Главная » BY, Брестская, Общество, Темы

Беларуская кухня: адзінокую хворую дзяўчыну рабуюць, а міліцыя, суд, адміністрацыя прэзыдэнта ў баку

16 апреля 2009 Комментариев нет
harlap-alena

Фота Паўла Грыня

Алена Харлап – дзяўчына з парокам сэрца. Пенсія – 180 тысяч, ды і тую адбірае пітушчая сям’я. Галадае, вандруе па вакзалах. Звярталася ва ўсе інстанцыі, але дапамогі няма. Наш карэспандэнт сустрэў яе ў Баранавічах.

Колькі дзён таму давялося мне рабіць перасадку на Баранавічах Цэнтральных. Вакзальчык малы, затое кошты ў буфеце вялікія. За катлету з курыцы, нядрэнную праўда, аддаў шэсць тысячаў. І гарбата. Агулам набегла за сем.

Ленін тут быў мажны. Касірка не згадзілася прадаць ні прыгожую ракаўку ля вакенца, ні Леніна, затое прадала дарагі квіток да станцыі майго прызначэння. Хацеў было занурыцца ў чытанне, як увагу прыцягнула дзяўчына – прыйшла жыць на вакзал.

– …Нарадзілася я з парокам сэрца, інваліднасць маю, другую групу, а дома няма мне жыцця.

– Дык рэгістрацыя, дом ёсць?

– Так, ёсць. У Маладзечна.

– А чаму жыцця няма?

– А таму што жывуць там алкашы ўсе. І брат, і сястра,  і цётка…  А бацька памёр. Сем гадоў, ужо восьмы пайшоў.

Дзяўчына расказала, што закончыла дзесяць класаў школы для слабаразвітых у Маладзечна, мае на руках атэстат і даведку аб інваліднасці. На работу ніхто браць не хоча. Атрымлівае пенсію 180 тысяч, але грошы прасаджвае пітушчая радзіна.

– А спрабавала неяк абараніцца?

– Канешне: і да дэпутатаў хадзіла, і ў райсабес, і ў райвыканкам, і ў пракуратуру. У суд вось таксама …

– Дык у суд заяву трэба пісаць, што туды хадзіць.

– Пісала, ды яшчэ колькі! Участковаму заяву падала. Прыйшоў ён, пратакол склаў, а як было так і засталося. Да прэзідэнта пісала – да Лукашэнкі. Мэр наш маладзечанскі параіў.

– Мо адказ прыйшоў, а як знайсці – на вакзале ж цяпер?

– А я па жаночых манастырах езджу. Дзе толькі ні была – Ворша, Ліда, Дамашаны, у Жыровічах мужчынскі манастыр.  У Брэсце была, цяпер вось у Магілёў еду.

І яна на дзень наперад расказала ўсе перасадкі, якія зробіць да Магілёва, куды прыбудзе заўтра ў дзве гадзіны дня. Вярнуліся да тэмы пенсіі:

– Дык яны ў мяне яе з рук забіраюць. Бывала паштарка прынясе, я распішуся, а як тая пайшла, дык мне рукі за спіну заварочваюць, грошы забяруць, а потым хату замыкаюць і пайшлі піць. У нас вокны падвойныя, дык не ўцячэш.

– І што ясі?

– А што прывязу.

Тут да размовы падключаюцца пасажыры:

– Просіць яна. Просіць…

Алена слаба абараняе сябе:

– А ў нас такая дзяржава цяпер – нікуды не дабіцца.

І дадае: збіраецца патрапіць у трэці раз на прыём да прэзідэнта. Маўляў, абяцалі шэсць месяцаў таму ў Адміністрацыі месца ў спецінтэрнаце, але адказу па пошце няма і няма.

– Прыязджаў начальнік міліцыі сам, я напісала заяву, што пенсіі няма, што пошты няма, не магу атрымаць адказ ад прэзідэнта Лукашэнкі… Раблю што магу, дабіваюся як мага, што пасільна…

– Дык мо назавіся для ўладаў – як завуць?

– Харлап. Алена Іосіфаўна.

– А як знайсці?

– Маладзечна. Зялёная. Вуліца Зялёная. Дом 76а.

Паабяцаў Алене Харлап звярнуцца да маладзечанскіх уладаў. Адзін з мужчынаў у залі, здалося, ведаў яе:

– Колькі яна ходзіць тут?

– А даўно ходзіць. Гады з тры… ходзіць, просіць…

І мужчына расплакаўся…

Сёння распытаўся ў Маладзечна. У сабесе пенсію атрымлівае толькі Надзея Харлап пяцідзесяці гадоў. У райвыканкаме сказалі, што пісьмовых заяў ад Алены Іосіфаўны Харлап не зарэгістравана. На ўчастковага выйсці не ўдалося: у іх быў нейкі агляд. Сказалі аднак, што вуліцы Зялёнай у горадзе няма. Патэлефанаваў у Баранавічы на абодва вакзалы ў міліцыю: ці не ведаюць такую Алену Харлап? Адказ адмоўны. Далі тэлефон аператыўнай службы. Не, сярод бадзягаў не заўважаная. Маёр Новік, здаецца, зацікавіўся, удакладняў потым абставіны. Але пытанні засталіся ранейшыя:

Хто такая Алена Харлап? Як ёй дапамагчы?

Post scriptum. Клікнуў у інтэрнэце вуліцу Зялёную ў Маладзечна – ёсць такая вуліца. Дадалося пытанне: а што ў Маладзечна за міліцыя, якая нават вуліц не ведае?

Еўрарадыё

Рассказать друзьям

Share to Google Plus
Share to Odnoklassniki
Share to LiveJournal
Share to MyWorld
Share to Yandex

Другие статьи

Извините, комментирование закрыто.