Главная » BY, Культура, Минская

Гуканне вясны ў Вязынцы

26 марта 2012 Комментариев нет

У Купалаўскім мемарыяльным запаведніку “Вязынка”, філіяле літаратурнага музея Янкі Купалы (Мінскі раён), адбылося “Гуканне вясны”. Ужо другі год запар музей ладзіць гэтае свята сумесна са студэнцкім таварыствам Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

Вясну, як і яе спадарожнікаў — птушак — заўжды чакалі з нецярпеннем і хваляваннем. У даўніну быў звычай клікаць, гукаць вясну. Зазвычай, дзяўчаты збіраліся на якім-небудзь узвышаным месцы за сялом, альбо на беразе ракі. І, рассцяліўшы салому, сядалі побач, стварыўшы кола, спявалі песні-вяснянкі з абавязковым працяглым распевам – “гуканнем”. Працягвалася гэтае дзейства ад апоўдні да цёмнай ночы. А жанчыны выпякалі з цеста фігуркі ў форме птушак, раздавалі дзецям, тыя падкідвалі іх у неба з воклічамі: “Жаўрукі прыляцелі!” Менавіта гэтыя палявыя птушачкі ў славян лічыліся веснікамі вясны.

Падрыхтоўчыя моманты да свята ў Вязынцы распачаліся яшчэ ў адзінаццаць гадзін раніцы. Сябры студэнцкага этнаграфічнага таварыства ўпрыгожвалі дрэвы рознакаляровымі папяровымі птушкамі. Рамеснікі, якія з’ехаліся з розных абласцей Беларусі, раскладвалі свае вырабы: пацеркі, завушніцы, паясы, фібулы, вышытыя рушнікі, глякі, збаны ды іншыя цікавыя вырабы. Народны майстар Беларусі – Наталля Русіян з Магілёва прывезла керамічныя акарыны, птушачак, конікаў у якія можна гукаць вясну. Таксама Наталля прывезла нацыянальных цмокаў. Іх адметнасць у тым, што яны трымаюць у лапках “Пагоню”. За гэта гліняныя фігуркі і сталі прадметам асаблівай увагі. У Магілёве на выставе рамеснікаў, майстар трымала такіх цмокаў пад сталом, бо іх забаранілі выстаўляць на продаж. Бліжэй да дванаццаці гадзін распачаліся забаўляльныя мерапрыемствы: традыцыйныя спевы, народныя танцы пад дуду, веснавыя карагоды. Гралі і спявалі гурты “Княжыч”, “Варган”, “Квецень”, “Горынь”, “Guda”, “Кудмень”, “Dainava”. Была арганізавана кухня пад адкрытым небам. Частавалі блінамі з мёдам ды маслам, гарбатай, выпечкай. Надвор’е выдалася надзіва сонечным і цёплым. Але ж пасядзелкі ля вогнішча ніхто не адмяняў! Пасля абеду ўдзельнікі свята ўмоўна падзяліліся на групы. Хтосьці застаўся на ўзгорку вадзіць карагоды, а хтосьці пайшоў з тэрмасамі да ракі – піць гарбату ды клікаць вясну. Дзяўчаты забаўляліся гойданнем на арэлях, запляталі адна адной коскі.

Для арганізатараў стала прыемнай нечаканасцю колькасць удзельнікаў народнага свята. У параўнанні з мінулым годам, іх нашмат болей. Мінчук Валерый Хаданёнак, які прыехаў са сваёй сям’ёй у Вязынку, падзяліўся ўражаннямі: “Будзе добра, калі традыцыя святкавання народных абрадаў і звычаяў адродзіцца, каб новае пакаленне беларусаў ведала пра іх не толькі са словаў бацькоў і бабуль”.

Крыніца: Беларускія рэгіянальныя навіны

Рассказать друзьям

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в Одноклассники
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Яндекс

Извините, комментирование закрыто.

Реклама от RedTram