Главная » BY, Общество

У ЕГУ арганізавана новая магістарская праграма па публічнай палітыцы

13 сентября 2009 Комментариев нет

Магістарская праграма была распрацавана ў супрацоўніцтве з факультэтам публічнага адміністравання Лейдэнскага ўніверсітэта (Нідэрланды). Яна накіравана на падрыхтоўку спецыялістаў, якія валодаюць тэхналогіямі публічнай палітыкі і могуць быць яе эфектыўнымі ўдзельнікамі ў сферы дзяржаўнага і грамадскага кіравання.

На думку куратара праграмы, вядомага палітолага Святланы Навумавай, “паняцце “публічная палітыка” ахоплівае вельмі шырокае кола з’яў. Гэта і працэдуры прыняцця палітычных рашэнняў, і дзяржаўнае кіраванне, і распрацоўка нацыянальных праграм і праектаў, і тэхналогіі іх рэалізацыі. Акрамя таго, у сферу публічнай палітыкі ўключаецца і ўдзел грамадзян, і масавыя камунікацыі. Іншымі словамі, гаворка ідзе пра бачную, “надводную” частку палітычнага працэсу, удзел у якім патрабуе адпаведных прафесійных навыкаў.”

Цяпер у Беларусі няма навучальных устаноў, якія рыхтавалі б спецыялістаў у галіне публічнай палітыкі ў сучасным сэнсе гэтага слова. Адукацыйныя праграмы беларускіх універсітэтаў накіраваныя выключна на вывучэнне формаў і метадаў дзяржаўнага кіравання ва ўмовах вертыкальнай і цвёрда іерархічнай будовы палітычнай сістэмы. Прапанаваная магістарская праграма “Публічная палітыка” ў першую чаргу арыентаваная на засваенне еўрапейскага досведу ў галіне публічнай палітыкі.

Магістратура ЕГУ завяршае цыкл падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне паліталогіі. Сёлета навучанне ў ёй працягнуць першыя выпускнікі бакалаўрыяту ЕГУ ў Вільнюсе. Для ўдзелу ў праграме запрашаюцца грамадзяне Беларусі, якія маюць вышэйшую адукацыю ў галіне сацыяльна-гуманітарных навук, а таксама тыя, хто мае досвед працы ў сферах публічнай палітыкі і грамадзянскай супольнасці. Як лічыць куратар праграмы, “адукацыя ў галіне грамадскай палітыкі і дзяржаўнага кіравання сёння – адзін з найболей прэстыжных і запатрабаваных кірункаў навучання. Немагчыма ўявіць сучасны ўніверсітэт, які не рыхтуе спецыялістаў у галіне публічнага менеджменту.”

Навучанне будзе праходзіць на беларускай, рускай і англійскай мовах. Фармат навучання ўяўляе сабой камбінаванне вочных заняткаў у Вільнюсе і самастойнае выкананне заданняў праз сістэму дыстанцыйнага навучання. Тэрмін навучання ў магістратуры – 1,5 гады.

На перыяд навучання студэнты атрымліваюць бясплатную візу. Яны таксама маюць права карыстацца бібліятэкай ЕГУ, удзельнічаць у сацыяльным і культурным жыцці ўніверсітэта. Ім даецца магчымасць карыстацца бяздротавым Інтэрнэтам у вучэбных будынках універсітэта, электроннымі копіямі навуковай і вучэбнай літаратуры.

Студэнты, якія паспяхова скончылі магістратуру, атрымліваюць дыплом аб прысваенні ступені магістра палітычных навук, прызнаны ў якасці дакумента аб адукацыі ў краінах Еўрапейскага Саюза. Прыём дакументаў ажыццяўляецца да 20 верасня 2009 года.

Больш падрабязна з праграмай можна пазнаёміцца на сайце Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.

Рассказать друзьям

Share to Google Plus
Share to Odnoklassniki
Share to LiveJournal
Share to MyWorld
Share to Yandex

Другие статьи

Извините, комментирование закрыто.