Главная » BY, Витебская, Политика

“Еўрапейская кааліцыя” лічыць прысуд Леаніду Свеціку беспадстаўным

17 июля 2009 Комментариев нет

Адпаведную заяву 16-га ліпеня агучыў палітык Аляксандр Скрабец, які прыехаў у Віцебск падтрымаць праваабаронцу.

Згодна з прысудам Леанід Свецік прызнаны вінаватым у распальванні міжнацыянальнай і рэлігійнай варожасці як той, хто мае самае непасрэднае дачыненне да распаўсюджвання лістоў ад імя “Витебского отделения “Русского Национального Единства”, якія прыходзілі на адрасы апазіцыянераў, супрацоўнікаў мясцовых газет, віцебскай габрэйскай грамады, на службовы адрас аблвыканкама і г.д. Усяго 15 лістоў фігуруюць у крымінальнай справе праваабаронцы, які сцвярджае, што не толькі не пісаў і не рассылаў іх, але нават не быў знаёмы з людзьмі, якім яны адрасаваліся.

У лістах былі заклікі русіфікаваць беларускамоўны тэатральны рэпертуар, пагрозы асобным апазыцыянерам за палітычныя погляды. Актывісты габрэйскай суполкі атрымалі папярэджанне, каб спынілі збор грошай на помнік ахвярам Халакосту, а старшыні віцебскай філіі прадзяржаўнага Саюза пісьменнікаў Беларусі аўтары вынеслі падзяку за “развал националистического писательского объединения”. Бясспрэчных доказаў таго, што ўсё гэта пісаў або друкаваў віцебскі праваабаронца, не знайшлося нават у адмыслоўцаў, якія рабілі экспертызы. У высновах іх працы гаворыцца толькі пра тое, што “верагодна”, “мажліва”, “выканана са змяненнем почырку”, а самая важная, аўтаразнаўчая экспертыза вызначыла, што аўтар допісаў паўсюль адзін і той самы, але гэта не Свецік.

Тым не менш, суд прызнаў Л.Свеціка вінаватым і пастанавіў, што ён мусіць заплаціць у даход дзяржавы штраф памерам 31 500 000 рублёў, аплаціць зробленыя экспертызы і судовыя выдаткі, а таксама пералічыць адзін мільён рублёў той самай старшыні філіі СПБ Красновай-Гусачэнка, бо паэтка-пенсіянерка заявіла, што пасля атрымання лістоў за подпісам РНЕ ў яе абвастрылася хранічная хвароба вушэй.

Заяву па факце вынясення такога прысуду і прыняла “Еўрапейская кааліцыя”. У ёй адзначаецца:  “Мы лічым, што беларускі рэпрэсіўны рэжым працягвае практыку запалохвання іншадумцаў па палітычных матывах. Мы лічым прысуд Свеціку беспадстаўным і незаконным. Патрабуем спыніць крымінальны пераслед Леаніда Свеціка, неадкладна вызваліць ваўкавыскіх прадпрымальнікаў і Арцёма Дубскага, спыніць пераслед асуджаных па справе “Чатырнаццаці” і тэрмінова ліквідаваць фактычна створаны ў нашай краіне інстытут палітвязняў”.

Старшыня праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі зазначыў, што Леаніда Свеціка абвінавацілі самым абсурдным чынам толькі для таго, каб кінуць цень на яго асабіста і на беларускі праваабарончы рух увогуле. Ён лічыць, што гэтым прысудам прадстаўнікі ўладных структур хочуць запалохаць апазіцыйных актывістаў, дэмакратычна настроеную моладзь і ўвогуле ўсіх, хто гатовы пратэставаць супраць хібаў у цяперашнім жыцці краіны.

Леанід Свецік збіраецца абскардзіць судовае рашэнне ў Вярхоўным судзе, дзе ягоную заяву павінны разгледзець цягам месяца. У тым выпадку, калі прасуд застанецца без зменаў, яшчэ праз месяц ён мусіць заплаціць накладзены штраф ды іншыя выдаткі. У праваабаронцы два малыя дзіцяці. Жонка не працуе, бо даглядае меншага сына, якому няма і двух гадоў. Дык з чаго плаціць шматмільённую суму?

Таму правабаронца гатовы да таго, каб яму прысудзілі пэўны аб’ём грамадскіх прац – будзе з мяцёлкай прыбіраць смецце на вуліцы. Але ён ніколі не прызнае сябе вінаватым у тых ганебных учынках, якіх ён не рабіў і супраць якіх пратэставаў.

Нагадаем, што тыя, хто атрымліваў лісты ад РНЕ, неаднаразова звярталіся ў КДБ і міліцыю, каб аўтараў адшукалі. Разам з імі гэтага патрабаваў і сам Леанід Свецік, крытыкуючы дзейнасць адпаведных структур за тое, што яны адмаўляюцца выконваць сваю працу. У сувязі з гэтым праваабаронца ацэньвае прысуд не інакш як помсту за сваю грамадзянскую актыўнасць.

Рассказать друзьям

Share to Google Plus
Share to Odnoklassniki
Share to LiveJournal
Share to MyWorld
Share to Yandex

Другие статьи

Извините, комментирование закрыто.

Реклама от RedTram