Главная » BY, Минск, Происшествия

Адам Глобус: «Праўда можа нанесьці раны. І тады яна – лішняя»

2 апреля 2009 Комментариев нет

Учорашні дзень гумару, хітрыкаў і жартаў не абышоўся і без розыгрышаў, якія ў любы іншы дзень смела можна было назваць хлуснёй ці падманам. А чым ёсць бяскрыўдны падман?

Ён не павінен крыўдзіць і ўсё на тым? Ці галоўнае, каб шкоды не было навакольным?

На пачатку музычнай кар’еры Сяргей Скрыпнічэнка, сённяшні лідэр гурту «Жыгімонт Ваза», працаваў у адмысловай музычнай фірме, якая ладзіла час ад часу выступленні і тым зарабляла на жыцьцё. Каб атрымаць запрашэнне выступіць, тады яшчэ прыходзілася хітраваць, каб пусьціць «пыл у вочы»:

– Мы бралі недзе напракат аўтамабілі дарагія, касцюмы, аксесуары… І прыязджалі на перамовы да людзей, якія валодалі канцэртнымі заламі, выглядаючы не проста артыстамі-музыкамі, а хутчэй бізнесмэнамі. На той момант гэта было модна і вельмі важна – выглядаць прэзентабельна. Стваралі шмат пра сябе легендаў, на перамовах распавядалі нейкія неверагодныя гісторыі са свайго нібыта прафэсійнага, канцэртнага досведу. І нас слухалі, верылі, ішлі насустрач. А мы іх у сваю чаргу не падводзілі. А калі б мы прыйшлі проста як звычайныя музыкі, на нас бы наўрад звярнулі ўвагу, сказалі б: «Не чапляе».

На думку экс-кандыдата на прэзыдэнты Аляксандра Казуліна, хітрыкі і хлусьня дазваляльныя хіба што, каб падтрымаць у дзецях веру ў казку. Прыкладам, у Дзеда Мароза:

– Дачкі да гадоў 12-15 шчыра верылі, што Дзед Мароз – існуе. Для таго, каб падтрымліваць у іх гэтую веру ў цуд, трэба было пастаянна праяўляць нейкія цуды вынаходніцтва. Мы падвешвалі падарункі на ёлку, каб яны іх не дасталі. Калі адчынялася вакно, а потым ужо з’яўляліся падарункі пад елкай. І яны ніяк не маглі зразумець, як гэта яны зноў не даглядзелі: што адбылося паміж адкрыцьцём форткі і з’яўленьнем пад елкай падарункаў.

Сяргей Марцэлеў, рэдактар сайта Аляксандра Казуліна, лічыць, што недаказаць праўду часам – ня толькі бяскрыўдна, але й неабходна. Калісці, патрапіўшы ў адну кампанію з дзяўчынай свайго сябры, патрапіў у неспадзяваную гісторыю:

– Выйшаў у калідор папаліць да ліфта і сустрэў там тую дзяўчыну зусім з іншым хлопцам. Яны настолькі самааддана цалаваліся, што не заўважалі нікога навакол. Ну, я сышоў.
Калі нараніцу ў мяне мой сябра запытаўся, як мы адсвяткавалі, як Лена, я адказаў: «Усё было добра і весела. Лена – нармальна». Праз два месяцы яны пажаніліся. Сёння ў іх ужо двое дзетак.

Аляксандар Атрошчанкаў, прэс-сакратар руху «Еўрапейская Беларусь», няпраўду прыгадвае толькі са школьных часоў:

– Распавядаў нейкія гісторыі, якія падаваліся мне на той момант вельмі арыгінальнымі. Напрыклад, што сшытак з хатнім заданьнем з’еў шчанюк, ці парваў маленькі брацік. Пазней стала зразумелым, што гэткія арыгінальныя гісторыі распавядала 90 працэнтаў маіх аднагодкаў і хлусня гэтая не мела сэнсу. Але найбольш інтэлігентныя і чуллівыя настаўнікі прынамсі рабілі выгляд, што паверылі – з кім не бывае.

Мастак, літаратар Адам Глобус лічыць: ёсьць праўда, якая можа нанесьці раны. Гэткая праўда – лішняя:

– Вось, прыкладам, смяротны хворы. На мой погляд, ну, ня трэба яму казаць, што ён мае такі дыягназ. Мы ўсе – смяротна хворыя. Мы ўсе нарадзіліся і рана ці позна сканаем, праўда ж? Але пераймацца гэтым – сабе ж горш рабіць. Але тут – мэдыцына. А ў мастацтве – праца з ідэалам. А ідэал – гэта ж таксама няпраўда. Хаця мне як мастаку хацелася б, каб былі ідэальныя колеры, ідэальныя прапорцыі… Я працую з ідэалам.

Рассказать друзьям

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в Одноклассники
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Яндекс

Извините, комментирование закрыто.

Реклама от RedTram