Главная » BY, Гродненская, Культура

Гарадзенскі стараста Антон Тызенгаўз

28 сентября 2009 Комментариев нет

Гісторык Юры Гардзееў напісаў кнігу пра  рэфарматара часоў караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

Яшчэ са студэнцкіх гадоў аўтара вельмі цікавіла Гарадніца – прадмесце 18 стагоддзя, якое будавалася адразу за гродзенскай мяжой. А збудаваў яго якраз каралеўскі стараста Антон Тызенгаўз, пра якога існавала нямала публікацый. Самую грунтоўную працу – палітычны партрэт старасты – выдаў Станіслаў Касцялкоўскі. Кніга складаецца з двух тамоў і мае паўтары тысячы старонак. Яна была надрукавана на польскай мове ў Лондане на пачатку 1970-х гадоў.

Але на беларускай мове не было асобнай папулярнай кніжкі пра гродзенскага рэфарматара. Цяпер яна ёсць і называецца – “Рамантык эпохі Асветніцтва”. Юры Гардзееў падкрэслівае, што не хацеў ідэалізаваць гэтага чалавека, а паказаў таксама адмоўныя моманты яго дзейнасці. Напрыклад, забяспечваючы матэрыяльны дабрабыт караля, Антон Тызенгаўз стварыў у Гарадніцы мноства сучасных мануфактур, а ў якасці рабочай сілы браў сялян, якіх пераводзіў на паншчыну. Гэтым ён рабіў крок назад, паколькі раней сяляне былі больш незалежныя ў эканамічным плане. У некаторых мястэчках Тызенгаўз скасаваў нават Магдэбургскае права. Але кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі быў задаволены, бо атрымліваў добры прыбытак дзякуючы свайму старасту.

Аднак для нас сёння важна тое, што Антон Тызенгаўз не толькі стварыў адміністрацыйны і прамысловы цэнтр, але таксама вельмі спрыяў развіццю культуры, адукацыі. Пры ім былі пабудаваныя тэатр, музычная школа і медыцынская акадэмія. У сувязі з гэтым гісторык звяртае ўвагу на пэўную недарэчнасць. Справа ў тым, што ў Беларусі чамусьці працягваецца старая савецкая традыцыя, якая лічыць гісторыю асобных гарадоў “недысертабельнай”: маўляў, нельга напісаць кандыдацкую ці доктарскую працу на падставе гісторыі аднаго горада. Хаця ва ўсіх еўрапейскіх краінах гэта распаўсюджаная практыка. Таму гарадамі нашыя навукоўцы амаль не займаюцца, у лепшым разе даволі павярхоўна. Не даследуюцца, у прыватнасці, асобныя аспекты гарадской культуры.

Сам Юры Гардзееў выпусціў раней кнігу “Магдэбургская Гародня”, у якой гаворыцца пра планіроўку, асваенне сацыяльнай прасторы, маёмасныя адносіны: хто дзе купляў зямельны пляц або дом, хто прадаваў нерухомасць. Таксама ў кнізе гаворыцца пра этнаканфесійную і прафесійную структуру горада над Нёманам. Аднак яна не вычарпала ўсю гродзенскую гісторыю 16-18 стагоддзяў. Неўзабаве пасля таго як кніга выйшла, Юры Гардзееў знайшоў у Вільні новыя матэрыялы, дзе маюцца звесткі пра арганізацыю цэхавай структуры, пра гандлярскія карпарацыі, рамесныя цэхі ў Гродне. Карацей, такая кніга не можа быць канчатковай, і гісторык хацеў бы заахвоціць іншых даследчыкаў далучыцца да вывучэння мінулага горада над Нёманам.

Рассказать друзьям

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в Одноклассники
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Яндекс

Извините, комментирование закрыто.

Реклама от RedTram