«Хімвалакно» пазбаўляецца ад непрададзеных спартыўных касцюмаў
Кіраўніцтва прадпрыемства вырашыла аддаць «лішнія» касцюмы ў дзіцячыя дамы – маўляў, там згадзіцца і неліквідны тавар.
Мясцовыя журналісты ўпарта шукалі дзіцячы дом, у які паступіла такая партыя спартыўных касцюмаў вытворчасці светлагорскага аб’яднання. Але ўрэшце высветлілася, што такога дзіцячага дома няма, а ёсць шмат дзіцячых дамоў, практычна ў кожнай вобласці, і паўсюль паступіла такая «гуманітарная дапамога».
«Хімвалакно» настолькі затаварылася сваёй прадукцыяй, што «затрашчалі» сцены складоў. Тады і быў вынайдзены гэты няхітры спосаб вызваліць памяшканні. Сума «падарунку» вылілася ў 1 мільярд 700 мільёнаў рублёў.
Цяжка сказаць, ці спадабаліся падараваныя касцюмы выхаванцам дзіцячых дамоў. Хоць, калі яны бачылі іншыя мадэлі (тыя ж кітайскія), то параўнаньне будзе нярадасным…
Але хвалюе іншае. Куды пойдзе прадукцыя, якую працягваюць выпускаць светлагорскія хімікі, і хто будзе аплочваць затраты на яе вытворчасьць? Склады ж зноўку не гумовыя…
Сцяпан Крушына