Злодзеі ад музыкі прысабечылі пад 20 тысяч даляраў
Баранавіцкая музвучэльня збірае слухачоў на канцэрты пад адміністратыўным ціскам, каб зарабіць на такім вось прымусовым мастацтве і разьлічыцца за выкрытае там фінансавае махлярства.
У музычных школах горада распаўсюдзілі распараджэнне, паводле якога кожны выкладчык абавязаны набыць па шэсць тысяч рублёў квіток на канцэрт супрацоўнікаў мясцовай музвучэльні.
Канцэрт мае адбыцца ў гарадскім доме культуры.
Між тым днямі камітэт дзяржкантролю выявіў, што супрацоўнікі Баранавіцкага музычнага вучылішча ў выніку фінансавых махінацыяў прысвоілі 43 мільёны рублёў.
Скрадзеныя грошы давядзецца вярнуць.
Многія гараджане лічаць, што з дапамогай прымусовага распаўсюду квіткоў на свае канцэрты работнікі музвучэльні хочуць цяпер назбіраць тыя мільёны, каб разлічыцца з дзяржавай.
Адна бяда: колькі ў Баранавічах тых выкладчыкаў з музычным ухілам?
Выйсце хіба ў тым, каб юных Моцартаў сілком зацягнуць у Дом культуры…









