Главная » BY, Гомельская, Экономика

Выпіць столькі віна наш народ не ў стане!

17 февраля 2009 Комментариев нет

Дырэктар Рагачоўскага завода напояў Міхаіл Міронаў пра тое, чаму лічыць неабходным скараціць вытворчасць на сваім заводзе і ва ўсёй краіне пладова-ягадных він.

У яго ёсьць свае меркаванні і наконт таго, як з дапамогай падвышэння коштаў разгрузіць склады гатовай прадукцыі, і паскардзіўся на тое, як далучэнне да яго завода калгаса давяло іх прадпрыемства да банкруцтва.

– Ад дырэктара аднаго з заводаў, які так, як і ваш вырабляе пладова-ягадныя віны, чуў, што адпускныя кошты на іх прадукцыю вельмі малыя і прадпрыемства нясе з-за гэтага вялікія страты. У вас такая ж сітуацыя?

– Гэта не толькі ў нас, па ўсёй краіне сітуацыя аднолькавая. Ва ўсіх вытворцаў у рэспубліцы. Кошты рэгулюемыя, і самі мы іх падвысіць не можам. Але калі б нам раптам сказалі: “Давайце, падвышайце!”, дык таксама не можам. Чаму? Проста таму, што склаўся дыспарытэт коштаў паміж гарэлкай і віном. Пакупніку выгадней набываць гарэлку, чым віно. Трэба кошты на гарэлку падвышаць. Гарэлка таксама вельмі танная. Вось такія склаліся абставіны, і яны цягнуцца некалькі гадоў запар.

Калі яшчэ падчас пазалеташняй нарыхтоўчай кампаніі кошты падвышалі да такога ўзроўню, каб прадпрыемствы не неслі страты, то ўжо летась іх не падвысілі. І, па сутнасці, месяцаў 7 кошты ў нас стаялі на адной кропцы. Ёсць індэкс павелічэння коштаў: 0,5 – 0,6 працэнта. Дык што гэта? У мінулым месяцы мы падвысілі адпускны кошт на 14 беларускіх рублёў — так ці ж гэта падвышэнне?! У той час, калі кошт самых танных цыгарэт падвысіўся на 200 рублёў, а дарагіх — на тысячу!

– Даўно вядома, што ў нашай краіне, як і ў шмат якіх іншых, вытворчасць алкаголю з’яўляецца бюджэтаўтваральнай галіной. А вы кажаце, што працуеце са стратамі. Як жа тады дзяржаўны бюджэт?

– А на бюджэце гэта не адбіваецца! Памятаеце з гісторыі прыклад Францыі часоў сярэднявечча — калі пры бедных гарадах была багатая дзяржава? Таму, што забіралі ўсё і не глядзелі – развіваюцца гарады ці не. Забіралі ўсё да апошняга, пакуль не стала чаго забіраць і дзяржава не пачала развальвацца. Так і ў нас.

– Вашыя калегі з Баранавіцкага камбіната харчовых прадуктаў паскардзіліся, што нават пры даволі нізкіх адпускных коштах існуюць праблемы з рэалізацыяй прадукцыі. Сёння на іх складзе стаіць незапатрабаваным пладова-ягаднае віно на 2 мільярды рублёў. А як з рэалізацыяй у вас?

– У нас гэтаксама запасы вялікія.

– Навошта ж падвышаць кошты, калі і па такіх прадаць сваё віно не можаце?

– А сёння так: падвышай, не падвышай – сітуацыя з рэалізацыяй не палепшыцца. А ўсё таму, што сёння прамысловасць вырабляе такі аб’ём прадукцыі, які насельніцтва проста не ў стане выпіць. Праўда, калі б падвысілі кошты на гарэлку, то яна б прадавалася б горш, а пайшло б віно. Але ўсё адно, выпіць столькі народ не ў стане!

– Сёння шмат гаворыцца пра праграму імпартазамяшчэння. Калі з крамаў знікне таннае замежнае віно, гэта вырашыць вашыя праблемы з рэалізацыяй вашай прадукцыі?

– Я не ведаю, які аб’ём імпарту да нас паступае. На жаль, гэта нам невядома. Але мяркую, што вялікі аб’ём паступае. Можа, і дапаможа.

– Усё ж такі вы, нягледзячы на тое, што з’яўляецеся дырэктарам завода, які вырабляе пладовае віно, выступаеце за скарачэнне вытворчасці гэтага прадукту?

– Безумоўна! За год чалавек можа спажыць максімум 8 літраў абсалютнага алкаголю. А ў нас, паводле афіцыйных дадзеных, вырабляюць дзе 12, дзе 15, а дзе і 18 літраў на чалавека. Вядома, што ўжо пасля 8 літраў пачынаецца працэс дэбілізацыі грамадства. У нас ён даўно пачаўся. Паглядзіце, што робіцца ў вёсках: народ спіўся, працаваць няма каму. Ёсць асобныя гаспадаркі, дзе падтрымліваецца парадак, але такіх няшмат.

Народ спіўся, бо даступныя па коштах і гарэлка, і віно. Нават у савецкія часы віно каштавала 1,05 ці 1,17 рубля — то на гэтыя грошы можна было 10 буханак хлеба набыць. Калі зараз браць мой адпускны кошт, то буханка хлеба каштуе даражэй за бутэльку віна. Тады нацэнка была 30 працэнтаў. Цяпер я аддаю за 1654 рублі, а ў крамах яна — 3 тысячы з нечым. Нацэнка – 200 працэнтаў. Трэба, каб мой адпускны кошт быў 3200, адсотак падаткаў зрабіць меншым, а адлічэнні былі б тыя ж самыя. І бюджэт нічога не згубіў бы. А прадпрыемства набыла б: яно выпускала б меншы аб’ём, нам было б лягчэй. Бо мы ж у апошнія гады працавалі і ў выходныя, і ў святы, каб выканаць прагнозныя паказчыкі. А нам іх даводзяць з года ў год. У нас выкарыстанне магутнасцяў на вінзаводах, прынамсі, па Гомельскай вобласці, але мяркую, што так і па ўсіх абласцях, 100 і больш адсоткаў.

Ні адна галіна так не эксплуатуецца, як вінаробная. Ну, магчыма, яшчэ лікёра-гарэлачная. Але я ў гэтым не ўпэўнены. Такі парадокс: віно таннае, прымушаюць яго гнаць велічэзнымі колькасцямі (паспрабуй не выканаць гэтыя паказчыкі!), а ў выніку — народ співаецца. Я сам бачыў, як школьнікі скідваліся на траіх і казалі: “Навошта нам марожанае – возьмем бутэльку віна”!

– А заробкі хоць у людзей за такія перапрацоўкі і ў святы, і ў выходныя нармальныя?

– Калі працуюць у выходны дзень, альбо звыш за неабходнае, то мы плацім у падвойным памеры. Нават калі б я гэтага не хацеў, то дзяржкантроль заўважыць гэта і прымусіць, і пакарае. У той жа час у калгасах людзі працуюць ад світання да світання — і ніхто за гэтым не сочыць. Бо там проста няма людзей, няма каму працаваць. А тыя, хто ёсць, працуюць і ў выходныя за капейкі. Я гэты ведаю таму, што да майго завода калгас далучылі.

– Атрымліваецца яшчэ і яго трымаць на плыву?

– Тры гады ён у нас. Два гады мы за яго змагліся, а на трэці нічым не змаглі дапамагчы і самі патанулі. Мы ўжо, па сутнасці, банкруты. Крэдыты нам банкі даваць не хочуць, бо мы амаль нічога нікому не сплочваем. Нас ужо судамі закідалі. З нас крэдыторы праз суды вымагаюць грошы. Мы адцягнулі свае абарачальныя сродкі на запазычанасці калгасу. Адбылося пераразмеркаванне фінансавых сродкаў аднаго калектыву на пагашэнні вынікаў дрэннай працы іншага. Зараз ідзе праца па ад’яднанні — але каб нам потым фінансавае здароўе вярнуць, спатрэбіцца гады два. А да гэтага калгаса мы мелі найлепшыя эканамічныя паказчыкі па вобласці.

Еўрарадыё

Рассказать друзьям

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в Одноклассники
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Яндекс

Извините, комментирование закрыто.

Реклама от RedTram