да царквы, то цяперашні гарадзкі сабор якраз і зьяўляецца «салдацкім»: яго пабудавалі сто гадоў таму ў гонар вайскоўцаў гарадзенскага гарнізону, якія загінулі на японскай вайне. У саборы пра падзею нагадваюць памятныя дошкі з прозьвішчамі.  Пра гэта ўсім вядома. Няўжо ня знойдзецца раз на тыдзень час, калі ў сабор могуць прывесьці ахвотных салдат? Напэўна ж, знойдзецца. А гнацца за масавасьцю, заводзіць туды ўсіх пагалоўна – ці варта?

Прысутнасьць бацюшак на вайсковых мерапрыемствах стала нормай, ксяндзоў жа там амаль не сустрэнеш. Чаму? Гэта залежыць ад камандзіра – калі іх запрашаюць, яны таксама прыходзяць. Але ў такім чаканьні запрашэньняў ксяндзы нагадваюць не сьвятароў для беларускіх каталікоў, а толькі пастыраў для польскай меншасьці.

Вось жа бацюшкі прыходзяць у армію да ўсіх праваслаўных, незалежна ад нацыянальнасьці, а што ксяндзам перашкаджае? Нядаўна гарадзенцы –вэтэраны флёту наладзілі парад. Да іх прыйшоў бацюшка, як ён прызнаўся, без аніякага запрашэньня, і толькі зьдзіўляўся, што ксяндза не было. Дык вось гэты сьвятар з уласнай ініцыятывы ўручыў былым маракам абраз сьвятога Міколы, які ў царскія часы быў заступнікам флёту.

У цэлым увага царкоўнікаў да вайскоўцаў, іхнія дачыненьні набылі адпаведныя карэктныя рамкі. Днямі біскуп Гарадзенскі і Ваўкавыскі Арцёмі ўручыў гарадзенскім памежнікам харугву з архаанёлам Міхаілам, іхнім заступнікам. І адбывалася гэта, між іншым, менавіта ў вайсковым яшчэ з царскіх часоў Сьвятапакроўскім саборы.

Самі памежнікі ўручылі эпархіі праваслаўныя абразы, якія кантрабандысты хацелі пераправіць цераз мяжу праз КПП «Брузгі». Але ці сапраўды сёньня паўстала рэальная патрэба вадзіць салдат узводамі і ротамі ў храм, як у клюб на кінасэанс?

Можа ўсё-ткі ў нас у краіне царква па-ранейшаму існуе асобна ад дзяржавы, і любы салдат можа свабодна, пры жаданьні, наведаць у звальненьні царкву ці касьцёл? Што, дарэчы, часам сапраўды можна ўбачыць у выхадныя дні ў Горадні, праўда ня часта.

Рассказать друзьям

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в Одноклассники
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Яндекс

Извините, комментирование закрыто.

Реклама от RedTram