КДБ аднавіў крымінальную справу супраць віцебскага праваабаронцы
Леаніда Сьвеціка, аднаго з удзельнікаў устаноўчага сходу “Нашай Вясны”, вінавацяць у дзейнасьці ад імя прафашыстоўскай арганізацыі “Русское национальное единство”.
Распачатая 20-га траўня мінулага году крымінальная справа паводле артыкулу 130.1 “Распальваньне міжнацыянальнай і міжканфэсійнай варожасьці” была прыпыненая амаль на паўгады. Такім чынам, з канца траўня да сярэдзіны верасьня сьледчыя так і не змаглі давесьці вінаватасьці праваабаронцы.
– На працягу 2006-2007 гадоў віцебскія актывісты атрымалі некалькі лістоў з пагрозамі, падпісаныя “Витебкий филиал РНЕ”, – распавёў Л.Сьвецік. – Гэта былі выключна абразьлівая лісты, і тыя, хто іх атрымаў, зьвярталіся ў міліцыю, каб аўтараў допісаў знайшлі ды пакаралі. Я кансультаваў тых, хто пісаў заявы ў міліцыю, а потым дапамагаў ім складаць скаргі ў пракуратуру, бо зь міліцыі прыходзілі толькі адпіскі са словамі, што нікога знайсьці немагчыма, бо арганізацыя “РНЕ” ў Беларусі не зарэгістраваная. Мяне заўжды абурала, што дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі перасьледуецца ды караецца толькі тады, калі гэта апазыцыйная структура – як, да прыкладу, “Малады Фронт”. А нэафашысты застаюцца непакаранымі, хаця псуюць людзям жыцьцё.
Крымінальная справа па фактах пагрозаў з боку РНЕ была распачатая Віцебскім КДБ толькі 20 траўня мінулага году. Прычым сьледчыя дзеяньні пачаліся з таго, што ў Леаніда Сьвеціка правялі ператрус, канфіскавалі аргтэхніку і падчас допыту паведамілі, што ён – падазраваны ў справе “лістоў ад “РНЕ”.
Свае віны праваабаронца катэгарычна не прызнае. Сумнёваў у ягонай невінаватасьці не выказалі і віцебскія актывісты, якія атрымлівалі лісты з пагрозамі і якіх таксама дапыталі ў КДБ. Да прыкладу, Барыс Хамайда, які двойчы атрымліваў допісы ад РНЕ, лічыць, што аўтараў трэба шукаць “у высокіх кабтнэтах, а не спаміж праваабаронцаў”.
У верасьні мінулага году справа супраць Леаніда Сьвеціка была прыпыненая, але самога праваабаронцу супрацоўнікі КДБ зрабілі “невыязным” – унесьлі ў сьпіс асобаў, якім забаронена выяжджаць за межы Рэспублікі Беларусь.
14 сакавіка Леанід Сьвецік атрымаў афіцыйнае паведамленьне з КДБ, што ягоную справу аднаўляюць. З чым гэта зьвязана, праваабаронцу пакуль невядома: позваў на допыты ён пакуль не атрымліваў. На ягоную думку, прычынай можа быць, у прыватнасьці, узмацненьне ціску на праваабаронцаў, якое адчуваецца на Беларусі апошнім часам, прыкладам чаго стала і адмова ў рэгістрацыі праваабарончай арганізацыі “Наша Вясна”.









