Главная » BY, Актуально, Минская

Цэнзура ў інтэрнэце – як амбал-тэлепат ля ўваходу ў царкву

3 апреля 2009 Комментариев нет

Беларусы нечакана для сябе адкрылі, што ў спіс дзяржаўных мер па барацьбе з крызісам можа быць уключана… «чыстка» байнэту.

Вядома ж, Злу трэба процістаяць. Але як? Мне падаецца, наступнымі сродкамі і метадамі: ціха, але настойліва пашыраць абсягі Дабра, развіваючы тыя кволыя яго пачаткі, якія ўжо існуюць у віртуальнай інфармацыйнай прасторы. E-mail, пост на форуме, блог, сайт…

Але. Ва ўсім гэтым ёсць маленькае, ды, на жаль, істотна-вырашальнае «але».

А менавіта: пачынаць трэба з сябе. І з кола асабістых стасункаў. А мы ж так прывыклі ратаваць вакольны свет…

Прапанову ўвесці рэгуляванне інтэрнет-зместу на заканадаўчым узроўні зрабіў мітрапаліт Філарэт. Адбылося гэта на сустрэчы кіраўніка дзяржавы з членамі Сінода Беларускай праваслаўнай царквы, дзе А.Лукашэнка ахарактарызаваў цяперашні крызіс бадай не як уласна эканамічны ці фінансавы, а як «маральны і псіхалагічны крызіс усяго свету». У адказ мітрапаліт вылучыў ідэю на ўзор кітайскага досведу ўстанавіць у Сеціве «маральныя» фільтры дзеля зберажэння душ, найперш дзіцячых.

У выніку актыўнага абмеркавання ідэя не знайшла актыўнай падтрымкі ні «ў народзе», ні ў праваслаўных колах саюзнай дзяржавы. Бо тое, што практыка такога кшталту існуе ў Кітаі, хоць і аргумент, але не пераканаўчы. І відавочна гэта не толькі для адмыслоўцаў, але і для шэраговага беларуса, які ведае, дзе ў ягонай ваколіцы царква, і ў які бок адчыняюцца ў ёй дзверы…

Узяць да прыкладу звычайнае нядзельнае набажэнства. Чым заняты людзі і іх думкі ў той час, калі святы айцец з прыслужнікамі чытае псалмы і малітвы? Нехта проста атрымлівае асалоду ад пранікнёных галасоў харыстаў, а нехта зацята сочыць за зместам, каб паспець дарэчна перажагнацца …

Хтосьці ў чорным скрозь слёзы задаецца пытаннем: «За што, Госпадзі? «, а хтосьці свядома ставіць свечку на імя жывога перад іконай «За ўпакой»…

Адзін думае: «Як жа мне, Божачка, стаць вартым імені хрысціяніна?», а другі ўважае, што Паліна Нікіцічна «непадабаюшча» апранулася і што няблага было б за перапынак паспець набыць хлеба ў суседняй краме…

Зразумела, не ўсе з іх робяць і думаюць так, як гэтага вымагае знаходжанне ў храме. Дык няўжо амбал-тэлепат ля ўваходу – якраз тое самае выратавальнае выйсце?..

Забарона – не ёсць інструмент сілы. Гэта паказчык слабасці.

«Сядзь (не чапай, еш, кладзіся спаць і г.д.) я сказаў(ла)! » – магічная формула, якую часта дарослыя выкарыстоўваюць ў стасунках з дзецьмі. Таму што так прасцей і зручней: не трэба тлумачыць, чаму лепш зрабіць не так , а інакш; не трэба ламаць галаву, на што б гэта пераключыць увагу неслуха. Коратка і дзейсна: я старэйшы і лепш ведаю, што добра, а што – кепска.

Але такая перамога часова-ўяўная. Бо тое, што забаронена, яшчэ з часоў Адама і Евы з’яўляецца найбольш жаданым плодам.

Можна, канечне, стварыць каманду спецыялістаў, якая стане адсейваць непатрэбшчыну і пастаўляць спажыўцу толькі «ўдобаварымае». Але ці не будзе гэта падключэннем здаровага арганізму да апарату штучнага жыццязабеспячэння?

Як жа спасцігаць чалавеку сутнасць з’яваў і рэчаў, калі не праз параўнанне і супастаўленне? На фоне чаго можна зразумець, што белае – гэта белае, а чорнае – чорнае?

Вядома ж, Злу трэба процістаяць. Але як? Мне падаецца, наступнымі сродкамі і метадамі: ціха, але настойліва пашыраць абсягі Дабра, развіваючы тыя кволыя яго пачаткі, якія ўжо існуюць у віртуальнай інфармацыйнай прасторы. E-mail, пост на форуме, блог, сайт…

Але. Ва ўсім гэтым ёсць маленькае, ды,на жаль, істотна-вырашальнае «але».

А менавіта: пачынаць трэба з сябе. І з кола асабістых стасункаў. А мы ж так прывыклі ратаваць вакольны свет…

Рассказать друзьям

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в Одноклассники
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Яндекс

Извините, комментирование закрыто.

Реклама от RedTram