Главная » BY, Могилев, Экономика

Дапамога па беспрацоўі ў Беларусі шматразова меншая, чым у Расеі, Украіне, Польшчы, Літве

10 апреля 2009 Комментариев нет

Беспрацоўнымі ў краіне прызнаны каля 70 працэнтаў тых, хто звярнуўся за матэрыяльнай падтрымкай. Аднак і сярод іх  атрымалі дапамогу толькі кожны другі.

Паводле інфармацыі Нацыянальнага статкамітэту, на ўліку ў цэнтрах занятасьці крыху больш за 40 тысяч – меней за 1 працэнт ад агульнай колькасьці працаўнікоў.

Гэты магічны працэнт выклікае раздражненне нават у кіраўніка ўраду, які назваў тую статыстыку «гламурнай». Ну проста фантасмагорыя нейкая: ва ўмовах крызісу паказчык беспрацоўя знізіўся на 0,2% ў параўнанні з сакавіком 2008 года!

Незразумела, навошта зацыклівацца на нібыта паспяховай эканоміцы, калі нават у разьвітых краінах ў дакрызісныя часы ўзровень беспрацоўя быў прыкладна 5 працэнтаў. У Злучаных Штатах колькасьць звольненых дасягнула на канец сакавіка 4 мільёнаў 780 тысяч чалавек – днямі Мінпрацы ЗША аб’явіла пра рэкордны ўзровень у 8,5 працэнта.

Згодна з агульнапрынятай метадалогіяй Міжнароднай арганізацыі працы, і гэта прызнана спецыялістамі Навукова-даследчага эканамічнага інстытуту Мінэканомікі, насамрэч узровень беспрацоўя ў Беларусі складае 4,8 працэнта эканамічна актыўнага насельніцтва.

А ў суседняй Расіі – 3 працэнты, паведаміў кіраўнік Федэральнай службы па працы і занятасці Юрый Герцый.

Ці лёгка атрымаць статус беспрацоўнага?

Згодна з законам, беспрацоўным лічыцца чалавек, які зарэгістраваны ў службе занятасці.

Атрымаць статус беспрацоўнага, а тым больш дапамогу па беспрацоўі не так лёгка. Паводле статыстыкі, беспрацоўнымі прызнаюцца каля 70 працэнтаў звярнуўшыхся, а дапамогу атрымлівае толькі палова з тых, хто атрымаў адпаведнае прызнанне.

Паводле Закона аб занятасці насельніцтва, чалавеку, які звольніўся па ўласным жаданні ці па пагадненні бакоў, не кажучы ўжо за прагул, у дапамозе могуць адмовіць.

Тэрмін выплаты дапамогі па беспрацоўі – у сярэднім 6 месяцаў. Да таго ж, каб атрымліваць яе, трэба штомесяц адпрацоўваць на некваліфікаваных грамадскіх работах – прыбіраць вуліцы, перабіраць бульбу, збіраць ураджай. Гэта прымусовая праца не аплачваецца.

У дзень – пакет малака і акрайчык хлеба

Але самая цікавая лічба – гэта памер дапамогі па беспрацоўі. У Беларусі яна складае 47 000 рублёў, або прыкладна 17 долараў па сёньняшнім курсе. У дзень беспрацоўны можа патраціць прыблізна 1 700 рублёў. Гэта пакет малака і чвэрць буханкі хлеба. Альбо 3 талончыкі на праезд – каб даехаць да службы занятасці.

Яшчэ на пачатку году намеснік міністра працы Пётр Грушнік заяўляў, што «памер дапамогі па беспрацоўі плануецца прывязаць да бюджэта пражытковага мінімуму», і што «ёсць некалькі варыянтаў: проста прыраўняць яго да БПМ, альбо плаціць 80 працэнтаў».

Зараз жа дэкляруюць пра мізэрны памер падтрымкі тых, хто апынуўся на «біржы», толькі прафсаюзы – і незалежныя, і афіцыйныя. На думку старшыні савету Беларускага прафсаюзу аўтамабільнага і сельскагаспадарчага машынабудаўніцтва Валерыя Кузьміча, «дапамога па беспрацоўі ў 47-50 тысяч — гэта нікуды ня ўкладваецца. Трэба казаць хаця б пра бюджэт пражытковага мінімуму. Але трэба ставіць пытаньне і пра перагляд мінімальнага спажывецкага бюджэту, бо разлікі састарэлыя, заніжаныя, гэта крайне недастаткова».

Памер дапамогі пакуль не павысяць

Але ўлады пакуль не зьбіраюцца павялічваць памер дапамогі па беспрацоўі. Паводле ацэнак Мінпрацы, пры павышэнні ўзроўню беспрацоўя да 2-3 працэнтаў спатрэбяцца дадатковыя бюджэтныя асігнаванні ў памеры 12 мільярдаў рублёў.

Паводле меркаваньня міністра працы і сацыяльнай абароны Ўладзіміра Патупчыка, павышэнне дапамогі да памеру бюджэту пражытковага мінімуму (на сёньня гэта 234 370 рублёў) прывядзе да да з’яўлення слоя ўтрыманцаў, якія наагул не захочуць працаваць, а будуць жыць на дапамогу.

Але ж кожны працаўнік штомесяц адлічвае ў фонд занятасьці працэнт ад свайго заробку, таму можа разьлічваць на пэўную, так бы мовіць, страхоўку на пэрыяд беспрацоўя. Тым больш, кіраўнік дзяржавы пастаянна кажа пра сацыяльна арыентаваную эканоміку.

На думку загадчыка кафедры эканомікі БНТУ Аляксандра Кавалёва, ва ўмовах крызісу сапраўды трэба адмаўляцца ад падвышэньня заробкаў. Але ніжэйшая кропка, памеры сацыяльных выплат павінны наблізіцца да мінімальнага заробку:

«Калі б гэта дапамога па беспрацоўі была на ўзроўні мінімальнага заробку, тады б такая лічба дапамогі была ня штучная, а нармальная. Але ў сённяшніх умовах, калі яна каля 50 тысяч, і калі сапраўды беспрацоўе будзе расці, я думаю, нікуды ня дзенуцца ўлады, яны будуць вымушаны здымаць сацыяльную напружанасць. І, можа, нават павышэннем гэтай дапамогі».

Ці можна пражыць на дапамогу па беспрацоўі?

Паводле меркавання доктара эканамічных навук Аляксандра Лучанка, «на 47 тысяч звольнены чалавек пражыць ня можа. Знайсці працу таксама няпроста. Таму дапамога павінна забяспечыць патрэбы хаця б у самым сціплым аб’ёме».

Ва Ўкраіне дапамога па беспрацоўі – 604 грыўны (больш за 200 тысяч беларускіх рублёў), гэта ў 4 разы больш, чым у Беларусі.

У Расеі максімальны памер дапамогі па беспрацоўі дасягае 4 900 расійскіх рублёў (380 тысяч беларускіх) .

У Літве дапамога па беспрацоўі – ад 200 да 340 долараў. У Швэцыі – 80 працэнтаў ад апошняга заробку, у Германіі – 70, у ЗША – 56 працэнтаў.

Рассказать друзьям

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в Одноклассники
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Яндекс

Извините, комментирование закрыто.

Реклама от RedTram