Главная » BY, Гродненская, Общество, Темы

У Беларусі з’явіўся яшчэ адзін манастыр

4 декабря 2008 Комментариев нет

Ёе месціцца ў вёсцы Багушы, што на Смаргоншчыне.

У апошні час вяртанне такіх немірскіх устаноў да жыцця і Бога часцей за ўсё адбываецца на тых намоленых месцах, дзе яны існавалі спакон вякоў. Гэты ж, Свята-Уведзенскі Стаўрапігіяльны, зусім новы. І ўзнікае ён перад вачыма нечакана і дзівіць сваёй прыгажосцю і архітэктурнай непаўторнасцю. Ён, як нейкая фрэска ці малюнак, карціна, намаляваная таленавітай рукой мастака. І сёння ўжо можна гаварыць, што манастыр існуе, што гэта жывы арганізм дзякуючы няўрымслівасці і энергіі ігуменні Елізаветы.

Аднак пачыналася ўсё не так проста. Матушка ж сцвярджае і не перастае паўтараць, што ўзнікненне новага боскага месца адбылося невыпадкова. І гэта нават не чалавечае жаданне, а міласць Божая. У апраўданне сваёй аргументацыі яна расказвае, што ў гады Першай сусветнай вайны якраз у гэтым месцы праходзіла лінія фронту і нават сёння яшчэ ўвесь лес вакол “ўзараны” бомбавымі варонкамі. Тады тут шмат загінула праваслаўных людзей, нават у поўным складзе жаночы батальён палёг. Таму гэтаму кавалачку зямлі патрэбны малітвы сясцёр.

Але ёсць і чалавечы аспект, пры тым непасрэдна самой матушкі.

– Мне вельмі хацелася жыць  у вёсцы, – гаворыць. – Не ведаю чаму, але бываюць такія моманты ў жыцці, калі нешта прымушае перагледзець пражытае. Так здарылася і са мной. Адзін са знаёмых святароў і параіў прыехаць сюды і паглядзець гэты закінуты хутар. Мне тут спадабалася адразу. Тады, улетку, тут  разносіўся пах траваў і была цішыня.  І без аглядкі вырашыла: застануся. Першы час, паколькі домік быў без страхі, прыйшлося здымаць жытло ў вёсцы Багушы, што побач.

Цяпер тут замест паўразбуранай хутарской хаткі манастырскі комплекс. І матушка Елізавета прызнаецца, што калі б яна тады ведала, колькі ёй прыйдзецца перажыць, якія задачы вырашаць пры будаўніцтве, то ніколі бы не адважылася на такое мерапрыемства. І перш за ўсё, не было ні капейкі грошай. Яна сядзела пад яблыняй і ліла слёзы. Былі дні, калі не хапала нават за што купіць кавалак хлеба. І сёння, калі ў манастыр прыязджаюць будаўнікі, яны самі не вераць убачанаму – як можна было жанчыне асіліць такое будаўніцтва. Яна ж не перастае паўтараць, што гэта Бог творыць цуды.

За гэты час матушка асвоіла шмат прфесій, была не толькі ігуменняй, але і прарабам, забеспячэнцам, дызайнерам, архітэктарам, звычайным рабочым, начальнікам будоўлі. Праўда, цяпер яна ведае што такое страпілы, лагі і шмат чаго іншага, таму будаўнікоў разумее ў поўным сэнсе гэтага слова. І калі заўважыў, што ўсё гэта нельга было ажыццявіць без фінансавай дапамогі, яна адказала, што гэта не яна шукала спонсараў, гэта Бог іх адшукаў і аб’яднаў вакол прыстанку.

Гэта жаночы манастыр і сёння тут жывуць сем манахінь, якія прысвяцілі сваё жыццё служэнню Богу. У іх розныя лёсы і кожны прыйшоў сюды сваёй непаўторнай, асабістай дарогай. Адна жанчына трапіла сюды нават з далёкага Магадана. А маладая зусім дзяўчына Марыя, якая ў абіцелі адказвае за ацяпленне манастыра, расказала:

– Пасля заканчэння багаслоўскага факультэта універсітэта паўстала пытанне  далейшага ўладкавання. Нас таксама размяркоўваюць, таму прапанавалі паехаць сюды. Прыехала, пазнаёмілася і засталася. У мірскім жыцці людзі прысвячаюць сябе працы, а мы – Богу. Мы ў пастаянных клопатах з 4 гадзін раніцы і не заўважаеш, як пралятаюць дні. Мне часу не хапае на ўсё. Кожны чалавек шукае сваё месца, прысвячае сябе ці сям’і, ці дзецям. Я ж пераканалася, што гэта маё, што іншага мне не трэба. Хоць шмат каму можа паказацца іначай.

Тут ужо пачалі з’яўляцца першыя паломнікі і для іх заканчваецца добраўпарадкаванне гасцінічнага доміка, які пахне свежымі фарбамі і жывым дрэвам. У перспектыве будаўніцтва яшчэ аднаго – манастыр паступова становіцца вядомым. Сюды прыязджаюць паломнікі з Мінску, Маладзечна, Прыбалтыкі, Германіі, Польшчы. І канешне з Вільнюса, да яго рукой падаць.

Манастыр прыгожа глядзіцца здалёк і здаецца нейкім аазісам. Ёсць дзіўны храм, часовенька,  швейныя майстэрні, у якіх у хуткім часе будзе наладжана вытворчасць, каб нейкім чынам зарабляць грошы на яго ўтрыманне і жыццё насельніц. Калі матушка Елізавета прыкідвала, якім жа ён будзе, то хацела, каб архітэктурна нейкімі дэталямі пераклікаўся з такімі пабудовамі Ноўгарада, Пскова, але ў той жа час быў зусім на іх не падобны. Так, па сутнасці, і атрымалася. І ў той жа час тут праглядваюцца і беларускія матывы. Ёй вельмі хацелася, каб, у рэшце рэшт, гэта быў дом для сясцёр, а ўсе яны адчувалі сябе сям’ёй.

Будаўніцтва манастыра яшчэ не закончана. І не толькі ў плане пабудовы гаспадарчых домікаў, але і ў плане прыняцця новых сясцёр. Як сказала матушка Елізавета, калі будзе ўсё завершана, тут, у гэтым прыстанку, знойдуць спакой каля 20 жанчын, якія вырашылі прысвяціць сябе Госпаду.

У перспектыве, калі манастыр поўнасцю будзе заселены, манашкі плануюць грунтоўна заняцца вырошчваннем лекавых траваў. А разам з імі выдатна ўжываюцца, як вядома, пчолы. Таму куплены ўжо першыя пяць вулляў для будучай пасекі. І ва ўсіх пачынаннях ім дапамагаюць людзі. Хто чым можа: хто словам, хто рублём, яны ўсяму рады, таму што ў любым выпадку гэта патрабаванне сэрца.

Цяпер, калі матушка Елізавета бывае па справах у сталіцы, яна па хвілінах адлічвае час, каб вярнуцца сюды. Гэта яе дом, іншага ў яе няма. Матушка адчыняе веснічкі, і ўся мітусня знікае. Наступае цішыня, спакой і тады можна падумаць пра Бога і пра тое, што кожны кавалачак гэтай манастырскай зямліцы паліты яе слязьмі. Тут яна выплакалася на ўсё астатняе жыццё. Засталіся слёзы толькі для радасці.

matushka Elizaveta.jpgmanastyr.jpg

Рассказать друзьям

Share to Google Plus
Share to Odnoklassniki
Share to LiveJournal
Share to MyWorld
Share to Yandex

Другие статьи

Извините, комментирование закрыто.