Главная » BY, Витебская, Экономика

Па кілбасу або па здароўе?

26 октября 2009 Комментариев нет

З 22 па 24 кастрычніка ў будынку канцэртнай залы “Віцебск” праходзіла выстава-продаж “Віцебшчына – за здаровы лад жыцця”, якая насамрэч больш нагадвала спробу разгрузіць склады прадпрыемстваў.

vystavka-vitebsk

Тыя, хто трапляў на першы паверх, на астатнія два падымаліся толькі з прычыны асаблівае цікавасці: менавіта ўнізе гандлявалі сваёй прадукцыяй мясакамбінаты і птушкафабрыка “Ганна”. Прадавалася ўсё без гандлёвых нацэнак, таму пакупнікі бралі свіныя кілбасы і вэнджаных курэй, асабліва не зважаючы на тое, дыетычныя яны ці не. Рэдка хто пытаўся, якім чынам спажыванне менавіта гэтых мясных вырабаў мусіць спрыяць здароўю. На яго глядзелі як на дзівака: маўляў, мала таго што танна, дык яшчэ хочаш, каб было карысна?

Затое на другім паверсе ахвотных пераконвалі ў адваротным: расказвалі, што тлустае есці шкодна і што каму-нікаму ўвогуле карысная жорсткая дыета. Тут арганізатары выставы наладзілі бясплатны прыём урачоў-адмыслоўцаў. Можна было звярнуцца і да акуліста, і да дантыста, і да анколага, і да псіхіятра. І, канечне, да звычайнага тэрапеўта, які прапаноўваў тут жа памераць ціск і даваў рэкамендацыі. Быў прадстаўлены і шырокі спектр паслуг медычных ўстаноў, у першую чаргу касметычных.

Недзе ў кутку прытуліўся шапік Віцебскага вінаробнага завода. Спадарыня з аддзела маркетынгу спрабуе рэкламаваць гарбату ўласнае вытворчасці – з  сушанымі яблыкамі, лісцем маліны ды парэчак.

– Асноўная прадукцыя ў нас, канечне, віно. Яго рэкламаваць не трэба, і так бяруць добра. Але з ім сюды нельга, бо тут усе нібыта за здаровы лад жыцця. А гарбату ніхто асабліва не бярэ, бо яна даражэйшая за звычайную, без дамешкаў, і дужа ўжо на аматара.

Насупраць шапіка з гарбатай – стэнд БРСМ. Дзяўчаты і хлопцы спрабуюць зладзіць трывіяльную акцыю “Мяняем цягарэты на цукеркі”. Ахвотных няма, і танныя карамелькі бліжэй да вечара даюць усім, хто здагадаецца проста папрасіць. А ў другім крыле тым часам 14-15-гадовыя школьніцы ў аднолькавых майках спрабуюць прыцягнуць увагу дарослых да праблемы СНІДу: прапануюць плакацікі з намаляванымі прэзерватывамі.

На верхнім паверсе – нечаканае ажыўленне. Аказваецца, тут робяць бясплатны масаж. У чарзе стаяць і маладыя, і старыя, бо масаж – працэдура дарагая, а тут – дарма.

– У нас на падобныя выставы ходзяць тысячы людзей, а ў Віцебску чамусь толькі адзінкі,  – спрабуе асэнсаваць сітуацыю Галіна Стасевіч, супрацоўніца Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі з Брэста. – Здаецца, у вас проста мала рэкламы было, бо ў нас на кансультацыі да ўрачоў бывае не даступіцца. І спецыялістаў болей. А яшчэ розныя арганізацыі-ўдзельнікі ў нас не проста стаяць уздоўж сценкі, а ладзяць нейкія віктарыны, конкурсы, міні-канцэрты з агітацыяй за здаровы лад жыцця. А ў Віцебску чамусь толькі зойдуць у будынак, і тут жа выходзяць. Няўжо не разумеюць, што сачыць за здароўем выключна важна і тут дапамагаюць гэтаму навучыцца?

Верагодна, спадарыня Галіна проста недаацаніла стратэгію арганізатараў выстаўкі, якія, мусіць, паставілі за мэту падтрымаць тутэйшых вытворцаў. Але, хутчэй за ўсё, у Брэсце проста не гандлююць салам ды кумпякамі, падчас падобных імпрэзаў, патэтычна заклікаючы пры гэтым берагчы сваё здароўе.

Рассказать друзьям

Share to Google Plus
Share to Odnoklassniki
Share to LiveJournal
Share to MyWorld
Share to Yandex

Другие статьи

Извините, комментирование закрыто.

Реклама от RedTram