Главная » BY, Брестская, Темы, Экономика

На кобрынскія «Дажынкі» дзяржава выдаткавала 330 мільярдаў рублёў

5 марта 2009 Комментариев нет

Перакапаныя вуліцы, збітая з фасадаў тынкоўка, пляскатыя дахі мяняюць на шатровыя з металадахоўкай. Сюды, на восеньскае свята, выдаткавалі 330 мільярдаў рублёў.

Маладыя кобрынцы ў размове выказваюць радасць: папрыгажэе, павесялее горад. Старэйшыя больш стрыманыя: небагатыя, ўстрывожаныя крызісам людзі скептычна ставяцца да вялікіх затратаў.

Некаторыя яўна баяцца тэмы. Адкрыта гаварыць дазваляюць сабе далёка не ўсе. Сярод свабодных у размове – былы кандыдат у дэпутаты «палаткі», а на сёння беспрацоўны Алесь Мех:

– Вось Лядовы палац і аквапарк хацелі спачатку будаваць побач, і нават пачалі, а потым выйшла, што пад аквапарк пляцоўка не падыйшла. Дык сотні мільёнаў змарнавалі, бо гэта ж перапраектаванне, перанос аквапарка.

Ва Ўправе капітальнага будаўніцтва Кобрынскага райвыканкама прызналі, што з аквапаркам выйшла накладка:

– Там, дзе спачатку хацелі яго будаваць, раней быў тартак, на пяць метраў углыбкі апілак ды глею. Як сваі заб’еш? Занадта вялікі аб’ём работ – гэта ўсё вывозіць і завозіць, зашмат грошай і замала часу.

Імя свайго прадстаўнік уладаў не называў, не паведаміў таксама, колькі каштавала перапраектаванне, чаму не заплацілі аванс рабочым. Не распавёў і пра гісторыю з дамамі, якія ў восеньскія залевы стаялі без даху.

Гэтак, дзевяціпавярховік па Дзяржынскага, 75 два тыдні прастаяў без даху пад дажджом. Аднаго ж жыхароў ледзь не забіла токам – палез адключаць праводку. На дзевятым паверсе і сёння правады тырчаць жмутамі, званкі ў дзвярах адключаныя. На калідоры паліць Уладзімір. Мужчына быў на заробках у Расіі, цяпер рамантуе сапсаваную кватэру:

– Да першага паверха заліло. Далі крыху грошай на шпалеры. На два месяцы яшчэ рамонту. Налічылі мільён 600 тысяч кампенсацыі. Трэба было метэаролагаў паслухаць. І не раскрываць увесь дах адразу.

У адной са школ у класах стаяць тазікі: цурком цячэ дах. Стары настаўнік кажа: вылучылі шмат грошай, спяшаюцца засвоіць, вось і выходзіць блін за бліном.

Прадстаўнік управы капітальнага будаўніцтва Кобрынскага райвыканкаму распавёў: да «Дажынак» павінны быць гатовыя 120 кіламетраў новага асфальту, 199 дамоў з новымі фасадамі і дахамі. Трэба засвоіць 330 мільярдаў рублёў, з іх ужо засвоеныя 120. У сувязі з крызісам ёсць і праблемы.

– Падаражэла ўсё на 20 працэнтаў. Мне ж трэба выдаць зарплату, купіць матэрыялы, а кошты новыя, вышэйшыя.

Зрэшты, рабочыя на будоўлях кажуць, што ім адзін адказны чыноўнік патлумачыў: грошы будуць, бо Кобрын – палітычна значная будоўля.

Еўрарадыё

Рассказать друзьям

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в Одноклассники
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Яндекс

Извините, комментирование закрыто.

Реклама от RedTram