Главная » BY, Актуально, Гродненская, Культура

Сястра Фаустына: Гасподзь аб’яўляўся мне ў Вільні

11 апреля 2009 Комментариев нет

Ураджэнец Ашмянскага павету ксёндз Міхал Сапоцька меў асабістае дачыненьне да адзінага вядомага ў сьвеце выпадку, калі Езус Хрыстус падказаў, якім мусіць быць абраз з ягонай выявай.

Цяперашні Вялікдзень у нашай краіне адзначаны перэгрынацыяй (вандроўкай) па каталіцкіх парафіях славутай іконы з санктуарыю ў Вільні.

Гэты абраз мае надпіс унізе “Езу, давяраю Табе”.

Узгадайце, хто бачыў: Езус крочыць вам насустрач, і ад яго сыходзяць два прамені – бледны і чырвоны.

Першы прамень азначае ваду, якая апраўдвае душы. Чырвоны – кроў, якая зьяўляецца жыцьцём душаў.

“Гэтыя два прамені выйшлі з сярэдзіны Маёй міласэрнасьці ў той час, калі Маё канаючае сэрца было прабітае дзідаю на крыжы <…>. Праз гэты абраз Я буду спасылаць шмат ласкаў, таму няхай кожная душа мае да яго доступ”.

Гэта пажаданьне Езуса пачула і занатавала ў сваім “Дзёньніку” сьвятая Фаустына Кавальска.

А вось як была створана славутая ікона.

На пачатку 1934 года спаведнік сястры Фаустыны ксёндз Міхал Сапоцька зьвярнуўся да віленскага мастака Яўгена Казіміроўскага з просьбаю намаляваць абраз Езуса Міласэрнага. Дарадцам мастака была сястра Фаустына. Цягам паўгода яна назірала і казала, што трэба дадаць ці зьмяніць, каб абраз выглядаў як мага больш дакладна.

З 26 па 28 красавіка 1935 года абраз Езуса Міласэрнага ўпершыню выставілі ў акне Вастрабрамскай капліцы ў Вільні. 4 красавіка 1937 года абраз асьвяцілі і зьмясьцілі ў віленскім касьцёле сьвятога Міхала. На гэты час пашана да абразу Езуса Міласэрнага нязьменна ўзрастала.

Шмат пазьней высьветліцца, што аднойчы на споведзі сястра Фаустына Кавальская прызналася ксяндзу Міхалу Сапоцьку пра аб’яўленьне Хрыста.

Езус аб’яўляўся законьніцы ў пэрыяд між усясьветнымі войнамі 1914 і 1941 гадоў. Прычым, у розных гарадах: у Кракаве і Плоцку (Польшча), а таксама ў Вільні.

У пераломны для гісторыі час абраз таксама зазнаў цяжкія часы. З пачаткам Другой усясьветнай вайны яго згарнулі ў савой, захоўвалі на гарышчы, трымалі ў вільгаці і на марозе, некалькі разоў непрафэсійна аднаўлялі. Абраз зь Вільні быў вывезены ў Беларусь, дзе трапіў у касьцёл сьвятога Юрыя ў Новай Рудзе, што на Гарадзеншчыне. У 1970-м касьцёл зачынілі.

У 1986 годзе абраз Езуса Міласэрнага вярнуўся у Вільню. 15 верасьня 1993 года Слуга Божы Ян Павел II маліўся перад ім і ў сваёй прамове назваў абраз сьвятою выяваю.

18 красавіка 2004 года адноўлены касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы ў Вільні як санктуарый Божай Міласэрнасьці. У верасьні 2005 года тут была зьмешчана першая ікона Езуса Міласэрнага, напісаная са словаў сьвятой Фаустыны.

Перэгрынацыя абраза Езуса Міласэрнага распачынаецца на Вялікдзень у менскай архікатэдральнай парафіі Імя Найсьвяцейшай Панны Марыі. Затым абраз наведае сталічную парафію Найсьвяцейшай Тройцы (касьцёл сьвятога Роха на Чырвонай горцы), а пасьля яго па чарзе будуць прымаць усе іншыя дэканаты Менску, Менскага і Магілёўскага рэгіёнаў. З абразам вандруюць і рэліквіі благаслаўлёнага ксяндза Міхала Сапоцькі.

Дзякуючы наведваньню абраза Езуса Міласэрнага вернікі змогуць аднавіць і паглыбіць пашану да Божай Міласэрнасьці і, нягледзячы на сваю слабасьць і грэшнасьць, адчуць поўны давер да Бога, згодна з надпісам: “Езу, давяраю Табе”.

Рассказать друзьям

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в Одноклассники
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Яндекс

Извините, комментирование закрыто.

Реклама от RedTram