Главная » BY, Витебская, Общество, Темы

Кветкі завянуць, а добрая справа застанецца

16 февраля 2009 Комментариев нет

svadba-vitebskУсе госьці маладых пар, якія бралі шлюб 14 лютага ў Віцебскім ЗАГСе, прыходзілі на вясельле з цацкамі замест букетаў. І ўсе яны сталі падарункамі для дзіцячага дому. Гэтую пактыку мяркуецца пашыраць.

Незвычайную акцыю пад лёзунгам “Калі ты шчасьлівы – падзяліся шчасьцем зь іншымі” ініцыявалі валянтэры абласной арганізацыі таварыства Чырвонага Крыжа. Яны прыйшлі да адміністрацыі гарадзкога ЗАГСу з прапановай абвясьціць збор цацак для дзіцячага дому, дзе выхоўваюцца дзеткі з асаблівасьціямі псыхічнага разьвіцьця.

Распавядае старшыня абласнога аб’яднання Чырвонага Крыжа Галіна Жаланава:

– І 14 лютага, у Дзень сьвятога Валянціна, 18 пар цягам дня ўзялі шлюб, і цацак для дзетак надарылі столькі, што яны нават не зьмясьціліся ў агромністы лазовы кошык, адмыслова замоўлены ў майстроў Цэнтру народных рамёстваў “Задзьвіньне”! Прычым цацкі прыносілі ня толькі на вясельлі: адзін малады бацька, які прыйшоў рэгістраваць нованароджанае дзіця, таксама прыйшоў з падарункамі. А ўвогуле мы б хацелі, каб такія дабрачынныя акцыі праходзілі ня толькі ў Дзень закаханых, а прынамсі чатыры разы на год – на Восьмае сакавіка, у Дзень маці, на Раство або Новы Год.

“Кветкі ўсё адно завянуць, а добрая справа застанецца”, – прыкладна так казалі ўсе госьці, якія прыйшлі віншаваць сваіх маладых не з традыцыйнымі букетамі, а зь мяккімі цацкамі самых неверагодных колераў і памераў. Зрэшты, кветкі таксама былі – не пакідаць жа нявесту бяз гэтае радасьці! І мініяцюрнай Ірыне Хадкевіч давялося трымаць элегантны букецік белых ружаў і агромністага белага мядзьведзя…

– Па раскладзе мы былі апошняй парай, якая 14-га будзе рэгістраваць шлюб, – кажа 22-гадовая студэнтка І.Хадкевіч. – І калі менавіта нам прапанавалі адвезьці цацкі ў дзіцячы дом і там падарыць іх дзеткам, мы з Вадзімам пагадзіліся нават не вагаючыся! Нам хацелася, каб наша вясельле было адзначана чымсьці незвычайным, і яшчэ вельмі хацелася падзяліцца нашым каханьнем з тымі, каму яго бракуе.

Выхаванцы дзіцячага дому, мабыць, упершыню ў жыцьці бачылі сапраўдных жаніха і нявесту. Асабліва пашанцавала пяцігадоваму Мікіту – яму давялося запрасіць на танец дарослую прыгажуню ў белай вясельнай сукенцы. Таньчылі зь дзеткамі і госьці, якія прывезьлі цацкі. А потым усю дарогу назад згадвалі гэтыя трапяткія дотыкі і нясьмелыя позіркі тых, хто па волі лёсу з самага маленства аказаўся пазбаўлены сямейнай цеплыні – дарма што пераважная колькасьць запрошаных на вясельле ў самай блізкай будучыні стануць пэдагогамі, бо Ірына і Вадзім Хадкевічы сёлета сканчваюць Віцебскі дзяржаўны ўніверсытэт.

Наступным разам падарункі ад маладых у дзень іхнага вясельля будуць прымаць у іншай дзіцячай установе. Першая дабрачынная акцыя можа запачаткаваць добрую традыцыю – нічога падобнага, акрамя Віцебску, пакуль яшчэ нідзе не праводзілася.

Рассказать друзьям

Share to Google Plus
Share to Odnoklassniki
Share to LiveJournal
Share to MyWorld
Share to Yandex

Другие статьи

Извините, комментирование закрыто.