Главная » BY, Актуально, Витебская, Политика

Пяцёра сьледчых КДБ год «рыюць» пад праваабаронцу. «Накапалі» аж адзінаццаць тамоў

10 апреля 2009 Комментариев нет

Працэс над віцябчанінам Леанідам Сьвецікам хочуць зрабіць закрытым – ён мяркуе, каб схаваць хібы ў працы сьледзтва або ў матэрыялах справы.

А сябра Беларускага Хельскінскага камітэту хоча адкрытага суду над сабой.

Сьледчыя вінавацяць яго ў распальваньні міжнацыянальнай варожасьці і ў паклёпе на Прэзыдэнта РБ.

Першае абвінавачваньне базуецца на тым, нібыта спадар Сьвецік сам сачыняў лісты ад імя прафашыстоўскай РНЕ. Другое фактычна вінаваціць яго ў антысэмітызме, прыпісаным у тых пракламацыях кіраўніку краіны.

Хоць эскпэртыза не пацьвердзіла аўтарства, афіцыйная прэса сьцьвярджае адваротнае.

Перасьлед з боку КДБ Леанід Сьвецік лічыць помстай за праваабарончую дзейнасьць. Ён дапамагаў актывістам складаць скаргі ў міліцыю і пракуратуру, каб адказныя структуры знайшлі тых, хто цягам 2006-2007 гадоў дасылаў ім лісты з пагрозамі ад імя прафашыстоўскай арганізацыі «Русское национальное единство».

Сярод тых, хто ў розны час атрымліваў лісты ад РНЕ, былі досыць вядомыя ў горадзе асобы – рэдактар газэты «Витебский курьер» Уладзімер Базан, загадчыца літаратурнай часткі тэатру «Лялька» Вікторыя Дашкевіч, былая старшыня абласной арганізацыі АГП Алена Залеская, старэйшы віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда ды іншыя.

Аднак міліцыянты адмаўляліся шукаць аўтараў абразьлівых допісаў на той падставе, што арганізацыя РНЕ ў Беларусі не зарэгістраваная.

Урэшце крымінальную справу наконт лістоў ад РНЕ распачала віцебская абласная управа КДБ. А Леанід Сьвецік трапіў пад увагу «органаў» спачатку ў якасьці сьведкі, потым – падазраванага, а 31-га сакавіка яму прад”явілі адразу два абвінавачаньні па двух крымінальных артыкулах.

– Матэрыялы па маіх крымінальных справах складаюць 11 тамоў, і сьледчая група з пяці чалавек працавала над імі амаль цэлы год – з 20 траўня 2008 году, – распавядае праваабаронца. – Абвінавачаньні супраць мяне грунтуюцца на экспэртызах дакумэнтаў, і галоўная зь іх – аўтаразнаўчая – не пацьвердзіла таго, што лісты складаў я, як гэта спрабуе давесьці сьледзтва. Тым ня менш у вядомай сталічнай газэце ўжо зьявіўся артыкул віцебскага журналіста Сяргея Галесьніка, які піша , што экспэртыза пацьвердзіла маё аўтарства. А гэта – сьвядомы падман грамадзкасьці.

Камэнтуючы артыкул «Шыварат-навыварат», праваабаронца падкрэсьліў, што ягонае імя там чамусь не названа, але журналістам яшчэ да суду зроблена выснова: «жыхар Віцебску дасылаў лісты з пагрозамі ад імя РНЕ». Тым ня менш, адзін важны, на думку Л.Сьвеціка факт, аўтар артыкулу зь нейкіх меркаваньняў замоўчаў – ні словам не згадаўшы пра сканальнае абвінавачаньне ў нібыта паклёпе на Прэзыдэнта РБ.

– Бо ў адным зь лістоў ад імя РНЕ аўтары хваляць А.Лукашэнку быццам бы за палітыку генацыду ў дачыненьні да габрэяў, – кажа Леанід Сьвецік. – Я надзвычай абураны, што мяне ўскосна вінавацяць яшчэ і ў антысэмітызме, не кажучы ўжо пра абсурднасьць іншых абвінавачаньняў.

На думку Леаніда Сьвеціка, абвінавачаньне ў паклёпе на кіраўніка краіны можа быць зьвязана з тым, што судовы працэс хочуць зрабіць закрытым. Паводле ягоных назіраньняў, такую практыку выкарыстоўваюць, калі хочуць схаваць нейкія хібы ў працы сьледзтва або ў матэрыялах справы.

Праваабаронца мяркуе адстойваць сваю недатычнасьць да зьяўленьня ў Віцебску «лістоў ад РНЕ» і лічыць неабходным давесьці гэта ў часе адкрытага для грамадзкасьці горада працэсу.

Паводле абвінавачаньняў, выстаўленых супраць Леаніда Сьвеціка, па кожным з двух крымінальных артыкулаў яму можа пагражаць пазбаўленьне волі на тэрмін да пяці гадоў.

Рассказать друзьям

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в Одноклассники
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Яндекс

Извините, комментирование закрыто.

Реклама от RedTram