Главная » BY, Брестская, Общество

У Брэсце ўпарта спрабуюць выселіць дзяўчынку

2 июня 2009 Комментариев нет

Паўтараецца сітуацыя перад леташнім Днём абароны дзяцей, калі сям’ю Абрамавых толькі пачалі цягаць па судах. Адно што сёлета суд мусіць аглядацца на касацыю рашэння аб высяленні.

Маша

Сёння для Машы празвінеў апошні званок у першым класе. Навосень яна пойдзе не ў дзіцячы садок, а ў школу. На сцяну павесіць грамату, якую ёй уручылі за старанлівасць. Але дзе будзе тая сцяна?

У Машы невялікая хіба ў маўленні. Але для нямецкай мовы, якую яна хоча вучыць у школе нумар 7, ейнае гартаннае “р” сама тое. Вершык пра зайку яна чытае з нямецкім пранонсам.

У Марыянны ў першым класе сяброўкі і сябры. Апошнія дык нават з матывамі рэўнасці.

Дзеці ўжо вучаць беларускую мову. Настаўнікі яе яўна недалюбліваюць, бо на ранішніку хоць бы слоўца, хоць бы вершык. А дзеці народзец больш непасрэдны. Разумеюць і карыстаюцца. Маша ведае па-беларуску вершык і некалькі фраз з побыту. Хлопцы таксама могуць. Але могуць яны і другое.

На днях у двары яны закінулі на дрэва мяч. Збівалі яго камянямі, дык адзін адрыкашэціў Машы Абрамавай у галаву. З яе малое галавы даволі многа выйшла тады крыві. Суткі ляжала ў шпіталі і яшчэ пару дзён дома.

А якраз чарговы судовы разгляд. Дык маці не магла ісці, прадаставіла даведкі ў суд. “Вось, ужо дзіцём прыкрываюцца”, – была рэакцыя суддзі Таццяны Міранюк.

Вакол Машы

Ну, гэта дзяўчынка, толькі падрослая. А вось падрослыя да маштабаў начальніцкіх крэслаў хлопчыкі якраз і распачалі гэтае цкаванне і спробы траўміраваць малую дзяўчынку наўмысна, больш балюча. Галоўны сярод іх  Павал Заграй, кіраўнік Брэсцкага ЖРЭУ. Іск ягонага ведамства прадугледжвае высяленне Марыяннінай сястры Жанны, якая прапісаная ў аспрэчанай дзяржаўнай непрыватызаванай кватэры, без права прадастаўлення жылля. Маша гэтаксама жыве ў гэтай кватэры з мамай, якая пражыла тут дваццаць гадоў, з іх большасць на правах наймальніка кватэры. Чаму не па месцы фармальнай рэгістрацыі мамы на сёння, у вёсцы? Таму што Машы трэба да лагапеда, і тут лепшая школа. Не ўлазячы ў юрыдычную пушчу: дарослыя спрытнюгі хочуць пры дапамозе невялікіх несустыкаў і кручкоў забраць сціплую двухпакаёўку. Між тым трыццаць адсоткаў брэсцкіх кватэраў непрыватызаваныя. Прэтэнзіі выстаюляюць чамусьці да Абрамавых.

Мама

Інга Ўладзіміраўна Абрамава кажа:

– Пасля публікацыі ў друку летась (пра верагодна палітычнае заплечча справы пісаў “Брестский куръер” – П.В.) рэакцыя ў школе была нечаканая. Замест таго, каб падтрымаць, абараніць неяк – неадкладна абследаваць! Прытым што абследавалі ўмовы Машы, калі яна ішла ў першы клас. Камісія падпісала, тры чалавекі. І – было заяўлена: ёсць нібыта Ўказ прэзідэнта, паводле якога можна забраць дзіця з сям’і без рашэння суда. Нічога сабе заяўкі. У небяспецы дзіця. Гэта з чыяго боку ў небяспецы? З боку дзяржавы няйначай.

У Вербную нядзелю заявіўся ўчастковы, усё перапісаў. Я яму сказала, хто прапісаны, хто не. Значыць, усё такі абследаванне кватэры мела месца. А на днях стукае ў дзверы нейкая жанчына ў міліцэйскай форме. А мая дачка Жанна, якую высяляюць таксама, нядаўна выйшла замуж, чакае дзіця. І тут ёй прад’яўляюць выканаўчы ліст: нібыта не сплачаны штраф. А яго заплацілі яшчэ ў лютым, 70 тысячаў за пікет. Турзаюць пастаянна, ходзяць людзі ва ўніформе, казусы нейкія выкручваюць, нервознасць ствараюць такую. Таму і ходзім па дактарах.

Падрослыя дзяўчынкі і хлопчыкі не заўсёды добрыя

У судовых разглядах летась за Машу Абрамаву, акрамя мамы, заступіўся аддзел аховы правоў дзяцінства Маскоўскага раённага аддзела адукацыі горада Брэста. Сёлета, пасля касацыі абласным судом рашэння аб высяленні і новых разглядах справы, чыноўнікі асцярожнічаюць. Нават адмовіліся патлумачыць сваю пазіцыю. Дрэнныя сігналы ідуць і з суда. Суддзя Міранюк прымае да разгляду нават не перыферыю справы, а тое, што да яе яўна не належыць, прыкладам, сведчанні КУП ЖРЭУ, як галасавалі Абрамавы на выбарах (!!!). Альбо ўнутрысямейныя дэталі, якіх у кожнай сям’і сваіх дай – не трэба. А вось, прыкладам, куды падзеліся разам з дакументамі ЖЭС 10 чэкі “Жыллё” Інгі Абрамавай і чаму яна, адпаведна, не змагла прыватызаваць гэтую кватэру – гэта суддзю Міранюк не цікавіць. Не пераймаецца (занадта высокі?) суд тым, што кіраўнік ЖЭС 10 Шчэрба павесіўся.

Ёсць і іншае. Кажуць, на днях начальнік Павал Заграй жаліўся: застаўся ў судзе адзін. Гарвыканкам адступіўся ад сваіх патрабаванняў. Але грозны невусаты пакуль дзядзька пагразіўся выселіць Абрамавых пры любым раскладзе. 29 траўня мела быць чарговае паседжанне. Абрамавы – дачка і маці – не змаглі быць з медыцынскіх паказанняў. Высяленне малой дзяўчынкі можа адбыцца праз месяц. Будзьма пільнымі!

Настаўніца ўручае Марыянне Абрамавай грамату

Настаўніца ўручае Марыянне Абрамавай грамату

Сяброўкі Марыянны

Сяброўкі Марыянны

Сябры Марыянны

Сябры Марыянны

Інга Ўладзіміраўна Абрамава (злева) з Машай і настаўніцай

Інга Ўладзіміраўна Абрамава (злева) з Машай і настаўніцай

Рассказать друзьям

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в Одноклассники
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Яндекс

Извините, комментирование закрыто.

Реклама от RedTram