Главная » BY, Гомельская, Культура

Новыя знаходкі беларускіх археолагаў

14 августа 2009 Комментариев нет

У Светлагорскім раёне на раскопках колішняга горада Казіміра выяўлены падмурак храма. На тым самым месцы знойдзены астанкі жыхароў, якія загінулі падчас разбурэння горада ў 1655 г.

Чацвёрты палявы сезон вядуцца археалагічныя раскопкі ў вёсцы Каралёва Слабада-2. Вёска ўтварылася ў ХVII ст. на месцы разбуранага гораду.

– Па пісьмовых звестках храм у Каралёвай Слабадзе вядомы з 1835 г. – спачатку грэка-каталіцкі, затым праваслаўны. Царква называлася Дабравешчанская, была драўляная; зруйнавана ў 1930-х гадах. Мясцовы старажыл Фёдар Восіпаў паказаў дакладнае месца, дзе яна стаяла. Рэшткі падмурка знайшлі хутка. Ён складзены з прыроднага каменя і змацаваны вапнавым растворам, – распавёў навуковы кіраўнік раскопак прафесар Сяргей Рассадзін.

Але галоўная мэта – пошук слядоў храма, які існаваў у час Казіміра. Пра тое, што ў горадзе меўся храм, сведчыць спіс жыхароў Казіміра. Спадар Рассадзін знайшоў яго нядаўна ў архіве, і ў спісе сярод гараджан пададзены святар і дзяк.

– Цэрквы часта будавалі на тым самым месцы, дзе яны стаялі і раней. Таму не выключана, што каралёваслабодская царква стаяла на месцы казімірскай. Як і ў папярэднія гады, ёсць сумныя знаходкі: парэшткі людзей. Гэта жыхары Казіміра, якія загінулі пры разбурэнні горада, – гаворыць прафесар.

Казімір быў утвораны ў 1643 г., яго жыхары мелі магдэбургскае права і займаліся рамёствамі, гандлем і рыбнымі ловамі. У 1654 годзе Маскоўская дзяржава пачала вайну з Рэччу Паспалітай, якая цягнулася 12 гадоў. У 1655 г. маскоўскі цар выдаў загад, каб войскі, “ідучы дарогаю, сёлы і вёскі і хлеб і сена… палілі і людзей забівалі… і зьнішчалі зусім і поўнасьцю”. У тым жа годзе горад быў разбураны, аб чым было дакладзена цару.

– Сёлета ў Каралёвай Слабадзе ўпершыню выяўлены знаходкі і V – VII стагоддзяў, яны адносяцца да калочынскай археалагічнай культуры, – паведаміў С. Рассадзін.

На раскопках працуюць 20 добраахвотнікаў. Гэта розныя людзі: ад трэцякласніка, які прыехаў са старэйшым братам, да намесніка дэкана універсітэта. А сярод падлеткаў і моладзі тут ёсць і сябры БРСМ, і студэнты-каліноўцы. Айцец Дзмітрый, настаяцель царквы Святой роўнаапостальнай Марыі Магдаліны ў гарадскім пасёлку Парычы, правёў на раскопе малебен. Даследаванні на месцы храма працягнуцца і ўлетку наступнага года.

kazimir-raskopki1

kazimir-raskopki2

kazimir-raskopki

Рассказать друзьям

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в Одноклассники
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Яндекс

Извините, комментирование закрыто.

Реклама от RedTram

Loading...