Главная » BY, Культура, Минск

Еўрапейскі гуманітарны універсітэт прапануе навучанне ў Вільні

1 марта 2009 Комментариев нет

ЕГУ, які месціцца цяпер у літоўскай сталіцы, рыхтуецца да новага навучальнага году і запрашае на бакалаўрскую праграму “Гісторыя Беларусі і культурная антрапалогія”.

Бакалаўрская праграма “Гісторыя Беларусі і культурная антрапалогія” Еўрапейскага Гуманітарнага універсітэту (Вільня) распрацавана з улікам патрабаванняў, якія прад’яўляюцца да выпускнікоў гістарычных факультэтаў універсітэтаў Еўропы. Яна дае грунтоўныя веды па гісторыі Беларусі і Еўропы, а таксама ў галіне сацыяльнай, культурнай і гістарычнай антрапалогіі і іншых гуманітарных дысцыплін.

У праграме заняты вядомыя беларускія гісторыкі, якія паспяхова спалучаюць выкладанне і навуковую дзейнасць. Гэта стварае рэдкую магчымасць вывучаць гісторыю ў даследчыкаў, якія яе пішуць. Адпаведна, разам з традыцыйнымі курсамі (напр., “Гісторыя Беларусі ад старажытнасці да канца 18 ст. ” або “Палітычная гісторыя Еўропы”) студэнты вывучаюць прадметы, якія адсутнічаюць у вучэбных праграмах большасці універсітэтаў Беларусі. У прыватнасці, гэта “Гісторыя штодзённасці”, “Гісторыя Цэнтральна-Усходняй Еўропы”, “Гендэрная гісторыя Беларусі”, “Метадалогія і метады гістарычнага даследавання”, “Культурная і сацыяльная антрапалогія”, “Уводзіны ў біблістыку” ды інш.

Археалагічная, этнаграфічная і архіўная практыкі дазваляюць непасрэдна дакрануцца да старажытнай гісторыі і адчуць яе ўнікальнасць. Для многіх яны становяцца своеасаблівым “адкрыццём” Беларусі і Літвы.

Студэнтам прадстаўлена магчымасць жыць і вывучаць гісторыю ў горадзе, вуліцы якога памятаюць вялікага князя Гедыміна і першадрукара Францішка Скарыну, паэта Адама Міцкевіча і паўстанца Кастуся Каліноўскага, аўтараў тэкстаў “Нашай Нівы” і навучэнцаў знакамітай віленскай беларускай гімназіі.

У Вільні жывуць традыцыі поліэтнічнага Вялікага княства Літоўскага, дзе пераважаў дух нацыянальнай і рэлігійнай талерантнасці. Вільня – горад, у якім актыўна развівалася і развіваецца беларуская культура. Студэнты маюць магчымасць сустракацца з вядомымі беларускімі гісторыкамі, пісьменнікамі і паэтамі, журналістамі і палітыкамі.

Ва універсітэце працуе навуковы гістарычны гурток імя Міколы Улашчыка, удзел у якім можа стаць добрай школай будучага даследчыка Цэнтральна-Усходняй Еўропы. Адзін з прыярытэтаў гуртка – вывучэнне “беларускай Вільні”, у тым ліку пошук магілы Каліноўскага, выяўленне рэдкіх гістарычных дакументаў, экспедыцыі па вуснай гісторыі (oral history).

Праграма “Гісторыя Беларусі і культурная антрапалогія” – гэта
• дыплом “бакалаўр гісторыі” еўрапейскага ўзору;
• грунтоўныя веды па беларускай, еўрапейскай і сусветнай гісторыі, культурнай антрапалогіі, этналогіі, археалогіі;
• базавая гуманітарная адукацыя, якая дазволіць знайсці сваё месца на рынку працы або працягнуць навучанне ў магістратуры і аспірантуры;
• магчымасць вывучаць гісторыю не толькі па падручніках, але таксама па ўнікальных дакументах гістарычных архіваў і бібліятэк Літвы;
• удзел у навуковых экспедыцыях па этнаграфіі, археалогіі і гісторыі ў Літве і Беларусі;
• валоданне двума замежнымі мовамі і сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі;
• сустрэчы і кантакты з вядомымі беларускімі гісторыкамі, пісьменнікамі і паэтамі, журналістамі і палітыкамі.

Выпускнікі праграмы змогуць працаваць навуковымі супрацоўнікамі музеяў, экскурсаводамі, выкладчыкамі гістарычных дысцыплін, выступаць у якасці экспертаў па праблемах гістарычнай спадчыны, праводзіць самастойныя даследаванні ў вобласці гістарычнай навукі або працягнуць навучанне ў магістратуры.

Праграма прапануецца як у дзённым, так і ў завочным фармаце.

Европейский гуманитарный университет

Рассказать друзьям

Share to Google Plus
Share to Odnoklassniki
Share to LiveJournal
Share to MyWorld
Share to Yandex

Другие статьи

Извините, комментирование закрыто.

Реклама от RedTram