Главная » BY, Гомельская, Культура

Фотавыстава нямецкага фатографа ў Гомелі

29 марта 2012 Комментариев нет

У гомельскім Палацы Румянцавых і Паскевічаў з 30 сакавіка па 15 красавіка адбудзецца выстава нямецкага фатографа Герыта Энгеля “Берлін. Фотаздымкі”, якая ладзіцца пры падтрымцы Інстытута імя Гётэ ў Мінску.

Герыт Энгель “Берлін. Фотаздымкі”

З мастацкімі работамі фатографа беларусы будуць знаёміцца ўпершыню. Герыт Энгель прывёз 42 фотаздымкі, зробленыя ім падчас працы над аднайменным альбомам, які быў выдадзены ў Германіі ў 2006 годзе. Але вядомасць фатографа пачалася раней, з фотапраекта “Manhattan. New York”.

Гэрыт Энгель нарадзіўся ў 1965 годзе ў нямецкім горадзе Эсэне. Навучаўся па спецыяльнасцях архітэктура і фатаграфія. Жыве і працуе ў Берліне. Фатограф здымае фасады цэркваў і палацаў, музеяў і тэатраў, вілаў і заможных дамоў, школ, магазінаў і амбасадаў. Глядзіш на фота і ўзнікае ўражанне, быццам бы Герыт Энгель стварае строга храналагічны даведнік па гісторыі архітэктуры, у якім няма месца суб’ектыўным ацэнкам і забабонам. Фатограф нібыта пазбягае недакладнасці і адначасова захоўвае дыстанцыю. Умела перадае дух часу, якім жывуць архітэктурныя збудаванні, некаторыя з якіх ужо паспелі стаць помнікі адпаведнай культуры. Так, храналагічны парадак дазваляе прасачыць архітэктурную гісторыю Берліна ад пачатку трынаццатага стагоддзя (царква святога Мікалая, 1230 год) да дваццаць першага стагоддзя (галерыя Хінтэрдэм Гісхаўс, 2008 год, праект Дэвіда Чыперфільда). Архітэктурныя будынкі, сфатаграфаваныя Герытам Энгелем, падаюцца сумнымі. Гарадскія збудаванні нагадваюць партрэты, у якіх можна ўгледзець настрой не толькі асобнага месца, паказанага на фотаздымку, але і ўсяго горада. З такой любоўю можна фатаграфаваць хіба толькі людзей. Берлін, як і кожная сталіца, мае дынамічнасць гарадскога жыцця. Кадры, якія робіць фатограф, вырываюцца з гэтага пастаяннага руху, Герыт Энгель акцэнтуе сваю ўвагу на цэгле і шкле, бетоне і метале; мастак паказвае нязменнае: трываласць і стойкасць архітэктуры. Яна – від мастацтва, таму жыве па сваіх уласных законах існавання. Неба над Берлінам. Здаецца, яно не змянілася з часоў вялікага рэжысёра ўсіх часоў і народаў Віма Вендэрса, які зняў фільм пра анёлаў, якія лунаюць над Берлінам. Свае бачанне горада паказаў нам і Герыт Энгель. Але неба. Яно такім і засталося: светла-шэрага колеру, разбаўленае някідкімі хмарамі. Неба над Берлінам здаецца матавай грунтоўкай на палатне карціны, але мастак дадаў яму колеру, асвяціўшы стужку. Герыт – мастак-партрэціст. Толькі ён здымае не людскія твары — архітэктурныя пабудовы. Калі чалавек разглядаецца ў кантэксце прасторы, то будынкі на фотаздымках існуюць ізалявана, як самастойныя помнікі. Напэўна, праз такі прыём мастак паказвае нам існасць, якая раскрываецца перад гледачом, паказваючы асобных людзей і грамадства цалкам. Герыта Энгеля можна лічыць выбітным мастаком толькі за тое, што праз фотамастацтва ён дакументуе ўласнае бачанне месцаў, непадкупна навуковае бачанне.

Урачыстае адкрыццё выставы адбудзецца 29 сакавіка ў 16.00

Крыніца: Беларускія рэгіянальныя навіны

Рассказать друзьям

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в Одноклассники
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Яндекс

Извините, комментирование закрыто.

Реклама от RedTram