Главная » BY, Культура, Минская, Темы

Подпісы ў абарону матчынай мовы адправілі Прэзідэнту

30 октября 2009 Один комментарий

Актывісты грамадзянскай кампаніі “Наш дом” у Слуцку сабралі 300 подпісаў пад зваротам вучоных і пісьменнікаў, занепакоеных сітуацыяй з беларускай мовай.

zajava-podpisy-belmova

Суправаджальнае пісьмо на імя Аляксандра Лукашэнкі падпісала актывістка “Нашага дома” Зінаіда Цімошак. У пісьме яна выказвае спадзяванне, што кіраўнік дзяржавы прыме меры па падрымцы роднай мовы і не дапусціць яе канчатковага знікнення.

Якраз на падставе пагрозы поўнага знікнення беларускай мовы больш за трыста вучоных і пісьменнікаў у жніўні бягучага года звярнуліся з лістом да А.Лукашэнкі, кіраўнікоў заканадаўчай і выканаўчай улады Б. Батуры, С. Сідорскага, міністраў і ўсіх грамадзян Беларусі. У звароце высокім чыноўнікам прапануецца прыняць неадкладныя меры па адраджэнні і далейшым развіцці дзяржаўнай мовы. Галоўнае, што патрабуецца – адкрыць беларускамоўны універсітэт, інстытуты, у якіх дзеці беларусаў маглі б вучыцца на роднай мове.

Размова не вядзецца пра прымусовае навучання ў беларускіх ВНУ, а толькі  пра гарантаванне магчымасці навучацца на роднай мове. У нашай краіне існуе Закон аб мовах, і ён, на жаль, не выконваецца.

Пісьменнікі ўжо атрымалі адказ, у якім кіраўнік дзяржавы сцвярджае, што беларуская мова не запатрабавана самім грамадствам, і аб ёй клапоцяцца толькі самі пісьменнікі. Вопыт збору подпісаў у Слуцку паказвае, што гэта, насамрэч не зусім так. Паставілі подпісы пад зваротам  простыя людзі, якія адносяцца да розных прафесій: рабочыя, прадаўцы, слесары, медыкі, механікі, сантэхнікі, настаўнікі, прадпрымальнікі.

Многія, падпісваючы ліст, выказвалі сваё пазітыўнае стаўленне да беларускай мовы. Па словах Віктара Л., ён часта бывае ва Украіне. Яго здзіўляе, з якой ахвотай украінцы размаўляюць на ўкраінскай мове і не саромеюцца яе. Там, за межамі сваёй дзяржавы, ён таксама адчувае сябе беларусам і нават спрабуе гаварыць на роднай мове.

У асноўным, людзі пазітыўна ставіліся да падрымкі роднай мовы на дзяржаўным узроўні. Як заявіла пенсіянерка баба Шура: хай хоць праўнук будзе мець магчымасць у беларускай дзяржаве адчуць сябе беларусам.

Многія случчане лічаць, што праблема з мовай існуе толькі таму, што сам прэзідэнт не ўмее размаўляць на ёй. Калі адзін падпісант пачуў, што па словах прэзідэнта, беларуская мова не запатрабана людзьмі, ён вельмі здзівіўся і сказаў літаральна наступнае:

– Мае суседзі жывуць у доме з аблупленымі сценамі і нікому не скардзяцца. Дык ці значыць гэта, што яны не хочуць жыць у прыгожым доме? Хочуць, канечне, але чакаюць, што нехта зробіць гэта без іх удзелу. Наш народ выхаваны так, што не умее і не хоча патрабаваць. Выконвае ўсё, што патрабуюць ад яго чыноўнікі. Калі б запатрабавалі гаварыць на кітайскай мове, сталі б вывучаць і кітайскую. А беларуская мова не такая ўжо і складаная. Мае суседзі, дарэчы, прыехалі з Расіі тры гады таму назад, адразу былі вельмі зацікаўлены вывучыць беларускую мову і мяне прасілі, каб я гаварыў па-беларуску з імі. А я магу гаварыць толькі на “трасянцы”, нават ваш ліст запоўніў на “трасянцы”. Атрымліваецца, што большасць людзей не ведае ні сваёй, ні чужой мовы.

Сабраныя подпісы ў канцы кастрычніка накіраваны ў Адміністрацыю Прэзідэнта на імя А. Лукашэнкі. Цяпер случчане чакаюць адказу кіраўніка краіны адпаведна з Законам аб зваротах грамадзян.

Рассказать друзьям

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в Одноклассники
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Яндекс

Один комментарий »

  • Св.Зянон пишет:

    Не пакідайце мовы нашай, каб не ўмерлі! (c) Zyanon

Реклама от RedTram