Главная » BY, Брестская, Культура

У Пружанскім раёне да 200-годдзя Юзафа Ігнацыя Крашэўскага… дабіваюць яго спадчыну

2 ноября 2011 4 комментария

На палях ляжаць фрагменты трунаў і цэглаў са склепа Крашэўскіх, разбураюцца фундаваныя Крашэўскімі храмы. Іх сядзіба ў Доўгім памерла па другому разу – зачыненая і прыходзіць у заняпад калгасная ферма, у падмурак якой высыпалі друз ад дома Крашэўскіх. Між тым дом планавалі аднавіць…

Юбілей самага вядомага Крашэўскага, Юзафа Ігнацыя, будзе адзначацца летам 2012 году. Каля вёскі Доўгае знаходзяцца парэшткі сядзібы Крашэўскіх, у якой прайшлі дзіцячыя гады пісьменніка, выдаўца, песняра Літвы. Сядзібу разбуралі ў некалькі прыёмаў: пасля “вызвалення” (1939) года і пасля вайны (1945). Зараз гэта зарослыя куколлем курганкі друзу і камення і тры зваяваныя трыснягом сажалкі. На месцы гаспадарчых пабудоваў поле. Яно сама нядаўна паглынула і падмуркі капліцы са склепам праз шашу. На полі раскіданыя цэглы і фрагменты цынкавых трунаў.

На месцы капліцы Крашэўскіх.

На месцы капліцы Крашэўскіх: рэштки ад цынкавай труны

Капліца Крашэўскіх

Краязнавец Мікалай Ваўчок, настаўнік гісторыі на пенсіі, родам з вёскі Доўгае, бывае тут наездамі. Ён распавядае:

Усё магутным бульдозерам у кучу зграблі. Я патэлефанаваў у сельсавет, у Палацык [Пружанскі раённы музей – regionby.org]. Дайшло там да аддзела культуры. Кажу: буду біць трывогу, што гэта такое? Хачу, каб вы хоць рассунулі назад. Няхай пакуль так будзе. Аднак потым прыехаў і бачу: роўная мясцовасць. А мне загадалі маўчаць.

Пра капліцу, пабудаваную на пачатку 19-га стагоддзя, спадар Ваўчок ведае ўсё:

– Абраз там быў цудатворны. Пра гэта сведчаць самі Крашэўскія. Па-першае, аднойчы яны ўбачылі, што ў капліцы ноччу свецяцца вокны. Расчынілі дзверы – а ў капліцы ўсе свечкі гараць. Хваробы, якія былі ў сялян ці ў Крашэўскіх, пасля малітвы ў капліцы праходзілі.

Падлетак Міколка Ваўчок быў сведкам таго, як грузілі друз ад разбуранага дома для падсыпкі калгаснай фермы. Каля пагрузчыка дзеці тады знайшлі медальён пані Крашэўскай, які цяпер захоўваецца ў абласным краязнаўчым музеі.

Як прыклад іншага стаўлення краязнавец называе… часы нямецка-фашыстоўскай акупацыі. “Немцы даведаліся, хто разрабаваў дом пасля адыходу Чырвонай Арміі. Патрымалі месяц у Пружанскай турме і расстралялі”. Краязнавец не перастае звязваць лёс дома Крашэўскіх і капліцы ля дарогі. Мікалай Ваўчок:

Пасля 1863 года (паўстанне Каліноўскага) ўзнікла пытанне канфіскацыі гэтага маёнтка, паколькі Крашэўскія ўскосна ўдзельнічалі. Яны сябравалі са Шлыкоўскім з Пружан і, як сведчаць мясцовыя жыхары, як перадавалася з пакалення ў пакаленне, яны тут хавалі зброю. Кажуць, што хтосьці з Крашэўскіх накіраваўся да рымскага Папы. Маўляў, як быць з капліцаю, бо яна падпадае пад канфіскацыю, а там святы абраз. А Папа нібыта сказаў, што Багародзіца сама сябе абароніць. І на тую пару абараніла.

Крашэўскі як антыпрарок

Паэт-пчаляр Мікола Папека, які жыве непадалёку, не падзяляе веры ў цуды. “Доказы – вось яны, на полі!” Перакладаючы паэму Крашэўскага “Сялянка”, ён прыйшоў да высновы, што аўтар аказаўся антыпрарокам:

Крашэўскаму ў страшным сне не снілася, што можа здарыцца такое. У паэме ён шмат піша пра пахаванні людзей. Спачувае беднякам, якія ляжаць цесна, галава да галавы, чэрап да чэрапа. Ганарыцца тым, што ў яго ёсць свая зямля, свой склеп, што ў гэтым склепе вельмі добра будзе ляжаць, прасторна… Амаль праз 200 гадоў пасля яго нараджэння адзін са склепаў, дзе былі пахаваныя двое блізкіх яго родзічаў, сцёрты з твару зямлі, а цэглы і рэшткі трунаў расцяганыя па полі.

Іншыя аб’екты спадчыны Крашэўскіх

Краязнаўцы паказалі таксама занядбаную “першую ў Беларусі мураваную вясковую царкву” каля вёскі Стары Куплін, дзе быў яшчэ адзін маёнтак Крашэўскіх. І гэты помнік, і званніца побач у стадыі незваротнага разбурэння

Краязнавец Мікалай Ваўчок: пан Крашэўскі плаціў сялянам за кожны камень у падмурак.

Непадалёку знаходзіцца руіна мураванага амбара 19-га стагоддзя з рэдкаснымі скляпеннямі. Яшчэ нядаўна ён быў цэлы. Мясцовыя марадзёры сцягнулі дах, часткова разабралі сцены.

Царква і званніца ў Старым Купліне.

Чырвоная цэгла пачала разбурацца. Чаму не ўзялі той цэглы на закінутай ферме непадалёку? – не можа зразумець Мікола Папека.

На пляцы перад сядзібай у Доўгім зрабілі пясчаны кар’ер для падсыпкі дарог, кажа Мікола Ваўчок. Быццам месца другога не было. Цяпер там вялізная яма, куды звальваюць смецце. Вады ў ёй больш, чым у старых сажалках маёнтка побач, дзе пасяліліся бабры.

“Вось гэты бугор, зарослы дрэвамі – гэта таксама падмурак капліцы маёнтка ў Старым Купліне. Але фермер Тарасевіч не схацеў заворваць гэты востраў, як тыя “калектыўныя гаспадары” каля Доўгага”, – кажа Мікола Папека.

Высновы

Вокладка кніг “Конспекты по Ю.И. Крашевскому” і і пасляслоўе.

У кнізе “Конспекты по И.Ю. Крашевскому”, афіцыйным выданні да 200-годдзя з дня народзінаў вялікага земляка, дырэктар Пружанскага музея “Палацык” Юрый Зялевіч выказвае спадзяванне, што на месцы руінаў дома ў Доўгім паўстане “белы домік пад гонтавым дахам, з таполямі перад фасадам – музей Юзафа Крашэўскага”.

Спадар Зялевіч напэўна антыпрарок. Нават тое, што ёсць, знішчаецца дазвання.

Галіна Канцовік
Брэст – Пружаны

Крыніца: Беларускія рэгіянальныя навіны

Даведка: Юзаф Ігнацый Крашэўскі (28.07.1812 – 19.03.1887). Паэт, гісторык, выдавец. Нарадзіўся ў Варшаве, дзяцінства правёў у вёсцы Доўгае ля Пружан. Памёр у Швейцарыі, пахаваны ў Кракаве. Нашчадак беларускага шляхецкага роду. Найбольш пладавіты пісьменнік польскай літаратуры. Многія з яго больш за 600 кніг прысвечаныя Вялікаму Княству Літоўскаму. Вучыўся, у тым ліку, у Свіслацкай гімназіі. За ўдзел у паўстанні 1830 – 1831 года сядзеў у Віленскай турме. Пасля 1863 года жыў у Дрэздэне. Быў зняволены прусакамі за выданне вольналюбівай газеты і высланы ў Швейцарыю.

Рассказать друзьям

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в Одноклассники
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Яндекс

4 комментария »

  • Сяргей Хмара пишет:

    А на фота зусім не Мікалай Ваўчок, а Мікола Волчык з Зеляневічаў, настаўнік гісторыі і добры чалавек.

  • Yauhen Byalyasin пишет:

    Гарачы матэрыяльчык!
    Дзікунства, што казаць!
    Можна нават напісаць в ААН, альбо Хельсінскі камітэт, і што!
    Прыедуць чынушы з выканкаму і зладзяць супермемарыял Крашэўскаму — відавочна, што такога нябудзе, як бы громка пра гэта не пісалі.
    А вось, што ты зрабіў, каб гэтага не было
    — паплявузгаў брыдкаслоў’ем на ўладу — абрыдла ўжо нат пра яе чуць,
    -знайшоў яшчэ гарачанькую каровіну ляпёшку-сэнсацыю — адстой урыны!
    Што зрабілі:
    Прыехалі і прыбралі рэшткі магільнага склепу — не!
    Абкасілі муры фундаменту сядзібы — не!
    Закапалі кар’ер, выбралі смецце, паставілі інфармацыйную шыльду-крыж
    — не! не! не!
    Вось! Так усё і робіцца з-за плоту, па-сабачы!

  • анікей пишет:

    Дык прапанаваў бы першы, калі так перажываеш, yauhen ты з Месяца. Сродкі, дазвол ад калгаснікаў на выкарыстаньне зямлі пад крыж, дазвол з Мінкульта на памятны знак…

  • Міла пишет:

    Сумняваюся, што нашых продкаў хавалі ў цынкавых трунах — гэта ж вам не «груз 200» з Афганістана. «Шлыкоўскі» — гэта, можа, меўся на ўвазе сваяк па прозвішчу Швыкоўскі? Наконт «медальёна пані Крашэўскай» таксама адольваюць сумненні. Тут беспамылкова патлумачылі б брэсцкія музейшчыкі, што ў іх захоўваецца. Здаецца, то было не жаночае упрыгожанне, а мемарыяльная медаль да юбілея пісьменніка. Вось вам, панове, і уся цана «гарачага матэрыяльчыка».

Реклама от RedTram