Главная » BY, Минская, Общество, Политика

Зінаіда Цімошак пакарана адміністратыўным штрафам у 20 базавых велічынь за абразу дэпутатаў

27 ноября 2011 Один комментарий

Суд Слуцкага раёна 25 лістапада 2011 разгледзеў справу аб абразе дэпутатаў. Зінаіда Цімошак была прызнана вінаватай у арганізацыі выставы 23 лапат з імёнамі дэпутатаў, на гарадскіх могілках падчас грамадскага суботніка 1 кастрычніка 2011 г.

Дэпутаты, якія з’явіліся ў суд у якасці пацярпелых, запатрабавалі наказаць актывістку за тое, што яна вырабіла з гаспадарчых лапат крыжы, размясціла на іх таблічкі з імёнамі дэпутатаў і абразіла гонар і годнасць у зняважлівай форме. Пры гэтым пацярпеўшыя не змаглі прадставіць у суд ніякіх доказаў асабістай віны Зінаіды Цімошак у размяшчэнні лапат. Ніхто з іх не бачыў, як яна гэта рабіла. Абвінавачанне заключалася ў тым, што Зінаіда Цімошак з’яўлялася арганізатаркай мерапрыемства і павінна адказваць за ўсё, што адбывалася на гарадскіх могілках пад час суботніка.

Судовая зала была поўнасцю запоўнена людзьмі, якія прыйшлі падтрымаць грамадскую актывістку.

Судовая зала была поўнасцю запоўнена людзьмі. - Фота: Беларускія рэгіянальныя навіны

Зінаіда Цімошак заявіла ў судзе, што яна не ставіла ніякіх крыжоў:

— Любы нармальны чалавек разумее, што запрасіць 23 дэпутатаў, кіраўніцтва ЖКГ на суботнік і выставіць лапаты ў выглядзе крыжоў — гэта значыць завесці на сябе судовую справу. Я не з’яўляюся такім самазабойцам. Ды і навошта мне змагацца за добраўпарадкаванне могілак такім недарэчным спосабам? У мяне іншая методыка. Запрасіўшы дэпутатаў на суботнік кожнага паасобку, мне хацелася, каб яны вучыліся адказваць на звароты грамадзянаў у адпаведнасці з заканадаўствам, чаго яны не робяць. Уся мая віна заключаецца ў тым, што я хацела прыцягнуць увагу грамадскасці да становішча занядбаных могілак, праявіла асабістую ініцыятыву і сумленна папрацавала са сваімі сябрамі на суботніку.

Анатоль Болазь, удзельнік суботніка і сведка пад час судовага працэсу, лічыць несправядлівым вынясенне прысуду Зінаідзе Цімошак:

— Чалавека пакаралі за добрую справу безпадстаўна. Сведка Петрушэнка М. С., Дамарад М. заявілі ў судзе, што лапаты з імяннымі таблічкамі на могілках размясцілі Валерый Шчукін са сваімі сябрамі. Яны тры гадзіны прастаялі каля гэтых лапат, адзін міліцыянер ледзь не пабіўся з Валерам Шчукіным. Аб’ява пра суботнік была змешчана на сайце газеты «Кур’ер-інфа». Цімошак не павінна адказваць за ўчынкі ўсіх, хто прыйшоў ці прыехаў. Ніякіх папер па адказнасці за суботнік яна не падпісвала. За парадак павінны адказваць міліцыянеры, якіх было мноства. Да таго ж яна пісьмова звярталася да старшыні раённага Савета дэпутатаў і ЖКГ з просьбай дапамагчы ў арганізацыі суботніка. Дзіўна, што міліцыянты, якія мелі прэтэнзіі да лапат, не склалі пратаколаў на іх гаспадара, які актыўна бараніў сваю маёмасць. Увесь гэты час Зінаіда Цімошак знаходзілася ў другім канцы могілак, шчыра працавала і не цікавілася падзеямі, якія разгортваліся каля лапат. Трактарыст з ЖКГ пасля паехаў на людзей і патрушчыў лапаты. За гэты ўчынак ён пакараны штрафам. Выходзіць, Цімошак павінна несці адказнасць і за ўчынак трактарыста?

Дарэчы, В. Шчукін яшчэ 7 кастрычніка сам звярнуўся ў суд Слуцкага раёна з заявай на трактарыста, у якой прызнаў, што лапаты — гэта яго маёмасць і просіць спагнаць з трактарыста на яго карысць кошт паламаных лапат і сплаціць маральныя выдаткі. На хадайніцтва З. Цімошак вызваць Валерыя Шчукіна ў суд суддзя адрэагавала адказам, як і на ўсе іншыя хадайніцтвы.

Адвакат Фрунзенскай юрыдычнай кансультацыі г. Мінска Алена Шостак адзначыла мноства недарэчнасцяў і парушэнняў заканадаўства ў матэрыялах судовай справы, падрыхтаванай Слуцкім РАУС:

— Пратакол агляду месца здарэння падпісаны адным супрацоўнікам міліцыі — без сведкаў і панятых: сам сабе агледзеў, сам і напісаў. На многіх лістах справы адсутнічаюць нумары. Пратаколы не запоўнены належным чынам, у іх адсутнічаюць прозвішчы пацярпеўшых. Копіі пратаколаў, якія атрымала сама Цімошак, не адпавядаюць патрабаванням заканадаўства. Заява пацярпеўшага Бондарава ўвогуле не зарэгістравана. Магчыма, пратакол складзены да таго, як напісана сама заява. У пратаколе апытання адсутнічае дата правядзення апытання. Справа заводзілася як справа аб канфлікце, а не аб абразе.

Праверку адміністратыўнай справы праводзіў Шклярэўскі Д. М., начальнік ААПП РАУС, які праходзіць па справе як пацярпеўшы дэпутат.

Па выснове, зробленай адвакатам, у справе няма ніводнага факта, які б даказаў віну Цімошак у размяшчэнні лапат. Адвакат прасіла спыніць адміністратыўную справу. Аднак, суддзя вынесла рашэнне аб пакаранні Цімошак Зінаіды штрафам у памеры 20 базавых велічынь за адміністратыўнае парушэнне па артыкулу 9.3 КоАП, які прадугледжвае штраф ад 4 да 20 базавых велічынь.

Эксперты адзначаюць у матэрыялах судовай справы мноства недарэчнасцяў і парушэнняў заканадаўства. - Фота: Беларускія рэгіянальныя навіны

Крыніца: Беларускія рэгіянальныя навіны

Рассказать друзьям

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в Одноклассники
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Яндекс

Один комментарий »

  • Анатолий пишет:

    Мы с тобой ЗИНАИДА!!!

Реклама от RedTram