Главная » BY, Гродненская, Культура

Прэзентацыя кнігі пра Наталлю Арсенневу ў Гродне

21 ноября 2013 Комментариев нет

22 лістапада ў Гродне ў галерэі «Крыга» (вул. Савецкая, д. 3–11) даследчыца Ала Петрушкевіч прэзентуе сваю кнігу, прысвечаную творчасці Наталлі Арсенневай. Пачатак у 18.00. Уваход вольны

  Наталля Арсеннева (Кушаль; 20 верасня 1903, Баку — 25 ліпеня 1997, Рочэстэр, Нью-Ёрк, ЗША) — беларуская паэтэса, перакладчыца . Наталля Кушаль нарадзілася ў сям’і начальніка Бакінскай мытнай акругі і былой настаўніцы ў Баку. Хутка пасля яе нараджэння сям’я пераехала ў Вільню. Падчас 1-ай сусветнай вайны (1914) сям’я Арсенневых жыла ў бежанстве ў Яраслаўлі, дзе будучая паэтэса напісала свой першы верш на рускай мове. У 1920 сям’я вярнулася ў Вільню, там Наталля Арсеннева скончыла Віленскую беларускую гімназію, паступіла ва ўніверсітэт. На яе паэтычныя здольнасці звярнуў увагу М. Гарэцкі. У 1922 Наталля Арсеннева выйшла за Францішка Кушаля, якога, як афіцэра польскага войска, накіравалі служыць у заходні рэгіён Польшчы. Пасля верасня 1939 Наталля Арсеннева жыла ў Вілейцы, працавала ў абласной «Сялянскай газеце». У красавіку 1940 як жонка палоннага польскага афіцэра была выслана з сынамі ў Казахстан. У маі 1941 вярнулася з ссылкі ў Мінск, дзякуючы заступніцтву між іншых Янкі Купалы. Тут яе напаткала вайна. У акупіраваным Мінску супрацоўнічала з «Беларускай газетай». Напісала некалькі лібрэта да опер, займалася перакладамі. У 1944 эмігравала ў Германію, актыўна ўдзельнічала ў культурнай і асветніцкай дзейнасці ў лагерах ДП, была выкладчыцай у Беларускай гімназіі імя Я. Купалы, з 1949 жыла ў ЗША. Працавала ў эмігранцкай беларускай газеце «Беларус», на радыё «Свабода», у Беларускім інстытуце навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку. У 1970-80-я г. адышла ад актыўнага ўдзелу ў палітычным жыцці беларускай эміграцыі.Друкуецца з 1920. Яе талент заўважыў і падтрымаў М. Гарэцкі.

Ранняя лірыка, якую яна змяшчала ў перыядычных выданнях Заходняй Беларусі, пераважна прыродаапісальная, інтымная. Яна імкнулася перадаць імгненныя ўражанні, пачуцці, адлюстраваць зменлівы стан душы, плынь унутранага быцця.

Вершы, створаныя ў акупаваным Мінску, склалі зборнік «Сягоння» (1944). Талент паэтэсы раскрыўся ў бок філасофскага, гуманістычнага асэнсавання гістарычных падзей, узмацніліся грамадзянскія, трагічна-афарбаваня ноты. Вайна ўспрымаецца ёю як вялікая трагедыя еўрапейскіх народаў. Зруйнаваны, пакрыты папялішчамі свет выклікаў адчай і адчуванне ўласнага бяссілля: «За ўсё гэта, за ўсё — не наплачацца нават паэт». У ваенных вершах Н. Арсеннева не імкнулася быць суддзёй падззей, не падзяляла ўдзельнікаў вайны на «сваіх і чужых», ёй аднолькава шкада ўсіх загінуўшых — як сына Дняпра, так і сына Рэйна. Яна абрала пазіцыю нейкага «надсусветнага» назіральніка.[1] Скразны матыў ваеннай лірыкі — матыў непасільнасці выказаць і аб’яднаць смуткам і тугою аднаго чалавек, нават калі ён паэт, сусветны смутак і жаль, што апанаваў чалавецтва, кінутае ў вір вайны. Побач з тэмай «жыцця… ў жалобнай раме», асуджэння вайны, смутку сярод руін і ахвяр, у творах моцна гучала нацыянальна-паірыятычная тэма Бацькаўшчыны (вершы «Песня каліноўцаў», «Жыве Беларусь», «Малітва», «Прысяга», «Краіне», «Зняволены сцягам»), сцвярджалася ідэя вольнасці і моцы Беларусі, выказвалася вера ў той момант, калі Беларусь акрыяе ў змаганні і плён яе ніў будуць збіраць не чужынцы.

Напісала лібрэта да опер М. Шчаглова «Лясное возера», «Усяслаў Чарадзей» і аперэты «3 выраю». Пераклала на беларускую мову некалькі п’ес, якія ставіліся ў менскім гарадскім тэатры, сярод іх «Затонуты звон» Г. Гаўптмана, «Вяселле Фігаро» і «Чарадзейная жалейка» В. А. Моцарта, «Кармэн» Ж. Бізэ і «Цыганскі барон» Ё. Штраўса. Супрацоўнічала з А. Кецкам у падрыхтоўцы зборніка «Эвангельскі хрысьціянскі сьпеўнік».

У творчасці эміграцыйнага перыяду нацыянальныя і гісторыка-патрыятычныя матывы паглыбіліся, набылі настальгічную афарбоўку. Пастаяннай прыхільнасцю паэтэсы карыстаецца беларуская нацыянальная сімволіка (цыклы вершаў «Не астыць нам», «Брамы», «На ростанях»). Асобныя творы прысвечаны Ф. Скарыну («У гасподзе Падуанскай»), дню абвяшчэння незалежнасці Беларусі («25 сакавіка», «Ён граць не сціхне»), Слуцкаму паўстанню («На Слуцкія ўгодкі», «Косы», «Сыны і маці»). Само імя Беларусі для паэтэсы, аддзеленай ад Бацькаўшчыны не толькі геаграфічнай, але і палітычнай адлегласцю становіцца «пякучым сымболем болю», аднак толькі з ім яна адчувае сябе нястрачаным чалавекам.

З сярэдзіны 1980-х г. яе творы зноў робяцца вядомымі і папулярнымі на радзіме. Аўтар вядомага сярод Беларусаў гімна «Магутны божа»

 

Фота беларускай паэткі Натальлі Арсеньневай са зборніка вершаў "Пад сінім небам". Вільня. 1927.

Фота беларускай паэткі Натальлі Арсеньневай са зборніка вершаў «Пад сінім небам». Вільня. 1927

Падрыхтавана па матэрыялах  Саюзу Беларускіх Пісменнікаў

Рассказать друзьям

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в Одноклассники
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Яндекс

Извините, комментирование закрыто.

Реклама от RedTram