Главная » BY, Брестская, Общество

Хоць сварыўся з Пазьняком, але стварыў БНФ на Берасьцейшчыне

16 апреля 2009 Комментариев нет

У Маларыце ўлады не надта шануюць спадара Харсюка. Затое ўкраінская амбасада ў Беларусі падрыхтавала дакументы на ўзнагароджанне знакамітага земляка.

Уладзіміру Іванавічу Харсюку стукнула 80. Каб у 60 замахнуцца на нешта новае, рэвалюцыйнае, трэба быць незвычайным чалавекам. А ён такім і ёсць.

– Заўсёды меў сваё меркаванне, – кажа пра яго маларытчанін Уладзімір Малей. – У 1993 годзе паклікаў мяне дахаты і яшчэ пяць чалавек. Давайце, кажа, створым у Маларыце суполку Беларускага Народнага Фронта.

Харсюк адзіны з вядомых аўтару ўкраінскіх нацыяналаў, хто адкрыта падтрымлівае беларускае адрадждэнне. На глебе сваёй украінскасці атрымаў у свой час поўнае неадабрэнне ад Зянона Пазьняка. Разам з тым, у суладнасці з спадаром Пазьняком, які ў свой час ажаніўся з настаўніцай расейскай мовы і літаратуры , Уладзімір Харсюк як патрыёт Беларусі пашлюбіў на самотнай старасці ўкраінку з Тэрноппальшчыны і гаворыць з ёй па-украінску.

Спадар Харсюк кажа:

– Пабачыў у жыцці ўсялякага. Пасля вайны быў акторам Брэсцкага тэатра. Потым заглыбіўся ў іншыя віды мастацтва. Пішу карціны. Магу працаваць з камнем.

Вельмі зграбныя атрымоўваюцца ў ветэрана анёлы. Робіць ён і гранітныя помнікі. На сцяне ўзнагароды – граматы ад касцёла, праваслаўнай царквы.

У яго багата кніжак. Некаторыя маюць антыкварную каштоўнасць.

– Палітык найперш павінен ведаць гісторыю, – упэўнены Ўладзімір Харсюк. – Вельмі быў бы рады, каб больш людзей маглі прачытаць гэтыя кніжкі. Маладыя цяпер мала дбаюць, – кажа ён. – Вы вось прыязджайце надаўжэй.

На юбілей да маларытчаніна завітаў украінскі консул. Казаў, рыхтуюць дакументы на ўрадавую ўзнагароду Украіны для Ўладзіміра Харсюка.

– Калі свая Радзіма не шануе, ну дык вось тая якраз дбае, – кажа маёр ракетных войскаў у адстаўцы спадар Малей.

За сваю Радзіму павіншавалі юбіляра аднафронтаўцы і землякі. Так супала, што напярэдадні 12 красавіка быў у Маларыце Аляксандр Мілінкевіч. Юбілей адбыўся.

Рассказать друзьям

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в Одноклассники
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Яндекс

Извините, комментирование закрыто.

Реклама от RedTram