Главная » BY, Гомельская, Общество

На сходзе ў Светлагорску жыхары выказаліся супраць завода беленай цэлюлозы

25 января 2012 2 комментария

Жыхары Светлагорска сур’ёзна занепакоены планамі будаўніцтва ў горадзе завода беленай цэлюлозы. На сходзе жыхароў, які прайшоў 23 студзеня, прадстаўнікі ўладаў не паставілі на галасаванне прапановы, якія паступілі ад удзельнікаў сходу. Аднак настрой сходу быў зразумелы і без галасавання.

Перад пачаткам сходу. Фота: Беларускія рэгіянальныя навіны

Завод магутнасцю 400 тыс. тон у год плануе пабудаваць канцэрн “Беллесбумпрам”. Хоць новае прадпрыемства тэхналагічна можа быць створана ў любым месцы краіны, пляцоўка ў Светлагорску з’яўляецца найбольш таннай: тут ёсць спецыялісты і камунікацыі. Заказчыкам будаўніцтва даручана быць Светлагорскаму цэлюлозна-кардоннаму камбінату. Будаўніцтва прадугледжана весці пад кітайскі крэдыт і па кітайскаму праекту.

Паводле Орхускай экалагічнай канвенцыі, якую падпісала і Беларусь, падобныя праекты павінны абмяркоўвацца з мясцовым насельніцтвам. Таму 23 студзеня па ініцыятыве жыхароў Светлагорска і прыгараднай вёскі Якімава Слабада прайшоў сход па абмеркаванню магчымага будаўніцтва завода.

Асноўная небяспека новай вытворчасці для гораду – хлор. Напярэдадні сходу начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Анатоль Сакалоўскі (хімік-тэхнолаг цэлюлознай вытворчасці па кваліфікацыі) у інтэрвію мясцовай газеце “Ранак-плюс” адзначыў: “Маё асабістае меркаванне – гэта не лепшае для горада прадпрыемства, яно будзе значна пагаршаць экалагічную абстаноўку”. Гаворачы аб магчымай небяспецы, А. Сакалоўскі патлумачыў:

“Кажуць, што хлор тут будзе звязаны, бясшкодны, але хлор ёсць хлор: гэтае рэчыва вельмі небяспечнае, яно мае ўласцівасць назапашвацца ў арганізме чалавека. Я не вельмі веру, што ён не будзе паступаць у атмасферу. Думаю, што ўплыў хлора на арганізмы людзей і на навакольны асяродак будзе вельмі сур’ёзным. Калі ў 90-х гадах па заходніх тэхналогіях быў пабудаваны ў Жлобіне Беларускі металургічны завод, гэта было бясшкоднае, абсалютна экалагічна чыстае прадпрыемства. Сёння, праязджаючы каля БМЗ, мы бачым клубы выкідаў у атмасферу, над горадам вісіць смог, які часам бачна нават са Светлагорска. Відаць, тая тэхналогія забыта, і ўжо прымяняецца, напэўна, штосці нашае. Мы непакоімся, што тое самае можа здарыцца і з цэлюлознай вытворчасцю.”

На сходзе прысутнічала больш за 200 чалавек, таму яго давялося перавесці з малай залы гарадскога цэнтра культуры ў вялікую. Мерапрыемства доўжылася больш за 3 гадзіны, а вялі яго намеснікі старшыні райвыканкама Сяргей Мяркулаў і Уладзімір Таплёнкін.

Перад прысутнымі выступілі загадчык сектара аналітычных даследаванняў Беларускага навукова-даследчага цэнтра “Экалогія” Аляксандр Дземідаў (які складаў справаздачу аб ўздзеянні плануемага завода на навакольнае асяроддзе) і галоўны інжынер Светлагорскага ЦКК Міхаіл Таранскі. На іх меркаванне, негатыўнае ўздзеянне новага заводу “будзе незначным”.

Затым пачалося ўласна абмеркаванне. Амаль усе выступіўшыя з ліку мясцовых жыхароў выказаліся цалкам адмоўна наконт прадстаўленага праекту. І зразумела, чаму: на цяперашні час Светлагорск ужо ўваходзіць у дзесятку самых экалагічна забруджаных гарадоў Беларусі і ў пяцёрку такіх гарадоў па Гомельскай вобласці. Нават па дадзеных той самай справаздачы, што падрыхтаваў цэнтр “Экалогія”, гранічна дапушчальныя канцэнтрацыі па серавадароду перавышаюцца да 2,4 разоў, па серавугляроду – да 4,9 разоў, па іншых сумарных паказчыках (аміяк, дзініл, дыяксід серы, фармальдэгід) – да 2,8 разоў.

Прадпрымальнік Анатоль Змітровіч прапанаваў стварыць грамадскую камісію па праблеме мяркуемага будаўніцтва. З боку жыхароў была выказана і такая прапанова: паставіць на галасаванне рэзалюцыю аб тым, што з улікам існуючай экалагічнай сітуацыі ў горадзе будаўніцтва завода беленай цэлюлозы тут немэтазгодна. Гэта прапанова была падтрымана абсалютнай большасцю – на пытанне вядучых аб тым, ці ставіць яе на галасаванне, ў зале было толькі 4 чалавекі супраць.

Хоць прысутная на сходзе кіраўнік Орхускага цэнтра Рэспублікі Беларусь Вольга Захарава патлумачыла, што галасаванне магчымае і нават карыснае, вядучыя сходу на працягу 30 хвілін пераконвалі ўсіх адкласці гэта на потым. Зрэшты, да мікрафону ў чарговы раз выйшаў А. Змітровіч і выказаўся за тое, каб быў праведзены іншы сход, на якім былі б створаны ўмовы для галасавання па прапановах жыхароў. Людзі падняліся і пакінулі залю, з-за чаго мерапрыемства нават не было абвешчана закрытым.

Крыніца: Беларускія рэгіянальныя навіны

Рассказать друзьям

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в Одноклассники
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Яндекс

2 комментария »

  • Вадзім Болбас. пишет:

    Быў і выступаў на сходзе.Катэгарычна супраць будаўніцтва. Хімік з доўгім стажам працы на Светлагорскім ВА «Хімвалакно» Усю шкоднасьць такіх вытворчасьцей ведаю знутры.
    З павагай, Вадзім.

  • Вадзім Болбас. пишет:

    Катэгарычна супраць!

Реклама от RedTram