Халодная вайна супраць “талерак” працягнецца?
Дэпутаты Горадні абмяркоўвалі канфліктную сытуацыю у Кастрычніцкім раёне, дзе ЖЭСы распачалі актыўную барацьбу супраць спадарожнікавых антэнаў.
Уладальнікі іх апынуліся перад пагрозай суду і штрафаў. Некаторыя дэпутаты таксама маюць спадарожнікавыя антэны і лічаць нецывілізаванай палітыку забаронаў і абмежаваньня людзей ў выбары інфармацыі. У рэшце рэшт пакуль перамагла пазыцыя “мягкага змаганьня”, гарсаветам прынятая праграма далейшага разьвіцьця ў горадзе кабэльнага тэлебачаньня.
Старшыня гарвыканкаму Барыс Казялкоў нават заявіў абласной газэце, што “праблема талерак адпадзе сама сабой”, калі людзі атрымаюць магчымасьць на законных падставах, а не пірацкім чынам, глядзець “любімыя тэлеканалы”. У гараджанаў зьявілася надзея, што ЖЭСы, якія існуюць на сродкі жыхароў, зьменшаць свой імпэт у вайне супраць тых, ад каго напрасткі залежаць фінансава. Але тым жа часам мэр ясна даў зразумець: “любімымі тэлеканаламі” ў гарадзенцаў павінны быць толькі тыя, якія ім “прапануюц”ь зьверху. Ясна, у савецкія часы ў гледачоў было толькі два ці тры каналы, бо іншых не існавала. Цяпер іх тысячы, яны рознамоўныя, упершыню беларусы атрымалі рэальны разнастайны выбар. Гэтага выбару іх і хочуць, мяркуючы па ўсім, хай з часам, але пазбавіць.
Наконт “пірацкасьці”, незаконнасьці карыстаньня спадарожнікавым тэлебачаньнем – тут пытаньне таксама неадназначнае. Вазьміце любую рэклямную газэту і ўбачыце абвесткі аб продажы і ўсталяваньні талерак. Такія паслугі можна атрымаць у лідзкай краме, у прыватным унітарным прадпрыемстве, у індывідуальнага прадпрымальніка. Дзейнасьць гэтая не падпольная, кожны мае дзяржаўную ліцэнзію, ім дадзены афіцыйны дазвол займацца спадарожнікавымі антэнамі, за яго атрыманьне яны заплацілі, яны да таго ж плоцяць падаткі. Што тады незаконна?
У рэальнасьці атрымліваецца: грамадзяне заплацілі грошы за “талеркі”, карыстаюцца канстытуцыйным правам на атрыманьне інфармацыі, фірмы, якія ім прадалі спадарожнікавыя антэны, заплацілі падаткі, а зараз улада, якая існуе на гэтыя падаткі, не вырабляючы сама ніякай прадукцыі хоча ўсё забараніць.









