Главная » BY, Гомельская, Политика

Дзе няма штрых-кода, там ёсць вялікі штраф

2 ноября 2009 Комментариев нет

Суд Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці пастанавіў аштрафаваць жыхарку г. Светлагорска Святлану Міхальчанку на 35 базавых велічынь за раздачу інфармацыйнага бюлетэня “Левы марш”.

29 кастрычніка пастанову вынес суддзя Вашчылін Віталь Аляксандравіч. Спадарыня Міхальчанка вінаватай сябе не прызнала і лічыць, што справа супраць яе арганізавана ўладамі з мэтаю палітычнага пераследу.

Старшы памочнік пракурора Светлагорскага раёна Аляксандр Красільнікаў, які ўдзельнічаў у працэсе, патрабаваў аштрафаваць С. Міхальчанка ў памеры 50 базавых велічынь – у прыватнасці, за тое, што на бюлетэні не было штрых-кода.

Пенсіянерка С. Міхальчанка была затрымана 3 верасня насупраць прахадной Светлагорскага вытворчага аб’яднання “Хімвалакно”. Міліцыянты Светлагорскага аддзела дэпартамента аховы Кудрашоў Аляксандр Мікалаевіч і Макараў Уладзімір Яўгеньевіч, якія затрымалі жанчыну, сцвярджаюць, што яна распаўсюджвала там бюлетэнь “Левы марш”, які не мае поўных выдавецкіх дадзеных. Гэты бюлетэнь быў выняты ў Міхальчанкі ўжо ў раённым аддзеле ўнутраных спраў разам з газетай “Товарищ” і лістоўкамі Ад’яднаных дэмакратычных сіл.

Судовыя паседжанні адбыліся 19, 27 і 28 кастрычніка. С. Міхальчанка, актывістка Партыі камуністаў беларускай, патлумачыла, што раздавала газету “Товарищ” і лістоўкі. Што да “Левага марша”, то гэта – бюлетэнь Гомельскага абласнога камітэта ПКБ для інфармавання камуністаў, і яна збіралася перадаць яго ў той дзень у Жлобін. Тое самае пацвердзілі і пяцёра сведак з ліку іншых удзельнікаў акцыі, якія былі апытаныя ў судзе па яе хадайніцтву. Міхальчанка спаслалася таксама на пастанову Кабінета міністраў Беларусі, паводле якой штрых-код павінен быць на таварах, прызначаных для продажу.

У матэрыялах справы, якую склала памочнік пракурора Светлагорскага раёна Грамыка Інна Анатольеўна, фігуруюць пратаколы апытання работнікаў “Хімвалакна”: вядучага інжынера Апіок Т. І., галоўнага бухгалтара Рашук Т. А., аператара ЭВМ Аляксеенкі Л. П. і начальніка аховы Русакова Н. Г. Яны патлумачылі, што Міхальчанка давала ім нейкія выданні, якія яны выкінулі. Пры гэтым Апіок, Рашук і Русакоў, выкліканыя ў суд, не змаглі апазнаць Міхальчанку.

Намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку Светлагорскага РАУС капітан міліцыі Саўчанка Андрэй Пятровіч патлумачыў у судзе, што 3 верасня кіраваў аглядам месца затрымання, пасля чаго ўжо ў РАУС выняў у затрыманай выданні. Аднак старшы следчы Братчэня Сяргей Рыгоравіч паведаміў на судовым паседжанні, што агляд праводзіўся пасля выняцця выданняў, праз тры гадзіны пасля затрымання. Пры аглядзе на месцы затрымання быў знойдзены адзін асобнік “Левага маршу”. На меркаванне С. Міхальчанкі, ён мог быць падкладзены туды супрацоўнікамі КДБ, якія пад выглядам “простых грамадзян” перашкаджалі раздаваць у той дзень друкаваныя выданні. Трэці ўдзельнік агляду – эксперт Захарэўскі – да гэтага часу звольніўся з міліцыі і, па словах А. Саўчанкі, выехаў у Маскву. Таму Міхальчанка не змагла запытацца ў Захарэўскага, для чаго ён зрабіў у якасці доказу фотаздымак засмечанай тэрыторыі ля “Хімвалакна”.

С. Міхальчанка лічыць, што адміністрацыйная справа супраць яе арганізавана КДБ, міліцыяй і пракуратурай, каб перашкодзіць распаўсюджванню альтэрнатыўных матэрыялаў аб сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне. На яе меркаванне, дзеянні ўладаў парушаюць прынцыпы свабоды распаўсюду інфармацыі, якія гарантуюцца Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека і Канстытуцыяй Беларусі. Аб гэтым яна заявіла, выступаючы напрыканцы суда.

У зале суда. С. Міхальчанка – у першым шэрагу другая справа. Сведкі, якія давалі тлумачэнні супраць Міхальчанка, сядзяць з нахіленымі галовамі: у правай частцы залы ў другім шэрагу – міліцыянты А. Кудрашоў (справа) і У. Макараў, у левай частцы залы ў трэцім шэрагу – Н. Русакоў (справа) і Т. Рашук (у светлай вопратцы, адвярнулася)

У зале суда. С. Міхальчанка – у першым шэрагу другая справа. Сведкі, якія давалі тлумачэнні супраць Міхальчанка, сядзяць з нахіленымі галовамі: у правай частцы залы ў другім шэрагу – міліцыянты А. Кудрашоў (справа) і У. Макараў, у левай частцы залы ў трэцім шэрагу – Н. Русакоў (справа) і Т. Рашук (у светлай вопратцы, адвярнулася)

Рассказать друзьям

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в Одноклассники
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Яндекс

Извините, комментирование закрыто.

Реклама от RedTram