Главная » BY, Минская, Темы, Экономика

Чыноўнікі абараняюць савецкую развалюху

20 февраля 2009 Комментариев нет

З-за прынцыпу «ні сабе, ні людзям» мядзельскі гарпасёлак Крывічы ня мае ні сталоўкі, ні буфэта, ні кавярні. Хоць усё можна было аднавіць. Аднак марудзяць. Хочуць нажыцца?

Тутэйшая крама «Дзіцячы сьвет» спыніла сваё існаваньне яшчэ ў 1985 годзе. Ад таго часу ў Крывічах пустуе будынак на скрыжаваньні вуліц імя 17 Верасьня і Карла Маркса. І ўжо каторы год запар мясцовы прадпрымальнік Руслан Станкевіч абабівае парогі чыноўніцкіх кабінэтаў, прапаноўвае свае паслугі, просіць перадаць будынак, што гібее, у арэнду, абяцае пазьней выкупіць яго, зрабіць упрыгожваньнем месца. Аднак упіраецца ўлада, нават у Менску знаходзяцца заступнікі развалюхі савецкага часу.

Пра матывы ўпартасьці – ніжэй. Узгадаем перадусім, чаму трэба дапамагчы Крывічам. Былому мястэчку неўзабаве сьвяткаваць 520-ю юбілейную гадавіну ад заснаваньня.

Крывічы, паводле энцыкляпэдычных зьвестак, зьяўляліся першай шляхецкай уласнасьцю знакамітых Кішкаў. З гэтага роду паходзіць Ян Кішка і Януш Кішка – гістарычныя дзеячы Вялікага княства Літоўскага.

А хто ня чуў пра Крывічы, як месцазнаходжаньня велічнага касьцёлу і кляштару ў стылі позьняга барока!

Нядаўна нястомны беларускі дасьледчык Адам Мальдзіс адшукаў спадчыну Аляксандра Ходзькі (1804-1891). Ён нарадзіўся ў Крывічах, добра ведаў беларускую мову і фальклёр. А галоўнай справай жыцьця стала азнаямленьне Эўропы – ад Расеі да Ангельшчыны – з паэзіяй Пэрсіі. Каб перакладаць яе, патрабавалася цудоўна ведаць мову, звычаі. Усё гэта ён спасьціг за дзесяць гадоў дыпляматычнай службы ў Тэгеране.

–Але – як? Дзе бываў? З кім сустракаўся? Хто яго натхняў? Адказы на гэтыя пытаньні, мяркую, утрымліваюць архівы Ірана і, мажліва, часткова азэрбайджанскія архівы, – кажа Адам Мальдзіс.

Гісторык перакананы, што Крывічы да свайго юбілею годна ўшануюць памяць пра земляка.

Але зноў вернемся на тутэйшую вуліцу Карла Маркса. 50 гадоў зараз будынку, у якім дагніваюць вокны, дзьверы, дах і апорныя калёны. Некалі тут быў унівэрсам, пасьля – «Дзіцячы сьвет». Фармальным уласьнікам развалюхі зьяўляецца Крывіцкі ўчастак Мядзельскага райпа.

Са словаў старшыні пасялковага савету Натальлі Бялоўскай, мядзельскія гандляры – дрэнныя гаспадары. Яны не клапоцяцца, каб аднавіць будынак, а задумалі яго зьнесьці.

– Раней райспажыўсаюз адчыніў новую кавярню ў Будславе, цяпер ухапіўся за такі ж праект у аграгарадку Княгініна, а калі паклапоцяцца пра Крывічы, я сказаць не магу, – тлумачыць Натальля Бялоўская.

Няма пэўнасьці і ў намесьніка старшыні Мядзельскага райвыканкаму Леаніда Берніковіча:

– Працэдура перадачы будынка новаму гаспадару вельмі нудная. Усё-ткі вырашаць гэта мусіць Менскі аблспажыўсаюз. Раён не можа прымусіць Мядзель. Рэшткавы кошт былой крамы «Дзіцячы сьвет» – 54 мільёны рублёў.

Як высьвятляецца, у Крывічах на сёньня таксама пустуе яшчэ адзін будынак Мядзельскага райспажыўсаюзу. Некалі тут быў рэстаран, сталоўка, піўны бар, кавярня.

– Сэрца баліць ад такой безгаспадарчасьці, – прызнаецца пакрыўджаны прадпрымальнік Руслан Станкевіч. – Чыноўнікі ўчынілі за разваліны спрэчкі, а людзям няма дзе згуляць вясельле, сабрацца са сваякамі ў шчасьці ці ў горы.

Рассказать друзьям

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в Одноклассники
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Яндекс

Извините, комментирование закрыто.

Реклама от RedTram