Главная » BY, Минская, Общество

Дэмакратам сёння трэба змагацца не з уладай, а – за народ

20 апреля 2009 Комментариев нет

cimoshekСацыёлагі лічаць, што траціна беларускага соцыума жыве ў паралельным свеце, дзе палітыцы няма месца. Слуцк у гэтым сэнсе – яскравая ілюстрацыя. Дзе ж выйсце?

Тыя, хто займаўся жыццём беларускіх рэгіёнаў, добра ведаюць былую настаўніцу нямецкай мовы з вёскі Вежы, што на Случчыне, Зінаіду Цімошак.

Некалькі гадоў таму яна актыўна займалася апазіцыйнай палітыкай, а яшчэ раней была адзінай у краіне хто, змог сабраць у сваёй вёсцы некалькі дзесяткаў подпісаў пад тэкстам “Хартыі-97”.

Зразумела, гэта вельмі не спадабалася чыноўнікам рознага ўзроўню і Зінаіду пачалі «есці». Сачылі за кожным крокам, даставалі праверкамі, але пайшла са школы яна толькі тады, калі стала пенсіянеркай.

– Як жывецца-можацца з таго часу, як пакінула працу ў школе? Чуў, адышла ад палітыкі і зараз займаешся праваабарончай працай у Слуцку. Што падштурхнула змяніць прыярытэты?

– Стамілася хадзіць па правінцыйным горадзе са сцягам у адзіночку. За дэмакратыю замагюцца ў буйных гарадах, такіх, як Мінск. У рэгіёнах народ палітыкай увогуле мала цікавіцца. Большая палова жыхароў Слуцка да таго ж улетку працуе на сваіх агародах.

Гэта да таго, што калі гаворыш з такім народам пра палітычныя падзеі, то глядзяць, як на прыляцеўшага з другой планеты.Мне падаецца больш небяспечным адсутнасць не тое, што палітычнай пазіцыі, а ўвогуле грамадзянскай актыўнасці.

На мой погляд, памылка нашых палітыкаў у тым, што яны чакаюць палітычнай актыўнасці ад мас, якія фактычна па за грамадствам. Лабараторыя Вардамацкага адзначыла прыкладна 30 працэнтаў беларасаў, якія жывуць у іншым – паралельным свеце, чым улада і апазіцыя. Гэтым глыбока начхаць, хто ва ўладзе: галоўнае, каб хтосьці сядзеў на кіраўніцтве краінай і даваў ім магчымасць жыць сваім асабістым жыццём.

Я сапраўды пачынаю лічыць, што такая пазіцыя народа больш небяспечная, чым сутнасць існуючага кіраўніцтва, паколькі яна дае магчымасць для маніпулявання ўладай любому палітыку, які прыдзе да руля.

– Ад каго і чаго ты абараняеш людзей у такім разе?

– Перш за ўсё ад саміх сябе – ад сваёй абыякавасці і раўнадушша, ад умоў і ладу іх жыцця. Палова случчан жыве ў халодных і сырых кватэрах. У дамах з гнілымі падваламі, запоўненымі каналізацыйнымі водамі. Людзі прывыклі да абшарпаных пад’ездаў, да ям на дарогах, з-за якіх ламаюцца купленыя на апошнія грашы машыны, да могілак у цэнтры горада, парослых чартапалохам, да галалёду у зімовы перыд, з-за якога яны ходзяць з паломанымі рукамі і нагамі. Прывыклі да хамаватых п’яных падлеткаў…

Я лічу, што найперш, чым зваць народ на плошчу, мяняць жыццё ў краіне, трэба ўсім апазіцыянерам навесці парадак у сваім доме і каля яго.

Я прымаю ўдзел у грамадскай кампаніі «Наш дом». Гэта спроба прабудзіць у людзей цікавасць да адстойвання хаця б прымітыўных асабістых правоў, скарыстоўваючы тыя законы, якія існуюць. Давесці да свядомасці большай колькасці людзей, што апрача пазіцыі «мая хата з краю» існуе і іншая: «хто, калі не я». Гэта – першая прыступка, пасля якой магчыма абуджэнне і новых інтарэсаў, у прыватнасці, да сваёй мовы і гісторыі, да будучага лёсу сваёй краіны. Для гэтага патрэбна шукаць «жывых людзей» – валанцёраў. Для адстойвання сваіх інтарэсаў трэба таксама мужнасць, паколькі адміністратыўны ціск нікуды не дзеўся.

– Якімі шляхамі ты спрабуеш гэта рабіць?

– Па-першае, мы знаёмім людзей з элементарнымі законамі. Яны «схаваны» ад народа, альбо напісаны цяжкай незразумелай мовай. Вучым праз розныя памяткі і практычныя парады выкарыстоўваць «Кнігу заўваг і прапаноў», Закон аб зваротах грамадзян, вучым рыхтаваць дакументы для судоў. Зараз выйшаў Закон аб правах спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг. Яго можна і трэба выкарыстоўваць. Знаёмім з пазітыўным вопытам па абароне правоў.

Ужо выйграны два суды па рамонтах падъездаў за кошт ЖКГ без збору дадатковых грошай з жыльцоў. Сапраўды, людзі плоцяць за тэхнічнае абслугоўванне штомесяц і па закону маюць права жыць у добраўпарадкаваным жыллі. Зараз судзімся з ЖКГ у Мінскім абласным судзе за выплату прыстойнай маральнай кампенсацыі тым, хто пяць гадоў губляў здароўе ў доме з гнілым падвалам. Трэба прывучаць нашых грамадзян вырашаць спрэчныя пытанні па-еўрапейскі – праз суд.

Улады пачынаюць па-іншаму адносіцца, калі адчуваюць, што справа можа дайсці да суда.

Дзякуючы настойлівай перапісцы з райвыканкамам і вышэйстаячымі арганізацыямі заставілі прывесці ў мінулым годзе ў адносна прыстойны выгляд гарадскія могілкі ў цэнтры горада. Поўнасцю, праўда, праблема не выраша, паколькі не існуе нармальнага Закона аб пахаваннях. Аднак калі размесціш фоткі з могілкамі ў асоце ў інтэрнэце і вышлеш іх на адрас кіруючых інстанцый, нешта пачынае зрушвацца. Дабілася таго, што з 1 студзеня стаў больш танным рэйсавы аўтобус Слуцк-Вежы. Не здзіўлюся, калі ў іншых рэгіёнах людзей таксама абдзіраюць.

У вялікім пасёлку Грэск, які некалі быў цэнтрам раёна, даўным даўно сяляне пьюць амаль чорную ваду. Адна толькі скважына. І тая з бомбасховішча. Зараз разварушыліся, сабралі 400 подпісаў, заставілі раённыя ўлады вырашаць праблему, якую раней толькі адфутбольвали.

Восенню 2008 года на сходзе, дзе прысутнічалі 300 чалавек, знайшліся людзі, якія напомнілі старшыні райвыканкама, што чыноўнікі – слугі народа і павінны клапаціцца найперш не аб сваіх катэджах, а пра людзей.

Гэта тое, чаго я і дабіваюся – давесці да свядомасці, што менавіта народ павінен вырашаць лёс краіны. А не чарговы чыноўнік, хай і самы высокі. Для таго, каб народу стаць народам, – трэба «вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца».

Рассказать друзьям

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в Одноклассники
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Яндекс

Извините, комментирование закрыто.

Реклама от RedTram