Ідэалогія ў царкве, краме ды выканкаме
Улетку вяскоўцы амаль не маюць часу, каб глядзець тэлевізар. Ці не таму Лепельскі райвыканкам вынайшаў новы сродак, каб запоўніць інфармацыйна-ідэалягічны вакуўм – размясціў у краме, амбулаторыі і нават царкве стэнды «Сельвыканакам інфармуе».
Пра што інфармуюць вяскоўцаў
Інфармацыйныя стэнды ўжо з’явіліся ў краме вёскі Бароўна, у Доме сацыяльных паслуг вёскі Зарніца, у Заслонаўскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі і нават у праваслаўнай царкве ў Горскім сельсавеце Лепельскага раёна.
Тут можна знайсці інфармацыю пра тое, якія рашэнні прымаюць мясцовыя ўлады, і як яны выконваюцца, колькі каштуе падатак на зямлю і літр малака. Тамсама размешчаны звесткі пра тое, калі прымаюць па асабістых справах старшыні райвыканкама і сельсавета, і як працуюць прадпрыемствы службы быту. Але стварэнне стэндаў – гэта яшчэ далёка не ўсе інфармацыйна-ідэалагічныя абавязкі, ускладзеныя на мясцовыя аб’екты сацкультбыту.
Па таблетку ды газетку
У Заслонаўскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі вядзецца яшчэ і падпіска раённай газеты. Вяскоўцы, ашчажаючы грошы, эканомяць на падпісцы, а ў чарзе да доктара могуць і пагартаць «Лепельскі край».
А ў царкве Святога Іосіфа, якая ўжо цягам трох год дзейнічае ў Заслонаве, арганізаваны цэлы інфармацыйны куток. Мясцовы бацюшка, айцец Уладзімір, збірае і размяшчае гістарычныя звесткі пра Лепельшчыну, з якімі могуць азнаёміцца прыхажане і навучэнцы нядзельнай школкі.
У Горскім сельсавеце пайшлі яшчэ далей – арганізавалі інфармацыйную групу, якая складаецца з работнікаў сельвыканкама, участковага інспектара міліцыі, дырэктара школы і дэпутатаў. Група штомесяц прыязжае ў кожную вёску ды выступае перад «працаўнікамі палёў» у часе абедзенага перапынку – бо ў вольны час ніхто добраахвотна на такія «палітінфармацыі» не пойдзе.
Выканкамы вяртаюць забытае старое
Выступы на «палявых станах» – гэта былая і ўжо падзабытая практыка савецкіх часоў. Цяпер яна вяртаецца: да прыкладу, ідэалагічны досвед Горскага сельсавету вывучаўся ўсім Лепельскім раёнам у якасці новага падыходу да пашырэння ў масах дзяржаўнай палітыкі. Не выключана, што інфармацыйныя стэнды кшталту «Сельвыканкам інфармуе» з’явяцца і ў іншых раёнах Віцебшчыны.
І прынамсі яшчэ адна савецкая завядзёнка вяртаецца ў жыццё сённяшняе Беларусі: пасля 15-гадовага перапынку ў будынку Кастрычніцкага райвыканкаму Віцебска ўрачыста адкрылі раённую Дошку гонару з партрэтамі перадавікоў вытворчасці. Праўда, патрапілі туды пераважна кіраўнікі…