Главная » BY, Витебская, Политика

Вакансій для “апазіцыянераў” няма

30 июня 2009 Комментариев нет

У раённых цэнтрах, дзе мясцовыя  ўлады ведаюць у твар ледзьве не кожнага жыхара, знайсці працу таму, каго лічаць апазіцыянерам, амаль немагчыма.

У райцэнтры Гарадок актывісты палітычных партый і рухаў атрымліваюць адмовы ў працаўладкаванні раз за разам. Актывіст руху “За Свабоду”, старшыня раённай суполкі Партыі БНФ Леанід Аўтухоў атрымаў ужо сёмую адмову ў прыёме на працу. Апошняя адмова прыйшла ад Гарадоцкага лясгаса, куды спадара Аўтухова ў сярэдзіне чэрвеня накіраваў Цэнтр занятасці, дзе ён стаіць на ўліку як беспрацоўны са снежня 2008 года.

Паводле словаў гарадоцкага актывіста, кожнага разу падзеі адбываюцца па адным і тым жа сцэнары: перад тым як напісаць накіраванне,  супрацоўнікі Цэнтра  занятасці ўдакладняюць наяўнасць вакансіі па тэлефоне.  Але за 15-20 хвілін, якія ў межах невялікага райцэнтра трацяцца на дарогу, вакансіі раптоўна аказваюцца ўжо занятымі.

Леанід Аўтухоў мяркуе, што наймальнікі баяцца браць яго на працу яшчэ і таму, што аднойчы ён выказаў намер ствараць на працы суполкі  вольнага прафсаюза і адстойваць парушаныя правы працаўнікоў.

У красавіку 2008 года Леанід Аўтухоў быў звольнены з пасады аператара кацельні  ў сувязі з заканчэннем кантракту. Слушнасць гэтага звальнення пацвердзіў і Гарадоцкі раённы суд, куды актывіст звяртаўся, каб аднавіцца на працы, бо, на ягоную думку, звальнялі яго са шматлікімі парушэннямі. Актывіст перакананы, што сапраўднай прычынай звальнення стала ягоная грамадска-палітычная дзейнасць: ён  падаваў заяўкі ў райвыканкам на правядзенне пікетаў па адстойванню правоў грамадзян, імкнуўся наладзіць сустрэчу ў райбібліятэцы з пісьменнікам Уладзімірам Арловым і спрабаваў адстойваць сваю  грамадзянскую пазіцыю перад мясцовымі чыноўнікамі.

Пасля таго, як у працы спадару Аўтухову адмовілі сёмы раз, ён напісаў у кнізе скаргаў і прапаноў Гарадоцкага райвыканкама, што лічыць пазбаўленне права на працу праявай пераследу з боку уладаў.

Ніяк не можа знайсці працу на Гарадоччыне і Аляксандр Жыткевіч,  малады спецыяліст-стаматолаг, у недалёкім мінулым незалежны назіральнік выбарчай кампаніі 2008 года . Хлопец не мае бацькоў, выхоўваўся ў інтэрнаце, і згодны на любую працу пасля таго, як Гарадоцкі суд пазбавіў яго права займацца прафесійнай дзейнасцю нібыта за выкрытыя парушэнні.

Мясцовыя актывісты-аднадумцы мяркуюць, што прысуд быў вынесены несправядліва: былое кіраўніцтва неаднаразова папярэджвала Аляксандра, што празмерная палітычная і грамадзянская актыўнасць у раёне не ўхваляецца. Між тым малады спецыяліст патрабаваў выканання службовых абавязкаў ад сваіх калег, дамагаўся жытла, на якое меў права як выпускнік медвучэльні і сірата, урэшце пайшоў у назіральнікі на парламенцкіх выбарах.

Цяпер былы фельчар Бычыхінскага ФАПа згодны працаваць нават у сельскай гаспадарцы на самай непрыстыжнай пасадзе, бо проста не мае сродкаў да існавання. Ён  звярнуўся на сельгаспрадпрыемства вёскі Бычыхі – ПМК і КУСГП імя Свярдлова, але на працу яго не прынялі, хаця ў гаспадарцы патрэбныя шэсць працаўнікоў, у тым ліку чатыры жывёлаводы. Пра гэтыя вакансіі паведамляе інтэрнэт-сайт Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, але для Аляксандра Жыткевіча іх нібыта няма. Не знайшлося працы і ў сельгаспрадпрыемства “Чыгуначнік”, куды малады чалавек звярнуўся па накіраванню Цэнтра занятасці і Гарадоцкага РАУС, які ажыццяўляе нагляд за выкананнем ім патрабаванняў прысуду. Агульным лікам Аляксандр Жыткевіч атрымаў ужо чатыры адмовы, хаця  ў раёне цяпер ёсць 75 вакансій, і больш за тузін з іх не патрабуе ніякай спецыяльнай кваліфікацыі або адукацыі.

Рассказать друзьям

Share to Google Plus
Share to Odnoklassniki
Share to LiveJournal
Share to MyWorld
Share to Yandex

Другие статьи

Извините, комментирование закрыто.

Реклама от RedTram