Главная » BY, Гродненская, Общество

У Гудагай вернікі едуць за здароўем у спадзеве на цуд

22 марта 2009 Комментариев нет

У знакамітым астравецкім мятэчку сёлета зьявіцца каплічка сястры Юзэфы. Хворыя спадзяюцца, што яна вылеча іх нават цяпер, калі ўжо адышла ў валадарства Божае.

Людзі, якія наведваюць месца яе пахаваньня, кажуць пра цудадзейную сілу дапамогі свайму здароўю.

Сёлета 11 і 12 ліпеня – напярэдадні сьвята Маці Божай Шкаплернай – тысячы паломнікаў зь Беларусі, Літвы, Польшчы і іншых краінаў зноў зьбяруцца ў Гудагаі. Мястэчка знакамітае сваім драўляным касьцёлам, дзе захоўваецца славуты ласкамі абраз маці Божай гудагайскай.

Аднак, пра гісторыю сьвятыні і цудадзейны абраз аповед пойдзе ніжэй. Навіна ж гэтага дня ў тым, што ўпершыню сёлета вернікі пабачаць ствараемую зараз каплічку ў гонар сястры Юзэфы. Ажурны дамок узвысіцца над яе магілай ля сьцяны храма.

Юзэфа Ждановіч родам з-пад Ашмянаў. Нарадзілася ў 1930 годзе. Манаства прыняла ў раньняй маладосьці. Месцам жыцьця і служэньня Богу стала мястэчка Гудагай. Жыла ў невялічкай хатцы ля касьцёлу. У пакоры ўсё сваё жыцьцё аддала малітве і працы ў парафіі. Гатавала ежу для айцоў і братоў, прала, даглядала агарод, але перадусім малілася – верна і вельмі шмат. За незвычайную дабрыню людзі называлі яе Юзэфка. Яна прымала кожнага з усьмешкай і любоўю. А гарнуліся, як гаворыцца, ад малога да старога, бо ў Юзэфкі выявіліся здольнасьці лекара. Дакранецца да галавы чалавека рукой – у таго боль сьціхае. Прамовіць малітву – лягчэй гояцца раны. Абнясе крыжам – спраўджваюцца просьбы пакорлівых да Бога.

Адышла Юзэфа да Пана ва ўзросьце 77 гадоў. Пахавалі 19 сьнежня 2007 году. Аднак і з валадарства Божага выяўляецца заступніцтва верніцы. Вытаптаная сьцяжынка да магілкі Юзэфы. Множацца чуткі пра аздароўленых целам і духам наведнікаў. Таму і выпрасілі людзі ўзьвесьці каплічку, кажуць: «Памолімся за сястру Юзэфу і будзем спадзявацца, што ў валадарстве Бога, якога ў сваёй пакоры і глыбокім даверы праслаўляла на зямлі, будзе заступацца таксама за нас».

Гудагай – старое і маланаселенае цяпер мястэчка, што месьціцца ў Астравецкім раёне Гарадзеншчыны на шашы Ашмяны-Астравец. Гудагай таксама станцыя беларускай чыгункі на лініі Калінінград-Вільня-Менск-Масква.

На ўскрайку мятэчка стаіць невялікі драўляны Дабравешчанскі касьцёл. Ён быў збудаваны ў сярэдзіне ХYIII стагодзьдзя. Паданьні таго часу сьведчаць, што яшчэ раней на гэтым месцы быў гай, а ў ім будан, у якім захоўваўся цудадзейны абраз Божай Маці. Верагодна, што ад слоў «буда ў гаі» і паходзіць цяперашняя назва Гудагай.

Так ці інакш, але ў 1763 годзе на месцы паломніцтва людзей да абраза Божай Маці было завершана будаўніцтва драўлянага касьцёлу. 8 верасьня 1764 году, у сьвята нараджэньня найсьвяцейшай панны Марыі яе абраз урачыста перанесьлі ў касьцёл і зьмясьцілі ў галоўным алтары.

У 1832 годзе расейскі цар Мікалай І загадаў прадаць гудагайскі касьцёл на знос. Злыя языкі даносілі, што сьвятыня ёсьць апірышчам тагачасных паўстанцаў, а ксёндз Урбан Кляпацкі патурае іх памкненьням да волі.

Аднак праз заступніцтва апякункі касьцёл зноў паўстаў. Ксёндз Данат Сямашка ў 1856 годзе асьвяціў новыя сьцены. А 2 жніўня 1907 году, у сьвята маці Божай анёльскай сьвяты абраз, што таемна захоўваўся вернікамі, быў урачыста вернуты на яго ранейшае месца.

Абраз мае форму прамавугольніка, набліжанага да квадрата; яго памеры: вышыня 31,2 сантымэтра і даўжыня 27,7 сантымэтра. Таўшчыня дошкі, якая зроблена з алівы, тры сантымэтры. На срэбным тле абраза цёмны авальны твар Марыі, ахінуты блакітнай хустаю. Твар Марыі засяроджаны, сумны, зь вялікімі аліўкавымі вачыма, зьвернутымі на поўны задуменьня тварык Езуса, які туліцца да яе.

Вакол галавы Божай Маці – пазалочаны ўзор прамяністага арэолу. На галаве Мадонны – карона з 81 рубінам. Каралеўскую карону дзіцяткі ўвенчвае яблык, крыжык і 35 каштоўных рубінаў. Каля абраза ўсталяваная вітрына са знакамі (вотамі), якія ахвяраваныя вернікамі за атрыманыя ласкі.

Ад даўніны да сёньня ў Гудагаі зьбіраюцца і захоўваюцца пісьмовыя зьвесткі пра ласкі абраза Маці Божай. Дзясяткі фактаў фізычнага і духоўнага аздараўленьня. Кніга просьбаў і падзяк дапаўняецца ўсё новымі і новымі запісамі людзей, якія ў Гудагаі атрымалі чаканае суцяшэньне і ласкі.

Рассказать друзьям

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в Одноклассники
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Яндекс

Извините, комментирование закрыто.

Реклама от RedTram