Главная » BY, Витебская, Экономика

Гіпермаркет «Карона» у Віцебску: чаканні і расчараванні

28 октября 2011 Один комментарий

Адкрыцця першага ў горадзе гіпермаркету вядомай у Беларусі гандлёвай сеткі ў Віцебску чакалі некалькі месяцаў. 27 кастрычніка крама адчынілася, і натоўп пакупнікоў імпэтна ўшчыміўся ў дзверы. Але многія выходзілі адтуль хутка і з пустымі рукамі.

Пра «Карону», будынак якой узвялі ў канцы вуліцы Чарняхоўскага, на выездзе з Віцебска, даўно ўжо складалі легенды. То казалі, што  на паабяцаныя вялікія заробкі туды перабеглі гандляркі з усіх віцебскіх крам. То перашэптваліся, што гіпермаркет увогуле не адчыніцца, бо рост валютнага курсу перакрэсліў усе намеры і планы заснавальнікаў…

Жыхары Віцебска ў чаканні адкрыцця гіпермаркета "Карона"

Дата адкрыцця сапраўды некалькі разоў пераносілася, аднак падзея ўрэшце адбылася. Пакупнікам, якіх сабралася пад дзвярамі чалавек пад дзвесце, раздалі паветраныя шарыкі. Але  ўзрушаныя  яны былі відавочна з іншай нагоды. Ледзь даслухаўшы прамову старшыні гарвыканкаму Віктара Нікалайкіна пра тое, што адкрыццё «Кароны» — гэта значная падзея і стабільныя, вялікія, пастаянныя падаткі ў гарадскі і абласны бюджэт, усе рванулі да дзвярэй.

Магчыма, нехта спадзяваўся, што пераможцу «забегу» усё дастанецца задарма, ці хаця б у разы танней. Добра, што ў новым будынку некалькі дзвярэй — таму затаптаных або пакалечаных заўважана не было… Аднак узрушанасць на тварах пакупнікоў хутка змянялася расчараваннем.

— А чаму тут няма зніжак? У Мінску ва ўсіх гіпермаркетах зніжкі ёсць, і тут абяцалі! — дзівіцца кабета ў дарагім паліто. Падобна, што адмыслова «сарвалася» з працы, каб трапіць на адкрыццё новай крамы.

— Бабуля, а што гэта? — маленькі хлопчык «дзетсадаўскага» узросту цягнецца да незнаёмай садавіны. Бабуля па складах чытае: «Ка-рам-ба-ла», 184 480 рублёў кілаграм,  «лі-чы»,  301 620 рублёў,  «чэ-ры-мой-я»,  73 250 рублёў». Здаецца, акуляры зараз самі папаўзлі на лоб, каб побач не ляжалі звыклыя бульба, капусты і цыбуля — і ўсе гэта па звыклых ужо коштах, як і ў любой віцебскай краме.

Пакупнікі спадзяваліся, што пераможцу "забегу" усё дастанецца задарма

— Між іншым, цэны тут нават вышэйшыя, чым у гандлёвай сетцы «Віцебскія прадукты». А кажуць, што ў гіпермаркетах усе бывае танней за кошт вялікіх аптовых закупаў, — кажа адна дзяўчына другой.
Сяброўка адказвае:

— Пайшлі, я , здаецца, бачыла танныя цукеркі. А сок тут, хоць і свежавыжаты, але дарагі. Маркоўны за дзве з паловай тысячы піць не хочацца, а замест якога іншага — лепей садавіны купім.

Многія куплялі хоць што-небудзь, каб «апраўдаць» свой візіт у новую краму. Таму ля кас — а іх тут каля 30-ці — адразу ж утварыліся вялікія чэргі. І тут пакупнікоў чакала прыемная неспадзяванка: усе фірмовыя пакеты даюць бясплатна! Але — ці толькі ў дзень адкрыцця і з рэкламнымі мэтамі ? Гэта засталося не вядомым.

У чарзе да касы давялося прастаяць з паўгадзіны. За гэты час давялося назіраць, што многія так і пакінулі краму без пакупак ды з расчараванымі тварамі.

Новая «Карона» знаходзіцца на ўскраіне Віцебска. Перад крамай — вялікая аўтастаянка, разлічаная на 500 месцаў. Галоўнае спадзяванне — на ўладальнікаў машын, якія будуць «закупацца» у гіпермаркеце на тыдзень  ці месяц наперад. Жылых мікрараёнаў паблізу няма, так што наўрад ці пакупнікі паедуць «на край свету» па хлеб ці малако — нават калі на нешта ўрэшце абвесцяць зніжкі.

Крыніца: Беларускія рэгіянальныя навіны

Рассказать друзьям

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в Одноклассники
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Яндекс

Один комментарий »

  • Игнат Домейко пишет:

    Если эта «Корона» круглосуточная, то поедут и не куда не денутся, а цены со временем утрясутся и скидки появятся. Может быть.

Реклама от RedTram