Главная » BY, Гродненская, Культура

Першая беларуская кінамістэрыя будзе называцца “Масакра”

31 октября 2009 Комментариев нет

Пад Жалудком, што на Гарадзеншчыне, здымаецца фільм жахаў, падзеі якога адбываюцца ў Беларусі ХIХ стагоддзя.

masakra-2

Выбар месца невыпадковы: менавіта ў Жалудку ў больш-менш прыстойным стане захаваўся маёнтак князёў Чацвярцінскіх, які і стаў асноўнай здымачнай пляцоўкай “Беларусьфільма”. А здымае кіно рэжысёр Андрэй Кудзіненка, які стаў вядомым і пазнаваемым пасля стужкі “Акупацыя. Містэрыя”. Ён вярнуўся з-за мяжы па запрашэнні студыі менавіта для здымкаў гэтага фільма. На пытанне, ці азначае гэта нейкую рэанімацыю беларускага кіно, рэжысёр адказаў:

– Я не хачу даваць нейкіх характарыстык “Беларусьфільму”, аднак відавочна, што нейкае ажыўленне адбываецца. Таму давайце лепей пагаворым пра маю стужку. Сцэнарый напісаны Аляксандрам Качаном, я ж хачу яе зняць у новым для студыі жанры. Я б назваў яго “бульба-хорар” – заварка містычнага трылера, драмы і іроніі. Галоўнае, ёсць інтрыга і дынаміка падзей. Увогуле, фільм будзе пра нашых продкаў, а значыць, пра нас сённяшніх таксама. І, безумоўна, пра каханне, пра выбар, які заўсёды прысутнічае ў жыцці кожнага чалавека.

Сюжэт стужкі імкліва разварочваецца, калі на сядзібу графа Пазуркевіча едзе Мікалай Казанцаў – малады чалавек, які марыць вучыцца мастацтву ў Італіі, але, не маючы сродкаў, рашаецца на палюбоўную авантуру. Аднак  падзеі, якія адбываюцца ў маёнтку, уцягваюць госця ў вір жахлівай гісторыі і містыкі.

У стужцы заняты як замежныя акцёры, так і беларускія. Натуральна, што Кудзіненка запрасіў тых, хто працаваў з ім у папярэдніх фільмах. Напрыклад, галоўную ролю графа-ваўкалака іграе Зміцер Мілер, вядомы па стужках “Марш Турэцкага”, “Монтэкрыста”, а маладога Мікалая Казанцава таксама расейскі акцёр Андрэй Назімаў, які здымаўся ў Кудзіненкі ў фільме “Розыгрыш”. Заняты таксама і беларускія артысты Святлана  Зелянкоўская, Аксана Лясная, Сяргей Журавель, Аляксандр Кашпераў, Алег Гарбуз і іншыя. Нельга не сказаць і яшчэ аб адным артысце ў стужцы – мядзведзе Сцяпане, бо менавіта ў яго ператвараецца граф. Аднак на здымках мы яго не засталі, таму што здымаўся эпізод, калі Казанцаў толькі едзе ў маёнтак Пазуркевіча.

– У апошні час я пастаянна ў дарозе і толькі што прыехаў з Масквы, – гаворыць выканаўца ролі Казанцава Андрэй Назімаў. – Мне прыемна працаваць з Кудзіненкам, ды і ўвогуле які малады актор не марыць пра голоўную ролю ў кіно. Да таго ж Кудзіненка дазваляе самастойны творчы пошук ролі, ён не дыктуе, ён дапамагае. Гэта вельмі рэдкая рэжысёрская рыса.

Застаецца дадаць, што бюджэт стужкі складае каля 5 млрд. беларускіх рублёў.

– Па ўсёй верагоднасці, – дадае рэжысёр, – здымкі скончацца ў пачатку наступнага года, а на экраны фільм выйдзе хутчэй за ўсё напрыканцы яго. Пакуль мяне амаль усё задавальняе, так што “бульбу-хорар” глядач ацэніць.

А каля Жалудка, на беразе Нёмана, стаіць залатая восень. Па словах мастака-пастаноўшчыка Артура Клімава, яны чакалі менавіта гэтай пары, калі восень дорыць багацце фарбаў.

masakra-1

maskra-3

Рассказать друзьям

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в Одноклассники
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Яндекс

Извините, комментирование закрыто.

Реклама от RedTram