Главная » BY, Витебская, Общество

Ударылі клёцкамі па крызісе

15 сентября 2009 Один комментарий

У Полацкім раёне прайшла “антыкрызісная імпрэза”: адбыўся першы ў Беларусі чэмпіянат па паяданні бульбяных клёцак. Арганізатары  лічаць, што гэта была не проста забава, але і выдатная рэклама прадукцыі мясцовых прадпрыемстваў.

klecki-konkurs1

Ідэя арганізаваць спаборніцтва едакоў традыцыйнай беларускай стравы нарадзілася ў Полацкім райвыканкаме. Намеснік старшыні Пётр Пяткевіч кажа, што такім чынам можна паспрыяць развіццю тутэйшай харчовай прамысловасці, а яшчэ выхаваць у спажыўцоў патрыятычныя пачуцці.

– Спачатку мы хацелі проста зацікавіць чымсьці людзей. А атрымалася, што і прыўзнялі неяк нацыянальную ідэю. Вось украінцы ганарацца варэнікамі, расіяне – пяльменямі, немцы без сасісак не немцы, так? А мы павінны ўзняць нашую нацыянальную ідэю, што бульбяная клёцка – гэта беларуская клёцка.

Намеснік старшыні райвыканкама падкрэсліў, што ў арганізацыі конкурсу зусім не давялося выкарыстоўваць так званы “адміністрацыйны рэсурс”. Полацкі камбінат хлебапрадуктаў адразу пагадзіўся прапанаваць на дэгустацыю бліны з грэцкай мукі, а з малочнага камбіната прывезлі смятану, малако і кефір, каб удзельнікам конкурсу было чым запіваць з’едзеныя клёцкі, а таксама бясплатнае марожанае для дзяцей з вёскі Гараны, дзе праходзіла мерапрыемства.

Але галоўным героем мерапрыемства, безумоўна, было прыватнае прадпрыемства “БелКа- Цэнтр” – менавіта там робяць клёцкі з мясам, або, як гавораць на Полаччыне, “з душамі”. І для конкурсу такіх клёцак зляпілі 1600 штук . З улікам таго, што на прадпрыемстве іх фармуюць уручную, давялося рабіць гэта амаль усё ноч навылёт.

–Затое, – кажа дырэктарка фірмы “БелКа- Цэнтр” Вольга Пятрова, – мы разлічвалі на самую шырокую рэкламу нашай прадукцыі.

klecki-konkurs2

Рэклама насамрэч сталася шырокай, бо у ліку 20 каманд-удзельніц былі й прадстаўнікі прэсы.  “СБ”, БелТА і некалькіх тэлеканалаў склалі ажно дзьве каманды, але перамагчы сапернікаў нікому з журналістаў не ўдалося. Мясцовыя СВК і прадпрыемствы-спонсары  выставілі мацнейшых гульцоў: хлопцы казалі, што папярэдне некалькі дзён рыхтаваліся. Хтосьці знарок два дні не еў, а нехта наадварот – распрацоўваў страўнік, змушаючы жонку гатаваць клёцкі ці не тыдзень запар.

Зрэшты, нездарма над сталом для канкурсантаў вісеў плакат “Клёцкі есці – ня лапці плесці”. Спаборніцтва праходзіла ў тры этапы, і спажываць прадукцыю айчыннага вытворцы трэба было не проста на хуткасць. Толькі на першым этапе ўдзельнікам трэба было з’есці як мага болей клёцак за тры хвіліны. І тое вядучая конкурсу, загадчыца ідэалагічнага аддзела Полацкага райвыканкама Людміла Гаўрылава, папярэджвала: “Ямо культурна і інтэлігентна! Відэлец у левую руку, ножык у правую, разразаем клёцку на чатыры часткі”.

Падчас другога этапу ўдзельнікі ўвогуле мусілі чапляць клёцку на зубачыстку.На апошнім этапе час не абмяжоўвалі. Адмяралі толькі стандартныя порцыі для ўдзельнікаў – па 16 клёцак на кожнага. Уладзімір Якаўлеў з каманды малочнага камбіната з’еў іх усяго за пяць хвілін і стаў пераможцам, усталяваўшы першы нацыянальны рэкорд на незвычайным чэмпіянаце.

Адміністрацыя фірмы “БелКа- Цэнтр” спадзяецца, што цяпер пакупнікі толькі з аднае цікаўнасці пачнуць набываць такія самыя клёцкі. А ўжо ў тым, што яны абавязкова спадабаюцца спажыўцам, калектыў з 15 жанчын не сумняецца. Прадстаўнікі іншых прадпрыемстваў таксама разлічваюць на частку заслужанай папулярнасці: супрацоўнік  малочнага камбіната ўвесь час нагадваў прысутным, што клёцкі дужа добра спалучаюцца з малочнымі прадуктамі, а спадарыні з камбіната хлебапрадуктаў не забываліся падказаць, што такі неад’емны інгрыдыент клёцак, як манныя крупы, вырабляецца менавіта ў іх.

Рассказать друзьям

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в Одноклассники
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Яндекс

Один комментарий »

  • Св.Зянон пишет:

    Гэта ўсё замова з Масквы? Дзе «Смачна есьці»? Дзе мова? «Обжора» — гэта абраза для сумленных грамадзян.

Реклама от RedTram