Главная » BY, Витебская, Общество

У Глыбокім знайшлі астанкі расстраляных

22 июля 2009 Комментариев нет

На іх натрапілі валанцёры з Аб’яднання моладзі Беларускай праваслаўнай царквы, якія расчышчалі сутарэнні сабора Раства святой Маці Божай.

Пад сходамі ў сутарэнні, якія прасціраюцца на некалькі кіламетраў пад зямлёй, спачатку знайшлі некалькі костак і чарапоў, а таксама абрыўкі адзення – мужчынскага, жаночага і дзіцячага. Потым стала зразумела, што пад друзам, камянямі і смеццем знаходзяцца рэшткі некалькіх дзесяткаў чалавек, на якіх захаваліся фрагменты арганічных тканак. У такой сітуацыі працягваць раскопкі стала небяспечным – гэтым мусяць займацца адмыслоўцы, у якіх ёсць спецыяльная вопратка і прылады. Таму валанцёры пакуль пакінулі страшныя знаходкі некранутымі і звярнуліся ў Глыбоцкую раённую пракуратуру.

Многія мясцовыя жыхары мяркуюць, што гэты факт неяк звязаны з усталяваннем савецкай улады ў Глыбокім у 1939 годзе – напрыклад, таму, што разам з рэшткамі быў знойдзены пачак з-пад цыгарэт, вырабленых у Варшаве.

– Наўрад ці ў 1941-м ці нават у 1940-м годзе ў некага тут яшчэ засталіся польскія цыгарэты, – разважае глыбоцкі актывіст, старшыня суполкі Партыі БНФ Яраслаў Берніковіч. – А яшчэ ў нас усім вядома, што літаральна за 50 метраў ад сабора знаходзіцца раённы аддзел міліцыі, і міліцыянты займаюць гэты будынак з таго самага часу – з 1939 года, пераняўшы яго ад “папярэднікаў” – польскіх паліцыянтаў. Калі прыняць да ўвагі той факт, што наганамі і вінтоўкамі Мосіна былі ўзброеныя савецкія салдаты, і гільзы ад іх знайшліся разам з парэшткамі, то высновы просяцца самі сабой: хутчэй за ўсё, расстралялі тых, хто аказваў супраціў савецкай уладзе або быў у польскім павятовым кіраўніцтве. Каб не закопваць трупы, іх проста маглі скінуць у сутарэнне, заліць будаўнічым растворам ды закідаць каменнем.

Глыбоцкі краязнаўца Уладзімір Скрабатун расказвае, што пра сутарэнні пад саборам Раства святой Маці Божай ходзяць легенды:

– У 1960-я гады ў гэтых сутарэннях быў склад кансервавага завода. Тут захоўвалі гародніну, а людзі перабіралі яе і ў начную змену. Дык яны распавядалі, што бачылі тут здань – дзяўчыну ў ружовай сукенцы. Людзі дужа палохаліся, прасіліся, каб іх не пакідалі на ноч у зачыненым памяшканні, але на камсамольскім сходзе ўсім было сказана, што зданяў у прыродзе не бывае, і забаранілі нават заікацца пра гэта. Праўда, здань нікуды не дзелася: літаральна тыдні два таму адна знаёмая казала, што ёйны сын разам з сябрам спускаліся ў сутарэнні ды бачылі яе зноў.

Здань дзяўчыны ў ружовай сукенцы нікому нічога не кажа, толькі ціха лунае ў паветры. І  пра расстрэлы ды астанкі ў сутарэннях ніхто нічога дакладна сказаць не можа. Сведкаў або тых, хто нешта памятае пра падзеі ў старых мурах, пакуль не знайшлося. Зрэшты, сутарэнні пад саборам вельмі глыбокія. Краязнаўца Уладзімір Скрабатун гаворыць, што нават каб у іх расстрэльвалі людзей, на паверхні нічога б не было чуваць.  Таму, што за людзі былі расстраляныя,  і чаму іх  напаткала такая смерць, пакуль невядома.

Рассказать друзьям

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в Одноклассники
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Яндекс

Извините, комментирование закрыто.

Реклама от RedTram