Главная » BY, Брестская, Культура

Што кажа брэсцкая блогасфера пра помнік да 1000-годдзя горада

7 апреля 2009 Комментариев нет

Улады мо ў пяты раз мяняюць яго канцэпцыю. Цяпер наверсе нібыта мае быць жанчына, якая багаслаўляе салдата на вайну.

Між тым грошы збіраюць пад першапачатковы праект, якім заклеены ўвесь горад і дзе жанчыны наверсе не было…

А можа гэтыя блогі сапраўды голас народны? Вось што я пачуў у калідоры брэсцкага суда.

Еўрапейскі праект “Пісаючыя генералы”

Грамадзяне, каб забавіць час, бо выклікалі на рана, а разгляд не пачаўся праз паўгадзіны і болей, пачалі развіваць ваенную кампаненту помніка. Бо, маўляў, шмат савецкіх вайскоўцаў там увекапомнена.

Нарэшце дыскутавалася такая версія: танк, лепш нямецкі, бо ў верасні 1939 года генерал Гайнц Гудэрыян вызваліў Брэст ад палякаў.

На танку стаяць ён сама і камбрыг Чырвонай арміі Крывашэін. Абодва прымаюць супольны парад нямецкіх і савецкіх войскаў (гістарычны факт). Першая калона яго ўжо прайшла, другая яшчэ на падыходзе, і генералы мірна пісаюць з танка. Ваду можна падвесці ад кінатэатра “Беларусь”, ад фантана.

Логіка якая: ёсць жа пісаючыя хлопчыкі – дык што ўжо заціскаць дарослым? Затое поспех гарантаваны ашаламляльны, бо нідзе ў свеце такога няма.

Прафсаюзна-палітычны праект “Беспрацоўны”

Наверсе помніка стаіць брэсцкі беспрацоўны. Прычым натуральны, па разнарадцы з гарадзкога аддзела занятасці насельніцтва. Стаіць за добрыя грошы, а не за тыя “восемдзесят рублёў”, што выдаюць як дапамогу па беспрацоўі, ды і тое трэба адрабляць два дні на сацыялцы.

Ніжэй яго, замест планаваных скульптураў, – беспрацоўныя жанчыны. Бо іх болей, і іх менш ахвотна бяруць на працу.

Наогул дык можна паставіць фактычна ўсіх з біржы “на папа” альбо ў позы – як скажа скульптар. Бо каштарыс гранітнага праекту, паводле чыноўніцкіх блогаў і ўцечак, па крзыісу проста шалёны – 3 мільярды белрублёў.

Асобна збоку, зробленыя напалову як цені, – два складнікі кампазіцыі.

Збоку, каб падкрэсліць іх маргінальнасць, бо гэта беспрацоўныя палітыкі. Два, каб захаваць гендэрную роўнасць, не парушыўшы такім чынам правы чалавека. У руках трымаюць свае працоўныя кніжкі. На грудзях у іх таблічкі “Разрешение на пикет вне единственно установленного места стадиона “Локомотив” получен” .

Падлічылі: можна вахтавым метадам з Берасцейшчыны мяняць, як у Брэсцкай крэпасці каравул. Столькі “нелаяльных” ужо ходзіць па нашай як-ніяк палесскай зямлі з ваўчынымі білетамі, што закрыюць цэлы год. 365 дзён. А можа, і начэй? Грошай жа многа.

Напрыканцы дыскутавалася, ці магчымая камбінацыя першай і другой канцэпцыі.

Але яна так і павісла ў паветры: аб’явілі пачатак разгляду скаргі на недазвол пікета.

Рассказать друзьям

Share to Google Plus
Share to Odnoklassniki
Share to LiveJournal
Share to MyWorld
Share to Yandex

Другие статьи

Извините, комментирование закрыто.

Реклама от RedTram