Главная » BY, Брестская, Экономика

Пад Пружанамі знайшліся афрыканскія фермеры Антунет і Тэран Маціс Уолес

23 марта 2009 Комментариев нет

Яны гадуюць авечак, робяць афрыканерскія пончыкі і гербату з афрыканскіх зёлак, вучаць сваіх дзяцей ангельскай і мове афрыкаанс.

Гэта адзіная фермерская гаспадарка, якая гадуе авечак. Да спадарства Ўолес выбраўся карэспандэнт Еўрарадыё. У аддзеле сельскай гаспадаркі Пружанскага гарвыканкама, паведамілі, што фермер будуе ў Пружанах кавярню “Афрыка” з нацыянальнымі стравамі.

Загадчык аддзела Пружанскага выканкама цешыцца: – Запросім іх на фестываль нацыянальных культураў. Бо гэта ж цікава: новая афрыканская культура.

Да Купліно, былога ваеннага гарадка, ад Пружанаў кіламетраў шэсць. Цяпер тут месцяцца склад і некалькі гаспадарак, у тым ліку гаспадарка Ўолесаў. У Тэрана і Антунет трое дзяцей. Сам Тэран з сям’і бураў, выхадцаў з Еўропы. У яго францускія карані, у яе – італьянскія.

Фермер Уолес сустрэў на парозе доўгай нізкай казармы, якая знутры выглядала нашмат лепш чым звонку. Антунет узялася накрываць афрыканерскі стол, Тэран атрымаў ад карэспандэнта Еўрарадыё абяцаны падарунак – інфармацыю пра кажушніка з Моталя, і мы селі пагаманіць.

ЕРБ: – Я ведаю, што ў ваколіцы калгасы на авечках прагарэлі. Колькі ў вас авечак цяпер, і як удаецца выжыць на рынку?

Тэран Уолес: – Паставіў на зіму 130 галоваў. Прадаю збольшага ў Мінск, там бяруць гуртом на мяса ў рэстарацыі. Можна сказаць яшчэ, што дзякуючы горкаму досведу калгасаў мы цяпер ведаем, якія лекі авечкам даваць. Так што і калгасы могуць вяртацца ў справу. Спрабую яшчэ завесці кароў. Маем 2 дойных, усяго 11. Парасят купілі для ўласных патрэбаў.

ЕРБ: – А кажухі рабіць і збываць у Расію не спрабавалі?

Тэран Уолес: – Выходзіць так, што кошт тамтэйшых сібірскіх роўны з нашымі, а перавозка дае мінус.

ЕРБ: – Тэран, чаму вы прыехалі ў Беларусь?

Тэран Уолес: – Мы даўно хацелі ў свет выехаць, як пабраліся шлюбам. Бог адкрыў дарогу. Паглядзелі: адкрылася вялікая Расія. Для нас тады гэта ўсё была Расія, Савецкі Саюз. Выбралі Беларусь. Спачатку працавалі ў Кобрыні, потым тут.

Уолесы зрэдку ездзяць на радзіму, ён у Намібію, яна крыху далей у Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку. Змены на радзіме не да лепшага: пасля адмены апартэіда ў белых фермераў часта рэквізуюць зямлю ды інвентарый.

Прысутны за бяседай паэт-пчаляр, філосаф Мікола Папека цытуе Канта: – Найпершы набытак – гэта набытак зямлі. Беларусам цяжка ацаніць такую страту.

ЕРБ: – Я чуў, вы дапамагаеце тутэйшым людзям, соткі ўвесну саджаеце, восенню выкопваеце?

Тэран Уолес: – Бывае. Я не хацеў адзін час. Але ж чалавек прыходзіць, просіць: калі ласка. Нельга адмаўляць. Мы таксама сок людзям ціснем, ёсць машынка.

ЕРБ: – Вось фермер з “Зубра”, я фільм пра вашу і ягоную гаспадаркі бачыў расійскі, атрымлівае пастаянна датацыі.

Тэран Уолес: – Адзін толькі раз, напачатку, паўтоны азотнага ўгнаення нам далі. А фільм той некарэктны. Наздымалі і потым зляпілі абы што, канфрантацыю.

Журналісты Уолесам надакучылі. Цыклічныя налёты, кажа Антунет. Якраз прыехала тэлебрыгада з СТВ. Тэран паддаўся лёсу і пайшоў да іх у двор. Потым дома рэпарцёрка СТВ хацела схіліць Антунет, каб тая назвала сваё кафэ «Бярозка»:

Карэспандэнтка СТВ: – Дык кафэ “Бярозка” называцца будзе?

Антунет: – Не. “Афрыка”.

Калега: – А ж вы любіце бярозкі нашыя? Там можа элементы якія ад іх будуць?

Антунет: – Мы мелі праблему. У райвыканкаме баяліся, што мы, калі будзем ставіць нашу “Афрыку”, спілуем там бярозы. Але мы ўсе іх пакінулі.

У будучым кафэ будуць падавацца афрыканерскія пончыкі – іх фаршуюць дробна парэзанай ялавічынай. Спадабаўся карэспандэнту торт і гербата з афрыканскіх зёлак.

Антунет псіхолаг, сама вучыць сваіх дзяцей. Родная мова афрыкаанс, аднак вучаць і англійскую. На радзіме ва ўніверсітэтах рабочыя абедзьве мовы.

Сам гаспадар кажа, што моцна стаміўся: – Аднойчы стаю я са знаёмым міліцыянерам. І ён мне кажа: а ведаеш, Тэран, цяжкая твая праца. Я табе не зайздрошчу. Дык я потым толькі ацаніў, наколькі гэта правільна.

Еўрарадыё для Беларусі

Рассказать друзьям

Share to Google Plus
Share to Odnoklassniki
Share to LiveJournal
Share to MyWorld
Share to Yandex

Другие статьи

Извините, комментирование закрыто.