Главная » BY, Актуально, Витебская, Экономика

З-за свавольства ўладаў прадпрымальнікі трацяць грошы

6 июля 2009 Один комментарий

Каля месяца на рагу Маскоўскага праспекта і вуліцы Смаленскай у Віцебску вялося будаўніцтва гандлёвага комплекса. Але губернатару Аляксандру Косінцу гэты аб’ект чамусьці не спадабаўся.

Дзесяць віцебскіх прадпрымальнікаў – уладальнікаў гандлёвых шапікаў, якія меркавалася аб’яднаць у адну сучасную краму, – дагэтуль не могуць прыйсці ў сябе пасля зносу іх маёмасці.

– На гэтым месцы шапікі стаялі з 1992 года, – распавядае Андрэй Адамцоў, уладальнік вядомай у Віцебску “жалезкі” – шапіка, дзе прадаваліся музычныя часопісы, дыскі і касеты. – 8 лютага гарвыканкам прыняў рашэнне, што ўсе шапікі альбо знясуць, альбо іх неабходна рэканструяваць у крамкі з гандлёвай залай. Мы ўсе сабраліся і пагадзіліся будавацца. Атрымацца мусіў цэлы комплекс, бо нашы шапікі гандлявалі і гароднінай, і прадуктамі, і прамтаварамі. 1 мая будаўніцтва пачалося, а 11 чэрвеня на гэтае месца прыгналі трактары і экскаватары, якія пачалі руйнаванне аб’екта.

Прадпрымальнікам паведамілі дзве прычыны зносу. Неафіцыйная выглядае так: 22 мая горад чарговы раз аб’язджаў губернатар Аляксандр Косінец, і быў ён, відавочна, не ў гуморы. Бо інакш чаму ён раптам загадаў спыніць будаўніцтва, калі праект быў ужо зацверджаны, экалагічная і дзяржаўна-ведамасная экспертызы пройдзеныя, дазвол на будаўнічыя працы атрыманы, падмурак крамы зроблены, а на плоце для мінакоў пазначана, што фірма “БОСком” неўзабаве ўзвядзе тут новы аб’ект сацыяльнай інфраструктуры. Афіцыйную прычыну чыноўнікі з гар- і аблвыканкама прапанавалі такую: маўляў, паступаюць скаргі жыхароў на тое, што вакол шапікаў ходзяць “асобы бомж”, дый увогуле крама на гэтым месцы нікому не патрэбна.

Цяпер тэрыторыю, дзе мусіў стаяць гандлёвы комплекс, нават не пазнаць: рэшткі падмурку засыпалі зямлёй, а паверх пасадзілі траўку – атрымаўся зялёны лужок.

– Куды мы толькі ні скардзіліся, – кажа спадар Адамцоў, які разаслаў з дзесятак лістоў у розныя інстанцыі. – У падрыхтоўку дакументацыі і будаўніцтва кожны з нас, прадпрымальнікаў, уклаў немалыя сродкі, якія нам ніхто, здаецца, не збіраецца вяртаць. Мы ніяк не ўцямім: як так можна, каб аб’ект, які будаваўся па ўсіх правілах і законах, быў зацверджаны ва ўсіх кабінетах, раптам быў празнаны “не адпаведным горадабудаўнічым патрабаванням”? Выканаўчая ўлада робіць што хоча!

У версію пра скаргі грамадзянаў на непарадак і пра тое, што крама не патрэбна людзям, Андрэй Адамцоў не верыць. Ён згадвае, як упарта “ваявалі” пакупнікі за крамку па продажы гародніны, якую некалькі разоў спрабавалі зачыніць. І паказвае некалькі соцень подпісаў, сабраных студэнтамі універсітэта супраць таго, што зачынілася “жалезка”, ці не адзінае ў горадзе месца, дзе можна было знайсці дыск з любімай музыкай. Дзяўчаты куплялі ў адным з тутэйшых шапікаў недарагую касметыку, а яшчэ тут прадаваліся кветкі, сувеніры, біжутэрыя…

Прадпрымальнікі распавядаюць, што замест гандлёвага комплекса гарадскія ўлады прапанавалі ім пабудаваць крамкі ў розных месцах горада. Нехта паехаў па ўказаным адрасе і трапіў… на могілкі. Над сумнай сімволікай гэтага здарэння ўладальнікі шапікаў толькі пасмяяліся. Але тлумачэнняў  з розных інстанцый яны яшчэ чакаюць, каб падрыхтавацца да судовага працэсу. Прадпрымальнікі не згодныя з тым, што ўласныя грошы яны страцілі па нечай асабістай прыхамаці.

Рассказать друзьям

Share to Google Plus
Share to Odnoklassniki
Share to LiveJournal
Share to MyWorld
Share to Yandex

Другие статьи

Один комментарий »

  • Витя Могилевский пишет:

    предприниматели всех стран объединяйтесь! или это уже где-то было?