Главная » RU, Витебская, Общество

Касцюмы для “прынцэс”, “снежных каралеў” і нават “графіні Дракулы”

7 декабря 2009 Комментариев нет

У віцебскім Палацы творчасці дзяцей і моладзі прайшоў паказ мадэляў дзіцячых карнавальных касцюмаў. Іх пашылі выкладчыкі і навучэнцы ПТВ №19, каб потым прадаць на карысць сваёй навучальнай установы.

Для шырокай публікі гэткі модны паказ праводзіўся ўпершыню. Хаця карнавальныя касцюмы майстры працоўнага навучання і будучыя краўчыхі з прафэсійна-тэхнічнай вучэльні №19 бытавога абслугоўвання насельніцтва шыюць штогод, дагэтуль свае творы яны дэманстравалі толькі ў сябе.

3 снежня на паказ дзіцячых карнавальных касцюмаў запрасілі ўсіх ахвотных, у тым ліку бацькоў, якія маглі тут запазычыць нейкую дызайнерскую ідэю.

На сцэне было прадэманстравана больш за 40 карнавальных касцюмаў, пашытых на дзяўчат і хлопчыкаў дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. А самай малодшай манекеншчыцы, якая дэманстравала касцюм “усходняй прыгажуні”, усяго паўтара года.

Маці і бабулі, якія прыйшлі паглядзець вясёлае казачнае шоў з Дзедам Марозам, Снягуркай і удзельніцамі тэатра моды  ПТВ №19, неўзабаве адчулі сябе ў пэўнай разгубленасці. Яны не ўбачылі ні звыклых “сняжынак” у белых сукенках, упрыгожаных таннымі блёсткамі, ні “зайчыкаў” з ватнымі хвосцікамі. І пераканаліся, што далёка не кожны прадстаўлены тут касцюм можна пашыць дома без адпаведнай адукацыі і прафесійнага густу.

Дарослыя дзяўчаты  выводзілі на сцэну маленькіх “прынцэс” у выкшталцоных сукенках, “лялек”, “мушкецёраў”,  “Бураціну” з “Мальвінай”, вясёлых “снегавічкоў”, забаўных “вавёрачак” і нават “бэтмана” ды “графіню Дракулу”. Гэты бадай што самы экзатычны касцюм дэманстравала шасцігадовая прыгажуня Аліна. А чорную сукенку з накідкай, падбітай чырвоным шоўкам ды ўпрыгожанай чырвона-чорнай кветкай, пашыла ейная сваячка – майстар працоўнага навучаньня Вольга Цвяткова:

– Гэты касьцюм абышоўся прыкладна ў пяцьдзесят тысяч – з тканінай, фурнітурай, акрылавымі фарбамі. Касцюмы, якія шыліся проста, а не на канкрэтную мадэль – прадаюцца. Але амаль што ўсе касцюмы ўжо распрададзеныя.

На думку Вольгі Цвятковай, 50 000 рублёў – гэта не танна, калі гаворка ідзе пра карнавальны касцюм, які апранаюць раз на год. Аднак спаміж паказаных мадэляў былі й такія, што могуць каштаваць і 100 000, і нават болей. Навучальная ўстанова мае магчымасць рэалізоўваць іх праз уласную гандлевую сістэму: некалькі разоў на тыдзень каля ўваходу ў ПТВ ўсталёўваюць шапік, дзе гандлююць мужчынскім, жаночым ды дзіцячым адзеннем, пашытым навучэнцамі.

Але шыюць тут не толькі тое, што людзі звычайна апранаюць у штодзённым жыцці. Будучыя краўчыхі пад кіраўніцтвам майстроў ствараюць і незвычайныя калекцыі адзення, прыдатныя да дэманстрацыі хіба што на подыуме.

– Я была намесніцай дырэктара, зараз выйшла на пенсію, але па-ранейшаму займаюся і тэхнічнай творчасцю, і конкурсамі, – кажа метадыст Таццяна Мельнікава. – Розныя конкурсы – гэта выдатная практыка для нашых дзяўчат і хлопцаў. Канечне, мы не заўжды іх вось так святочна праводзім, але заўжды ўражанняў ва ўсіх дужа шмат, і настрой уздымаецца, і хочацца ў наступным годзе яшчэ больш займацца творчасцю.

Мажліва, што неўзабаве жыхары Віцебска змогуць набыць яшчэ і мяккія цацкі, пашытыя ў вучэльні №19. Бо наступны конкурс, які тут рыхтуецца, прысвечаны Тыгру – сімвалу 2010 года, і называцца ён будзе “Сафары”.

karnaval-vitebsk1

karnaval-vitebsk2

karnaval-vitebsk3

Рассказать друзьям

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в Одноклассники
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Яндекс

Извините, комментирование закрыто.

Реклама от RedTram